Праязджаючы па адкідным драўляным мосце праз заледзянелы гарадскі роў, Радзівіл задраў галаву, каб палюбавацца пазалочаным шпілем галоўных гарадскіх варот — Віленскай брамы, — які ярка ззяў на сонцы. Рэзка спыніў каня, убачыўшы барвова-чырвоны герб з выявай вершніка, што ваяўніча размахваў мячом, скачучы на белым кані ўслед за ворагамі, і абурана павярнуўся да войта.
— Гэта што такое?
Войт, мажны высокі чалавек небаязлівага выгляду, збянтэжана залыпаў вачыма.
— Гэта, міласцівы князь, «Пагоня» — герб былых уладальнікаў горада.
— Сам бачу. Чаму ён вісіць на варотах, калі горад ужо паўстагоддзя належыць Радзівілам?
Войт пачаў нешта лапатаць пра магдэбургскае права і пра памерлых князёў Януша з Крыштафам, якія нічога супраць герба не мелі, але яго абарваў княжацкі аканом.
— Зменім, ваша княжацкая міласць, — паабяцаў ён.
Багуслаў кіўнуў і горда заехаў у гарадскія вароты міма ўзброенай алебардамі варты. Кінуўшы хуткі погляд на Стары горад, князь, перад вачыма якога мільганула чыста прыбраная Галандыя, з прыкрасцю прыкусіў губу.
— Якая жахлівая дзіра, — прамармытаў ён.
Вядома, Багуслаў перабольшваў. Дамы гараджан у гэтым лясным краі былі хоць драўлянымі, затое ахайнымі, і не стаялі, скуліўшыся ў беспарадку, а выстройваліся ўздоўж роўных гарадскіх вуліц. Самая шырокая з іх, Віленская, цягнулася ад брамы міма ратушы, Ільінскага і Праабражэнскага манастыроў да старажытнай крэпасці, створанай умацаваннямі Верхняга і Ніжняга замкаў, дзе кватараваў гарадскі гарнізон. Свежы вецер са Случы, якая дзяліла горад напалам, прыемна казытаў твар. Але князь чэпкім гаспадарскім вокам хацеў вылоўліваць недахопы, а не захапляцца дабрабытам…
Змяшаўшыся з гарадскімі ўраднікамі, княжацкі поезд павольна рушыў да ратушы. Уздоўж Віленскай вуліцы вышыхтаваліся мяшчане, каб хоць краем вока зірнуць на валадара; да акон і агароджаў прыкіпелі жанчыны, і да княжацкіх вушэй час ад часу даносіўся іх захоплены шэпт:
— А хто з іх князь?
— Той чарнявы…
— На белым кані?
— Не, на вараным…
— Які прыгажун!
Багуслаў ледзь стрымаў усмешку. Павярнуўся да Саковіча, які паважна трымаўся трохі ззаду, і ўбачыў, што той адкрыта разглядае жанчын, прымячаючы прыгожанькіх.
— Адаме, толькі без глупстваў, папярэджваю цябе, — сказаў ён як мага стражэй. — Тут нас чакаюць іншыя забавы!
— Ды што ты, Богусь? — пазяхнуў той. — Дзе ж яшчэ забаўляцца, як не дома?..
Каля старой гарадской ратушы, якая патрабавала неадкладнага рамонту, князь саскочыў з каня на драўляны памост, што быў тут замест бруку, і нахмурыўся, пачуўшы, як той пагрозліва рыпіць пад нагамі. Яго чакала іншая частка ўрачыстасцей. Выслухаўшы прывітальныя прамовы ад цэхавых майстроў (на шчасце, не занадта доўгія) і прыняўшы ў падарунак ад гараджан цяжкі срэбны падсвечнік, Радзівіл рушыў далей.
Наступны прыпынак быў на Рынкавай плошчы. Запруджанае людзьмі велізарнае торжышча таксама было вымашчанае сапрэлым дрэвам, якога, зрэшты, і відаць не было пад сырым месівам з адталага бруду і смярдзючых нечыстот. Купецкі старэйшына звярнуўся да Багуслава з традыцыйнай прывітальнай прамовай і гаварыў бы доўга, каб не раптоўны прыступ кашлю. Пакуль выступоўца задыхаўся і гучна кашляў, князь хутка звярнуў размову на будзённыя рэчы, якія цікавілі яго значна больш за ўрачыстую ліслівасць.
— Ну, і як вам тут гандлюецца? — спытаў Радзівіл у слуцкіх купцоў, якія насцярожана разглядалі ладную фігуру свайго валадара і яго прыгожы твар, якія, на іх думку, не прадказвалі для іх нічога добрага. — Бачу, цяпер горад падрыхтаваўся да майго прыезду, але што тут адбываецца ў будні? Думаю, бруд на торжышчы такі, што воз з таварамі папросту патоне?
Купцы пераглянуліся, шукаючы ў гэтых словах нейкага падвоху, але князь, сам таго не ведаючы, зачапіў занадта балючае пытанне, каб на яго можна было не звяртаць увагі.
— Патоне, міласцівы князь, — горача пацвердзіў адзін з іх. — Яшчэ некалькі тыдняў таму выдатны жарабец, якога я на продаж прывёз, пашкодзіў сабе нагу вось на гэтым самым месцы, дзе цяпер стаіць ваша міласць. А магістрат усё роўна прыбіраць не спяшаецца!
Ён кінуў злосны погляд у бок гарадскіх ураднікаў. Жаўтаваты твар войта ўкрыўся чырвонымі плямамі, і ён падскочыў да прамоўцы так хутка, як толькі гэта дазваляла яго круглае пуза.
— За сваёй скацінай сам глядзі! — адрэзаў ён. — А гарадскі гарнізон мае іншыя абавязкі.