Выбрать главу

— Ты думай, чалавеча, што кажаш, — абурыўся купец. — Хіба растлумачыш неразумным жывёлам, дзе і калі ім трэба гадзіць? Ды і не наша справа за ўборкай сачыць, дастаткова і таго, што спраўна падаткі плацім у гарадскую казну.

Не паспеў Багуслаў апамятацца, як вечная спрэчка паміж гандлёвым людам і гарадскімі радцамі пра ўтрыманне гандлёвых радоў успыхнула з новай сілай. Паважаныя сівавалосыя мужы ледзь за чубы не хапаліся. Калі гаворка зайшла пра гнілыя масткі на плошчы, якія ўжо даўно пара было замяніць, Радзівіл не вытрымаў.

— А каменем брукаваць не спрабавалі? Так, каб не на дзесяць гадоў хапала, а на стагоддзі? — спытаў ён.

Наступіла цішыня.

— На гэта ж купа грошай пойдзе, ваша княжацкая міласць, — нарэшце сказаў войт. — Камень жа здалёку прыйдзецца вазіць, коней і людзей наймаць… Гарадской казне такое не пад сілу.

Мяшчане падтрымалі галаву ўхвальным ровам.

— Хай плацяць тыя, што гандлююць! — крыкнуў нехта. — Гэта іх клопат.

— І камень возяць! У іх і коні, і людзі! — падтрымаў яго іншы.

Спрэчка ўспыхнула з новай сілай. Шум стаяў такі, што вушы вялі.

— Які жах! — абурана прамармытаў пан Пуцята. — Горш, чым на сойміку.

— Можа, навучыць гэтых крыкуноў пачцівасці, мон прэнс? — падаў голас Саковіч. — Зусім страх і сорам страцілі.

Багуслаў загадаў не ўмешвацца, таму што ўважліва прыслухоўваўся да ўзаемных абвінавачванняў, якімі засыпалі адзін аднаго ўсе ўдзельнікі спрэчкі.

— Ціха! — загадаў ён, калі вырашыў, што пачуў дастаткова. — Клопат маем супольны, таму вырашаць яго будзем разам… Плошчу і галоўныя вуліцы так ці інакш прыйдзецца брукаваць. А коні і вазы, як тут справядліва кажуць, у купцоў ёсць…

— Быццам мы іх пустымі ганяем, — абурыўся хтосьці з купцоў, няветліва перабіваючы князя. — І парабкі ў нас таксама не лайдачаць!

Радзівіл моўчкі ўтаропіўся ў нахабніка ледзяным позіркам і чакаў, склаўшы рукі на грудзях.

— Калі я кажу, варта маўчаць і слухаць, — зазначыў ён, калі чалавек, спахапіўшыся, супакоіўся. — Колькі ў цябе вазоў?

— Дзесяць, міласцівы князь, — прамармытаў той.

— І колькі разоў у год ты на кірмашы ў Слуцку? Прынамсі дваццаць?

Нічога не разумеючы, той кіўнуў.

— Такім чынам, — услых падумаў Багуслаў, — калі ты падчас кожнага падарожжа пакладзеш на кожны свой воз з таварам адзін камень і прывязеш яго ў горад, за год горад без аніякіх затрат атрымае дзвесце камянёў на брукаванне плошчы, дзе ты прадаеш свой тавар. І ты сам не адчуеш ніякіх страт. Я праўду кажу? — пацікавіўся ён у прысутных.

— Шчырую праўду, ваша княжацкая міласць, — здзіўлена пацвердзіў купец. — Але нейкіх дзвесце камянёў не хопіць, каб забрукаваць усю плошчу…

— А калі тое самае зробіць кожны купец, што прывозіць тавар у Слуцк? — сказаў князь, падвысіўшы голас, каб перакрычаць задаволенае гудзенне мяшчан, якім тыя сустрэлі прапанову. — За год назбіраецца матэрыялу, каб пачаць работы?

— Так, ваша міласць, — горача пацвердзіў войт, які ўжо з павагай глядзеў на князя, бо не чакаў ад маладога і, здавалася, распешчанага магната такой гаспадарлівасці.

— А мастаўшчыкам хто заплаціць? — крыкнуў нехта з натоўпу.

Багуслаў холадна ўсміхнуўся.

— Вось калі будзеце мець дастаткова матэрыялу, тады пра гэта пагаворым… А пакуль, — князь строга паглядзеў на войта, які нізка яму пакланіўся, мармычучы прабачэнні за людскую нястрыманасць, — гэта мой загад, і ён патрабуе не абмеркаванняў, а добрасумленнага выканання!

Сказаўшы так, Радзівіл ускочыў на каня і панёсся да замка, пакінуўшы падданых пляткарыць пра дзіўнага валадара і яго загады.

— Выдатна, Богусь, — сказаў Саковіч, захоплена гледзячы ўслед князю.

— А я, дурань, яшчэ думаў шукаць фартуны пры кейданскім двары, — таксама не прамаўчаў Сасноўскі. — Не, хай князю Янушу мае ворагі паслужаць: у яго хоць і галава добрая, і нораў моцны, але не дай бог яму пад гарачую руку трапіць. Багуслаў, здаецца, спакайнейшы і больш разважлівы будзе…

х х х

Зрэшты, гэта быў толькі пачатак. На наступную раніцу Багуслаў з невялікім початам, які складаўся з паноў Пуцяты, Саковіча, Сасноўскага, Цадроўскага, які павінен быў часова выконваць абавязкі княжацкага сакратара, а таксама ў кампаніі слуцкага войта і каменданта замка, выехаў на агляд горада. Больш за ўсё Радзівіла цікавілі новыя «галандскія» бастыёны, якія тут пачаў будаваць архітэктар Піркен на загад нябожчыка князя Крыштафа. Сам архітэктар горда дэманстраваў колішняму вучню вынікі карпатлівай працы — і меў чым пахваліцца! Стары горад на правым беразе Случы быў акружаны векавым валам, ровам, які напаўняўся вадой з ракі, і дванаццацю бастыёнамі, нядаўна ўзведзенымі пад наглядам архітэктара. Сюды можна было трапіць пад’ёмнымі мастамі, якія цяпер нядбайна перакідваліся цераз роў, а ў грозныя часы ашчаціньваліся да ворага спінай, прыкрываючы Віленскую, Астроўскую і Капыльскую брамы. Аглядаючы гарадскія ўмацаванні, Багуслаў задаволена ківаў галавой, але, выехаўшы на пад’ёмны мост і кінуўшы погляд на застыглы роў, лёд на якім з-за адлігі пачаў раставаць, грэбліва паморшчыўся, таму што ў нос яму ўдарыў устойлівы пах гнілі.