Выбрать главу

— Да цябе падобная, — сказаў ён першае, што прыйшло ў галаву.

— Да Катарыны, — упэўнена адказаў той. — Хіба што вочы мае, і лобік ну зусім радзівілаўскі. Як вырасце, напэўна, будзе прыгажуняй, а пан Корф як яе ўбачыў, дык пакляўся, што больш дзівоснага дзіцяці на свеце няма.

Багуслаў на будучыню вырашыў не мець ніякіх спраў з ашуканцам і падхалімам Корфам і ціха ўзрадаваўся, калі ў пакой зайшоў Саковіч. Ён паведаміў, што прыбыў пасол ад сяміградскага князя Ракочы, каб узяць удзел у пахавальных урачыстасцях.

— Заблукаў дарогай, ну зусім як твой маршалак, князь, за якога я сам вымушаны дакладваць аб гасцях, — паведаміў ён. — Яшчэ на ваўкоў, небарака, наткнуўся… Пытаецца, ці можа адразу выказаць спачуванні вашай княжацкай міласці, ці лепш пачакаць да раніцы.

Януш адправіўся вітаць пасла, а Багуслаў пашукаў вачыма няньку, але яна некуды знікла. Ад жаху ў яго затрэсліся калені. Адам прыкусіў да крыві костачкі пальцаў, каб стрымаць смех ад сузірання таго, як Радзівіл, на твары якога застыў нямы спалох, няўмела трымае дзіця. Але дзяўчынка, на здзіўленне, супакоілася і цікаўна вадзіла вачанятамі, разглядаючы незнаёмца. Усміхнулася яму бяззубым ратком і нешта гукнула на сваёй дзіцячай мове. Цяпер яна нагадвала маленькага анёла, і Багуслаў, міжволі любуючыся ёю, зручней паклаў Ганусю на сваіх волатаўскіх руках.

— Сапраўды, прыгожанькая! — здзіўлена сказаў ён, нечакана для сябе адчуўшы прыліў пяшчоты да маленькай пляменніцы. — Вось, паглядзі, — ён павярнуў дзіця да Саковіча, каб той змог лепш яго разгледзець.

— Прыгожанькая, — пагадзіўся Саковіч. — Вочкі так і ззяюць! Ох, чуе маё сэрца, калі вырасце, не адзін мужчына праз гэтыя вочкі галаву страціць… — і са смехам дадаў: — Гонар і слава маленькай Радзівілаўне! Каб не яна, я б ніколі не падумаў, што ты, мон прэнс, можаш так баяцца.

— І не думай, — параіў яму Радзівіл.

Калі Януш увайшоў у пакой, яго дачка ўжо мірна спала на руках у дзядзькі, які, здавалася, нядрэнна справіўся з незвычайнымі абавязкамі нянькі.

— Ну, дык той вугорац… — пачаў быў ён, але Багуслаў раздражнёна цыкнуў:

— Ціха, дзіця разбудзіш! — і асцярожна перадаў Ганусю няньцы, што зайшла следам за князем.

х х х

Калі ў доме ўсе заснулі, Багуслаў з Саковічам адасобіліся ў адведзеных князю пакоях. Радзівіл, у якога ад стомы вочы зліпаліся, загадаў паслаць Адаму ў сваёй спальні — дом быў перапоўнены гасцямі, так што на цырымоніі можна было махнуць рукой — і адаслаў пакрыўджанага гэтым рашэннем Невяроўскага начаваць у дом старосты, дзе спыніўся пан ашмянскі падкаморы.

Саковіч ззяў ад радасці, што бачыць князя побач з сабой.

— Ты назусім у родны край?

— Не, хутка назад. Я і рэчы, і сваіх людзей у Гаазе пакінуў.

Саковіч нахмурыўся.

— Тады, мон прэнс, гетманская булава рана ці позна князю Янушу дастанецца, калі наогул не пакіне радзівілаўскі дом…

Багуслаў, што ўжо зручна разваліўся на ложку, прыўзняўся на локці і ўважліва паглядзеў на прыяцеля.

— Я спадзяюся, ты мяне са стрыечным братам пасварыць не збіраешся? Бо папярэджваю, што гэтая спроба для цябе дрэнна скончыцца. А што да булавы, дык я ў Галандыю вяртаюся, каб ваенную навуку асвойваць. Паглядзім, хто большую пашану здабудзе — ці я на полі бою, ці стрыечны брат, дома седзячы.

— А як заб’юць?

— Мне французскі астролаг Кампанэла, той самы, што дафіну Людовіку XIV гараскоп складаў, сказаў, што ў баі не загіну.

— А як хлусіць? — не здаваўся Саковіч.

— Дык я яго з таго свету дастану, — са смехам адказаў князь.

Спаць яму ўжо расхацелася.

— Ну, расказвай, Адам, як ты жыў гэтыя гады? — звярнуўся ён да прыяцеля. — Дзеці ёсць?

— Сын, — горда абвясціў Саковіч. — Такі свавольнік, ну зусім як ты, мон прэнс. Я яго Багуславам і назваў…

Радзівіл засмяяўся, і заахвочаны гэтым смехам Адам прадоўжыў сваю споведзь.

— Ох, князю, як жа я сумаваў па табе! Па тваім ад’ездзе дык зусім месца сабе не знаходзіў. Што вырабляў — самому прыгадаць страшна… На суседа неяк мядзведзя з ланцуга спусціў… З Майсеевіча так пажартаваў, што небарака трохі з гэтым светам не развітаўся; з Сасноўскім на шаблях біцца збіраўся — невядома, што б з гэтага выйшла, бо бамбіза хоць і цяльпук з выгляду, але сілы страшнай! Сам нябожчык князь-гетман нас мірыў, а памірыўшы, мяне ў Прусію з гандлёвым пасольствам адправіў, каб трохі супакоіўся… Эх, што тут казаць! А як успамінаў часам нашу дурную сварку, такая злосць на сябе брала — далібог, сам бы сябе на паядынак выклікаў!