Раздзел 14
АПОШНІ БОЙ КНЯЗЯ КРЫШТАФА
Гаага — Кёнігсберг — Свядосце
(кастрычнік 1640 года — студзень 1641 года)
Вярнуўшыся ў Гаагу, Багуслаў вырашыў спаўна ўзнагародзіць сябе і сваіх людзей за ваенныя цяжкасці. Балы — прыёмы — п’яныя гулянкі з баявымі сябрамі — прыгожыя жанчыны… Такое жыццё зацягвала горш за літоўскую дрыгву. І князь, і слугі былі ад яго ў захапленні. Пра вяртанне на радзіму ніхто і не ўспамінаў, прадчуваючы вясёлую зіму ў галандскай сталіцы, хоць сам Багуслаў марыў вярнуцца ў Брусель. Але аднойчы свята скончылася: разбіраючы пошту, Радзівіл пабачыў ліст са знаёмым гербам і міжволі ўсміхнуўся, бо адрас на канверце быў выведзены ашчадным почыркам кузэна.
— Ад Януша! — радасна паведаміў ён Невяроўскаму, але, прыгледзеўшыся да паслання, збялеў, убачыўшы на жаўтлявай паперы злавесную жалобную аблямоўку.
Адчуваючы, як шалёна закалацілася сэрца, князь ірвануў пячатку, ледзь не разарваўшы ліст напалову, і ўпіўся трывожным поглядам у няроўныя радкі, напісаныя дрыготкай рукой брата. Ужо гэтыя крываватыя літары ярка сведчылі, у якім адчаі знаходзіўся іх аўтар. Але Багуслаў адмаўляўся паверыць у страшную навіну, нават калі дачытаў да канца. Толькі так збялеў, што напалоханы Ян кінуўся да яго, і на паўдарогі замер, убачыўшы, што ў шкляным поглядзе князя бліснулі слёзы.
— Што?.. — аднымі вуснамі спытаў Невяроўскі.
Багуслаў бездапаможна паварушыў вуснамі і нарэшце змог выціснуць з сябе словы, якія камянелі на языку:
— Дзядзька Крыштаф… памёр.
Заліўшы віном і слязьмі журботную вестку, пра якую ўжо наперабой пісалі еўрапейскія газеты, Багуслаў загадаў слугам, не губляючы ні хвіліны, збірацца ў дарогу: да 20 студзеня, на якое прызначылі пахавальныя ўрачыстасці, заставалася вобмаль часу. Ён не стаў слухаць асцярогі Невяроўскага, які пераконваў, што адпраўляцца ў падарожжа па восеньскай непагадзі — яшчэ большае вар’яцтва, чым спадзявацца паспець да прызначанай даты.
Капрызы надвор’я не сталі перашкодай — 1 студзеня Радзівіл са сваім початам сышоў на застыглы прускі бераг. Адварочваючы твар ад марознага ветру, які забіваў дыханне, Багуслаў з палёгкай падумаў, што канец яго падарожжа ўжо блізка. І калі Януш, як абяцаў у сваім лісце, выслаў насустрач крытыя сані, ужо заўтра можна будзе адправіцца ў Свядосце, дзе ў мясцовым храме выставілі для развітання цела нябожчыка. Багуслаў павярнуўся, каб развітацца з капітанам, які сышоў на бераг услед за ім, і ўбачыў, што той, задраўшы галаву, пільна разглядае самую высокую вежу курфюрсцкага замка, гадзіннік на якой якраз пачаў выбіваць поўдзень. Багуслаў падумаў, што той лічыць колькасць удараў, але памыліўся.
— А малады курфюрст цяпер у Кёнігсбергу, — услых падумаў капітан, паказаўшы на ўрачыста вывешаны сцяг з гербам Гагенцолернаў, побач з якім вісела чорнае палотнішча на знак жалобы па нябожчыку курфюрсту Георгу Вільгельму, які памёр месяц таму.
Гарматныя залпы, на якія горад траціўся толькі падчас знаходжання ўладальнікаў, пацвердзілі яго словы і ўнеслі некаторыя змены ў планы Радзівіла. Паклікаўшы Невяроўскага, які пільна сачыў за тым, каб усе іх рэчы трапілі на бераг, Багуслаў загадаў Яну неадкладна пайсці ў замак і папрасіць для яго аўдыенцыі ў курфюрста. Сам жа, пакінуўшы пана Аборскага са слугамі займацца рэчамі, адправіўся да дома альтштацкага бурмістра, дзе яго павінны былі чакаць людзі Януша. Чамусьці спадзяваўся ўбачыць Саковіча і крыху расчараваўся, пазнаўшы вогненна-рудую галаву пана Сасноўскага, які цэлы тыдзень нудзіўся ў горадзе, чакаючы патрона. Скарыстаўшыся ветлівай прапановай гаспадара, які запрасіў высокага госця падзяліць з ім сціплы абед, Багуслаў без лішніх цырымоній сеў за стол і за ежай ды добрай гутаркай часова забыўся пра трагічную падзею, якая прывяла яго на радзіму. Потым прыйшоў Невяроўскі з весткай, што Фрыдрых Вільгельм нецярпліва чакае прынца Радзівіла і нават прыслаў па яго сваю карэту.