Выбрать главу

Слухаючы гэтыя прызнанні, Багуслаў выціраў слёзы — не ад замілавання, ад смеху. Але пры апошніх словах усё ж нахмурыўся.

— Добра, што ты нагадаў. Можа, распавядзеш хоць цяпер пра тое, што тады хацеў схаваць?

— Ды не хаваў я нічога. — Адам падняў рукі ўгору, нібы заклікаючы бога ў сведкі сваёй праўдзівасці. — Не мог я тады табе ўсяго расказаць, баяўся, што не зразумееш і потым мяне бачыць не захочаш.

— А цяпер?

— А цяпер… — Адам падумаў і ўздыхнуў, змірыўшыся з непазбежным. — Паспрабую, — вырашыў ён. — Ты ў баі пабываў — бачыў смерць і кроў праліваў, таму спадзяюся, што ад мяне не адвернешся.

— Ну? — падбадзёрыў яго Радзівіл.

— Значыць, слухай… Мой бацька пратэстантам быў, а маці каталічкай, і менавіта яна настаяла, каб я ў каталіцкай веры рос і ў езуітаў вучыўся. Галаву я меў добрую, але ніякага гвалту над сабой не трываў. Заеўся на мяне адзін ксёндз, што ў віленскім калегіуме лаціну чытаў, — ці то за тое, што я яму ўсю праўду ў вочы рэзаў, ці за тое, што я яго неяк у віленскім лупанарыуме ў абдымках шлёндры бачыў. Хоць у мяне яго лаціна ад зубоў адскоквала, ён мне за дробную правіннасць дзве сотні падвойных розаг усыпаць загадаў. Я пасля гэтага зваліўся ў страшную ліхаманку і цудам з таго свету вярнуўся. А калі ачуняў крыху, вырашыў аддзячыць за добрую навуку. Нагоды цэлы год чакаў, і здарылася яна менавіта тады, калі добрыя айцы студэнтаў падбухторылі на пратэстанцкую школу напасці. Падпільнаваў я таго нягодніка, як ён рабункам пратэстанцкага храма кіраваў, падкраўся… ну і…

Ён драпежна ўсміхнуўся і развёў рукамі.

— Ты забіў ксяндза? — вырачыў вочы Багуслаў.

— Засмажыў, — паправіў Саковіч. — Як свінню на вогнішчы. І вішчаў ён не горш за каляднага парсюка. Відаць, згадаў усе свае казані, у якіх заклікаў студэнтаў паліць на вогнішчах ерэтыкоў… Зрабіўшы справу, я схаваўся ў натоўпе студэнтаў калегіума, каб на мяне ніхто не падумаў. Там мяне князь Януш і ўбачыў.

— Але ў гэтым забойстве евангелікаў абвінавацілі?

— Таму, князь, я сабой не ганаруся і табе першаму цяпер пра ўсё расказаў.

Багуслаў задумаўся. На Саковіча ён злаваўся хіба за тое, што маўчаў аж столькі часу і прымусіў думаць пра сябе немаведама што.

— Усё ж такі ты бязлітасны вораг, Адаме, — адзначыў, задзьмуўшы свечку, каб нарэшце легчы спаць.

— Гэта праўда, — пагадзіўся Саковіч, таксама сядаючы на пасцелі. — Бо калі за дабро дабром трэба плаціць, дык за зло сто разоў аддзячыць варта.

Гэтая сентэнцыя была апошняй, якую чуў Багуслаў перш, чым праваліцца ў сон.

Раздзел 15

СТАРЫЯ ПАРАДКІ НА НОВЫ ЛАД

Свядосце — Слуцк — Варшава

(студзень — чэрвень 1641 года)

20 студзеня цела літоўскага гетмана выправілася ў апошні шлях да Бізуноў, дзе мела спачыць у мясцовым храме. Чацвёра вараных коней у жалобных гуньках цягнулі абабіты чорным сукном катафалк, у якім ляжала ўкрытая чырвонаю парфіраю труна. За катафалкам на любімым гетманскім кані ехаў пан Аборскі ў гетманскай вопратцы, увасабляючы нябожчыка князя — так загадваў звычай. За ім ішлі набліжаныя да нябожчыка людзі: літоўскі стражнік Грыгорый Мірскі, што нёс княжацкую мітру, Адам Саковіч з гетманскай булавой, Станіслаў Кржыжкоўскі з шабляй, Пратасевіч з дзідай, Статкевіч трымаў залаты гербавы пярсцёнак на аксамітнай падушцы і, нарэшце, ротмістр Курпскі размахваў чырвонай харугвай з гербам нябожчыка, вышытым рознакаляровым шоўкам і золатам. Далей ішло святарства і найлепшыя пеўчыя, запрошаныя з Біржаў, Кейданаў, Кёнігсберга, Вільні і Рыгі, і дружным хорам спявалі гімны, і аж тысячу дзвесце ваяроў радзівілаўскай харугвы, якія сваёй прысутнасцю паказвалі, што хаваюць гетмана. Паслы караля, каралевы, каралевіча Яна Казіміра і каралевы Ганны Катарыны Канстанцыі, курфюрста Фрыдрыха Вільгельма, курляндскага князя Фрыдрыха, яго пляменніка Якуба Кетлера і семіградскага валадара Юрыя І Ракочы выказвалі сваю павагу памерламу князю і радзівілаўскаму дому. Нягледзячы на пышныя ўрачыстасці, цела памерлага было пахаванае ў труне ў простай вопратцы без ніякіх упрыгожванняў. Не толькі на знак таго, што перад богам усе роўныя, але і каб яго апошні дом не стаў прынадаю для злых людзей, якія ў пошуках здабычы не саромеюцца турбаваць спакой мёртвых.

Багуслаў пад’ехаў да Януша, які спрабаваў супакоіць каня, што не прывык да ўрачыстых шэсцяў і жалобных убораў і, нервуючыся, пастаянна вырываўся наперад, парушаючы строй.