Выбрать главу

— Дзякуй на добрым слове, прасветлы князь, — падзякаваў Адам.

Януш яшчэ раз уздыхнуў.

— Прысуд, брат, ты ведаеш. Наш храм загадана перанесці за межы горада, а кальвінісцкіх пастыраў пакараць смерцю. Мы, вядома, спрабавалі з каралём паразумецца, але той ляжаў, прыкаваны да ложка падаграй, а праклятыя біскупы, скарыстаўшыся гэтай хваробай і нараджэннем доўгачаканага нашчадка, атруцілі розум яго вялікасці сваімі словамі. У рэшце рэшт, храм закрылі, пастырам бацька зладзіў уцёкі і грашыма адарыў, але яго сэрца такой несправядлівасці знесці не змагло…

Сястра Януша Катарына гучна ўсхліпнула. Глябовіч пяшчотна прыціснуў жонку да сябе і маліў супакоіцца, бо яна чакала дзіця.

— Касенька, ты б ішла ўжо спаць, — сказаў Януш. — Бо на заўтра слёз не хопіць.

— Ідзі, мілая, — горача падтрымаў швагра Юрый. — Бацьку ты ўжо нічым не дапаможаш, а сабе нашкодзіць можаш.

— Хадзем, дачушка, — падтрымала іх і княгіня Ганна. — Дасць бог, мужчыны самі разбяруцца, дзе і чыя праўда.

Пажадаўшы ўсім добрай ночы, жанчыны сышлі.

— Вось не разумею я князя-канцлера, — злосна сказаў пан Абрахамовіч, правёўшы іх поглядам. — Такую разумную галаву на плячах носіць, а як толькі пра Касцёл гаворка заходзіць — розум кудысьці знікае. Раней я думаў, што перад каралём Жыгімонтам выслужваецца дзеля ўрадаў і багатых старостваў. Але калі б гэта было так, мусіў бы ўжо супакоіцца, бо займае найвышэйшую свецкую пасаду ў Літве і багаццем не абдзелены. Чаго ж яшчэ чалавеку пры жыцці трэба?

— А дзядзька думае і пасля смерці кар’еру рабіць, — буркнуў Януш і, падміргнуўшы Саковічу, які не зразумеў жарту, растлумачыў. — Вось як зробіцца святым, дык твае нашчадкі, пан Адам, на яго посную морду яшчэ маліцца будуць.

— Ды хай стараецца, — не ўтрымаўся і Багуслаў. — Наша сямейнае дрэва ўжо трымае на сваіх галінах адну каралеву, чатырох вялікіх гетманаў, пяць канцлераў, аднаго кардынала, які мог бы і Папам зрабіцца, каб польскі кароль своечасова падтрымаў… Вытрымае і святога!

Таварыскі рогат усіх прысутных быў адказам на гэтыя словы. Княгіня Катарына, якая слухала са змрочным раздражненнем, рашуча ўстала.

— Я іду спаць, — пакрыўджана сказала яна.

— Ідзі, калі наша ерэтычная балбатня не падабаецца тваім чароўным вушкам, — сказаў яе муж, але тут жа выправіўся. — Не злуйся, дарагая. Так, толькі жарты…

Відавочна, у княгіні было дрэннае пачуццё гумару: яна выйшла з пакоя, грукнуўшы дзвярыма. Госці, шматзначна пераглянуўшыся, таксама патроху пачалі разыходзіцца. У рэшце рэшт, за сталом засталіся толькі Януш з Багуславам. Багуслаў, абдумваючы ўсё, што чуў і бачыў, калупаў відэльцам страву. Яго стрыечны брат таксама занурыўся ў невясёлыя думкі.

— Калі будзеш жаніцца, брат, — нарэшце сказаў ён, — бяры жонку сваёй веры, бо ўсё роўна праз рэлігійныя згрызоты жыцця не будзе, і самае моцнае каханне згрызуць.

— Гледзячы на цябе, я ўжо думаю, што ажаніцца па каханні — гэта найбольшае на свеце глупства, — адазваўся князь. — Яшчэ любіш жонку?

— Люблю як душу, — уздыхнуў Януш і з невымоўнай злосцю дадаў: — Але як пачне свае каталіцкія песні спяваць — сваімі б рукамі задушыў!.. Без маёй згоды нябожчыка сына каталіком ахрысціла… Ці гэтыя малітвы дзіцяці здароўе дадалі? Але загубіць Ганусю я ёй не дам!

Гучны дзіцячы плач абарваў яго: у пакой зайшла жанчына з немаўлём на руках, якое аж зайшлося ад крыку.

— Княгіня распарадзілася паказаць князёўну князю Багуславу, — сказала яна, нізка пакланіўшыся.

— Выдатна!

Януш задаволена павярнуўся да кузэна і сказаў:

— Ну што, брат? Знаёмся з пляменніцай.

Нянька, падышоўшы да Багуслава, працягнула яму скрутак. Князю яшчэ не даводзілася мець справу з немаўлятамі, ён спалохана паглядзеў на дзіця і адсунуўся ўбок.

— Дык вазьміце ж, ваша міласць, — настойвала нянька, тыцкаючы яму малую. — Вось паглядзіце, якая прыгажунька.

Багуслаў падумаў, што зморшчаны і чырвоны ад доўгага плачу твар дзіцяці зусім не прыгожы, але мудра вырашыў не спрачацца. Сабраўшы ў кулак усю мужнасць, прымусіў сябе ўсміхнуцца і ўзяць «прыгажуньку» на рукі. Асцярожна паглядзеў на Януша, які ззяў бацькоўскім гонарам.