Выбрать главу

Дзіўная сумесь смутку і радасці ад сустрэчы з ім, з Багуславам, так ашаламляльна выступіла на твары ашмянскага падкаморага, што ногі самі панеслі Радзівіла насустрач прыяцелю, а рукі, не слухаючы абражанага розуму, моцна абнялі.

— Я ведаў, я адчуваў, што сёння прыедзеш, — толькі і вымавіў Адам і, неахвотна расчапіўшы абдымкі, дадаў: — Ох, мон прэнс, калі б не толькі я, але і нябожчык князь-гетман мог гэтаму парадавацца!

Непадробнае гора няўрымслівага нягодніка — ці не такое ж глыбокае, як і яго ўласнае, уразіла Багуслава. Здаецца, яно ж і прымірыла Януша з прысутнасцю Саковіча, бо ён прывітаў яго куды больш прыязна, чым Ян Невяроўскі, які, убачыўшы ворага, толькі скупа кіўнуў і адышоў да труны пакланіцца нябожчыку…

Вярнуўшыся ў палац, селі да стала. Галоўнае месца, дзе звычайна сядзеў князь Крыштаф, накрылі чорнай тканінай. Такія ж знакі павагі выказваліся нябожчыку гетману ва ўсіх яго маёнтках, ва ўладаннях князя Багуслава і радзівілаўскіх сяброў ды кліентаў. Словам, у жалобу апранулася палова Літвы.

Януш сядзеў па правую руку ад пустога бацькавага крэсла, і Багуслаў толькі цяпер зразумеў, што стрыечны брат, бясспрэчна, быў першай асобай за гэтым сталом. Ад яго чакалі выбітных дзеянняў, і падобна было, што гэты Радзівіл збіраўся апраўдаць звернутыя на яго надзеі, бо амбіцый яму не бракавала. Бясспрэчна, думкі Януша кружлялі вакол вялікай гетманскай булавы, якую, як казалі радзівілаўскія інфарматары, кароль пакуль вырашыў нікому не аддаваць. І як было ўзяць у рукі гэты каштоўны для біржанскіх Радзівілаў клейнот, што ўжо некалькі пакаленняў быў у руках прадстаўнікоў іх дому? Як зрабіць гэта маладому чалавеку, які не набыў сабе вялікай славы на полі бою, не займаў дзяржаўных пасадаў, а пасля смерці бацькі яшчэ і выступаў у апазіцыі да двара? Януш уздыхнуў і адсунуў талерку — ежа яму ў горла не лезла.

Багуслаў наліў сабе ў чарку крыху віна і, павярнуўшыся да пустога крэсла, сказаў:

— За спачын яго душы… Ох, рана ты, дзядзька, на той свет пайшоў, хай бы наперад беглі тыя, хто паскорыў тваю смерць!

Княгіня Ганна з дачкой гучна ўсхліпнулі. Пан Абрахамовіч сур’ёзна перахрысціўся, а за ім і госці. Багуслаў трохі пачакаў, пакуль усе супакояцца, і звярнуўся да Януша.

— Брат, то расказвай, што адбылося. Я, вядома, распытаў дарогай пана Сасноўскага, — ён кіўнуў у бок рудавалосага здаравяка, які сядзеў за сталом побач з Саковічам, — і мне здалося, што пан Ян ці то не ведае падрабязнасцей, ці то не ўсё кажа…

— Што ты хочаш ведаць? — уздыхнуў Януш, сашчапіўшы складзеныя як для малітвы пальцы так, што тыя ажно пабялелі. — Што праклятыя папісты нас зноў за горла схапілі?

— Гэта я ўжо зразумеў. Хачу ведаць, як ім гэта ўдалося.

— Адпомсціць хацелі. За торуньскую зваду, дзе дысідэнты верх над каталікамі ўзялі; за стрэлы, якімі п’яны Пякарскі, варон страляючы, касцёл у Вільні засыпаў, людзі біскупа затым абрабавалі і спалілі дом аднаго кальвініста, яшчэ і кальвінісцкі сабор ледзьве не разбурылі…

Раз’ятрыўшы душу горкімі ўспамінамі, Януш не мог маўчаць. Ускочыў на ногі і, распалены гневам, працягнуў:

— Калі памёр пан Пржыпкоўскі, што мной з дзяцінства займаўся, бацька зладзіў яму пышнае пахаванне, на якое нябожчык, бог бачыць, заслугоўваў… Правесці нябожчыка ў апошні шлях паехалі і мы з татам. Калі праходзілі міма касцёла дамініканцаў, адтуль выбег ксёндз і, размахваючы кіямі, пачаў крычаць, што мы сваімі спевамі перашкаджаем месе. Толькі крыкнуў, аж нам на галовы пасыпаліся камяні. Мне самому мала галаву не прабіла і Камароўскага зачапіла, а ён каля бацькі стаяў! Выхапіў я шаблю і, напэўна, засек бы таго ксяндза на месцы, але ён у касцёл уцёк, а бацька на парозе стаў, крычучы, што ён як віленскі ваявода гвалту не дапусціць…

Багуслаў сціснуў пальцамі скроні, дзе ўжо пульсавала гарачая кроў.

— Нічога не скажаш, той мярзотнік добра падрыхтаваўся, — сказаў ён нібы да сябе.

— Каго ты, князь, маеш на ўвазе? — падаў голас пан Глябовіч.

— Віленскага біскупа, вядома. Ці ты думаеш, Юрый, што просты клірык без яго блаславення адважыўся б выступіць супраць віленскага ваяводы? Павукі паставілі сеткі, дзядзька трапіў у іх… І загінуў, як муха ў павуцінні…

— Ты маеш рацыю, брат, — сказаў Януш. — Віленскі біскуп імгненна падаў петыцыю, скардзячыся на абразу касцёла, але наш дарагі дзядзька Альбрэхт перакрычаў нават яго, заявіўшы, што раз і назаўсёды закрые раты ўсім ерэтыкам! А каб ты бачыў, што рабіла праклятае духавенства, каб я на сойм не патрапіў, і сябе ды нашу справу не абараніў… І ўжо на сойме паспрабавалі прыбраць мяне, матывуючы гэта тым, што не можа быць дэпутатам чалавек, на якім вісіць крымінальная справа!.. Цяжка было і дапамагчы ў абранні дэпутатамі нашых людзей, якія не чарнаротых царкоўнікаў прывыклі біць, а ворагаў у сумленным баі. Толькі пан Саковіч зрабіў немагчымае, — ён злёгку кіўнуў у бок Адама, які сядзеў побач з Багуславам, — на сойм паехаў паслом ад Вільні, як біскуп ні намагаўся гэтаму перашкодзіць… Ох, шкада, што не ставала ў Радзівілаў Саковічаў на кожнага біскупа!