Выбрать главу

Калі да яго прыйшоў Саковіч, князь са змрочным выразам твару сядзеў за сталом, праглядаючы паперы.

— Які нягоднік пасмеў так устрывожыць тваю княжацкую міласць? — асцярожна пацікавіўся Адам.

— Устрывожышся тут, — буркнуў Багуслаў, падсунуўшы стос даўгавых распісак. — Дзядзька сцвярджаў, што мае маёнткі не менш за трыста тысяч у год прыносяць, а я па трохгадовай адсутнасці не магу ад аканома і сорак тысяч без закладной атрымаць! Цікава, хто першы заўважыў, што недахоп сродкаў знішчае добрыя задумы?

— Тады, мон прэнс, твой аканом не толькі злодзей, — Адам пакруціў галавой. — Ён дурань, а гэта галоўнаму аканому дараваць нельга… Трыста тысяч! Я б з тваіх маёнткаў шэсцьсот вышчыміў!

— Я таксама падумаў, што тут крадзяжом пахне, — князь узяў пяро і пачаў складваць лікі ў распісцы, звяраючы іх з запісамі ў падліковай кнізе. — Ну, няхай паберажэцца, калі злаўлю за руку!

Адам усміхнуўся.

— Ну так ты, Богусь, вельмі доўга разбірацца будзеш і нічога не знойдзеш. Можаш мне паверыць, што твой аканом таксама добра ўмее лікі складаць… А, між іншым, на вуліцы як раз добрае надвор’е, каб загнаць некалькіх аленяў. А калі пашанцуе, дык і зубра!

— І што ж ты прапануеш? — Багуслаў раздражнёна здзьмуў пыл з чарговага стоса папер і гучна чхнуў.

Саковіч задумаўся.

— Грошы я табе здабуду, — вырашыў ён, — Нават не слепячы вачэй над рахункамі, калі ты даверыш мне гэту справу і не будзеш умешвацца ў яе, што б я ні зрабіў.

— Добра, — здзіўлена паабяцаў князь. — А як ты гэта зробіш?

— Гэта ўжо мой клопат, — драпежна прыжмурыўся пан Адам. — Ну, і дзе той зладзюга?

«Зладзюга» кватараваў тут жа, у замку, які з-за пастаяннай адсутнасці гаспадароў пераважна пуставаў. Пакінуўшы яго княжацкую міласць, мужчына спакойна пайшоў абедаць і вельмі здзівіўся, калі змрочныя незнаёмцы выцягнулі яго з-за стала і, не звяртаючы ўвагі на лямант і пратэсты, кудысьці пацягнулі, крыкнуўшы слугам, якія прыбеглі на дапамогу, што выконваюць загад Радзівіла. Мужчына спрабаваў вырывацца, але добры ўдар па галаве паклаў канец гэтым спробам.

Ачомаўся аканом у цёмным і жудасным замкавым склепе. Проста перад ім стаяў Саковіч. На вуснах пана падкаморага блукала ўсё тая ж д’ябальская ўсмешка, якая наводзіла жах на ворагаў.

— Слухай мяне, мярзотнік, — са злавесным спакоем сказаў ён. — Ці ты добраахвотна вяртаеш усё, што скраў за час службы ў нашага князя, і выходзіш адсюль цэлым і непашкоджаным, ці мае хлопцы сілай выдушаць з цябе нарабаванае — манета за манетай. Выбірай.

— Што за дурныя жарты, пане падкаморы, — абурыўся аканом. — Я шляхціц, я звярнуся да караля са скаргай!

— З таго свету, — кіўнуў Адам. — Думай хутчэй, пане ўпраўляючы, я хцівых людзей не трываю, але яшчэ больш не люблю дурняў. Кажу табе проста, што я зусім не жартую!

Аканом гэта ўжо зразумеў, і па яго спіне, нягледзячы на пранізлівы холад, пацёк гарачы пот.

— Крыж, святы крыж — нічога не браў! — забажыўся ён. — Пане Саковіч, мы ж з табой заўсёды былі добрымі сябрамі…

— Кажы, колькі скраў, — амаль ласкава папрасіў той. — І пастара для споведзі пашукай, я каталік і індульгенцыі як прынята ў нашай царкве, дарма не даю.

І даўшы наском жоўтага чобата пад рэбры злодзею, ад чаго той завыў, нібы паранены звер, дадаў, падвысіўшы голас:

— Колькі скраў, пытаюся? Кажы, сабачы сын, бо зараз з табой кат пагаворыць, а не я.

Аднак чалавек, сціснуўшы зубы, маўчаў, і пан Адам, драпежна ўсміхнуўшыся, павярнуўся да дзвярэй. Злодзей з палёгкай уздыхнуў, падумаўшы, што лёгка саскокнуў. І нечакана закрычаў, быццам калядны парсюк: да яго з каменнымі тварамі рухаліся тыя ж разбойнікі, што прыцягнулі яго сюды.

— Пачакай! — крыкнуў ён, і Саковіч, наўмысна счакаўшы імгненне, якое напалоханаму да смерці аканому падалося вечнасцю, павольна павярнуўся.

— Кажы!

Калі назаўтра Багуслаў прачнуўся, двое слуг у суправаджэнні пана Адама ўкацілі ў спальню дзве невялікія, але важкія бочачкі, што весела звінелі. Адкрыўшы адну з іх, князь аж свіснуў: яна была поўная срэбных манет.

— Калі верыць пану аканому (а я яму веру з тых часоў, як забраў гэта срэбра з яго склепу), тут павінна быць тысяч пяцьдзясят, — весела паведаміў Саковіч і выцягнуў наперад злодзея, які дрыжаў як асінавы ліст.

На яго лобе ззяў вялізны гуз.

— Прашу мне выбачыць, міласцівы князь, — прамармытаў той. — Сам не разумею, як я мог забыцца пра гэтыя грошы…