Выбрать главу

— Слухай ты, шчанюк, — працадзіў Адам. — Хочаш брахаць — брашы, але не спрабуй укусіць, таму што зубы павыбіваю.

— У маёй прысутнасці? — падняў брыво Багуслаў.

Саковіч адкінуў ворага ў бок, як шчанюка, і, цяжка дыхаючы, павярнуўся да князя.

— Прабач, мон прэнс, — сказаў ён, — не вытрымаў.

Каб спыніць сварку, Радзівіл загадаў Саковічу правесці за стол пана Пуцяту, але калі Адам сышоў, калатнеча не спынілася. Падняўшыся на ногі, Стаброўскі аж кіпеў ад гневу, і сябры сталі яго супакойваць.

— Ты б пана Саковіча, малады чалавек, дарма не злаваў, — сказаў каралеўскі лекар Ворбек-Летаў, што, вядома ж, прыбыў для пахавання свайго дабрадзея і стаў міжвольным сведкам гэтай сутычкі. — Гэтага сатану хіба нябожчык князь-гетман утаймоўваць умеў. Кажуць жа, што ён у сваім Зембіне сабак чалавечым мясам корміць.

— Якіх там сабак! — крыкнуў яшчэ нехта. — Кожны ж ведае, што ў пана ашмянскага падкаморага мядзведзі на ланцугах сядзяць!

— А я кажу сабакі, — упёрся лекар. — Хоць і гіганцкія. А ўжо лютасці!.. Не дзіва, што пасля такой ежы яны чалавечы дух за мілі чуюць… Я сам у Зембіне бываў і спачатку таксама падумаў, што гэта мядзведзі, калі ж адзін з іх як забрэша на мяне! Мядзведзі ж брахаць не ўмеюць…

— А можа, чэрці? — з’едліва пацікавіўся Сасноўскі. — Пан Саковіч жа з самім д’яблам запанібрата!

Усе зарагаталі. Багуслаў, стрымліваючы ўсмешку, паабяцаў сабе ўважлівей прыгледзецца да рудавалосага здаравяка, моцны нораў і вольны ад забабонаў розум якога зрабілі на князя добрае ўражанне.

Нягледзячы на гэтую непрыемнасць, памінальны абед прайшоў спакойна. Погляды радзівілаўскіх кліентаў былі звернутыя на асірацелых маладых князёў, якія з гэтага часу павінны былі самастойна займацца маёнткамі і дамагацца фартуны для сябе і свайго роду.

— Як думаеш, пан падкаморы, які з маладых Радзівілаў вышэй скокне? — спытаў Саковіча Ян Сасноўскі.

— Гэтага я ведаць не магу, пан падстолій, — сказаў Саковіч. — І найперш буду служыць таму, каму сэрца падкажа.

Сасноўскі незадаволена скрывіў шызы ад холаду і выпітага мёду нос.

— Ды кінь ты свой палітэс, пане Адам, — сказаў ён. — Такія людзі, як мы з табой, перш служаць самім сабе, а калі камусьці і кланяюцца, дык дзеля выгады, а не па любові. Вось ты ўсё каля Багуслава трэшся, а князю з яго прыгажосцю толькі пра дзевак думаць, а не пра дзяржаўныя справы.

— Ты маеш рацыю, пане Ян, — спакойна згадзіўся Саковіч. — Я б на тваім месцы на князя Януша паставіў.

Сасноўскі занадта добра ведаў ашмянскага разбойніка і разглядзеў у гэтых нявінных словах зусім не сяброўскую параду, а хутчэй перасцярогу, калі не пагрозу. Тым не менш, пакладаючыся на сваю нечалавечую сілу, розум і іншыя таленты, якімі надзяліў яго Госпад, ён з’явіўся сярод княжацкага почату ўжо праз некалькі дзён, калі Багуслаў, развітаўшыся з роднымі, сабраўся рухацца ў Слуцк, дзе прызначыў сустрэчу сваім аканомам. Там яго і ўбачыў Саковіч, які нецярпліва гарцаваў на сваім Буцафалу каля княжацкіх саней.

— А я думаў, пане Ян, што ты сваёй фартуны на кейданскім двары будзеш шукаць… — працягнуў ён, нядобра бліснуўшы вачыма.

Буцафал, чый нораў з гадамі не палепшыўся, пацягнуўся да Сасноўскага з відавочным намерам яго ўкусіць, але той, добра ведаючы і каня, і гаспадара, ад’ехаў трохі ўбок. А калі нахабная жывёліна зноў паказала зубы, сцебануў бізуном перад яе мордай.

— У Багуслава прасцей выслужыцца, — адкрыта патлумачыў ён, не зважаючы на абуранае конскае ржанне. — Таму што князь Януш ледзь не ўсіх слуг, якія нябожчыку князю-гетману служылі, пры сабе пакінуў… І не супся ты так, пан падкаморы, — весела сказаў ён, заўважыўшы напружаную зморшчынку на ілбе саперніка, — пад гэтым сонцам нам абодвум хопіць месца.

Саковіч не паспеў адказаць. З’явіўся Багуслаў у суправаджэнні пана Пуцяты (пан Аборскі заставаўся на службе ў князя Януша), і можна было нарэшце рушыць.

х х х

Слуцк, старажытная сталіца Алелькавічаў, дастаўся Багуславу дзякуючы шлюбу яго амбітнага бацькі з апошняй прадстаўніцай некалі магутнага княжацкага роду Сафіяй. Пабудаваны ў вусці дзвюх рэк — звілістага Бычка і паўнаводнай Случы — горад быў адным з найбуйнейшых у Вялікім Княстве Літоўскім. Свайго гаспадара ён сустракаў урачыстай працэсіяй гарадскіх чыноўнікаў, прадстаўнікоў купецтва, цэхавых майстроў, княжых аканомаў і слуг на чале з войтам, а таксама дзіўнай для зімы адлігай. Пад грукат гармат на гарадскім вале і радаснае бомканне царкоўных званоў Багуслаў з міласцівай усмешкай прыняў ключы ад горада на аксамітнай падушцы, і, перасеўшы з саней на каня, адправіўся аглядаць сваю сталіцу.