— Старэеш, пане аканоме, — паспачуваў яму Адам. — 3 такой памяццю час падумаць пра адпачынак.
— Ды я і сам пакорліва хацеў прасіць міласцівага князя адпусціць мяне са службы, — адказаў той, з жахам гледзячы на Радзівіла.
Багуслаў зірнуў на яго, на грошы і на Саковіча, які непрыкметна кіўнуў галавой.
— Значыць, хочаш адпачынку… — працягнуў князь. — А што з тваім ілбом, шаноўны пане?
— Стукнуўся аб вушак, калі дапамагаў мне даставаць гэтыя бочкі са свайго склепа, — зноў за яго адказаў ашмянскі падкаморы. — Я праўду кажу, пане аканом?
— Шчырую праўду, — пацвердзіў той. — Стары ўжо стаў, няўклюдны… Слава богу, што вярнуў памяць маёй дзіравай галаве!
— За гэта, здаецца, мы з табой павінны падзякаваць пану Саковічу, — змрочна заўважыў Радзівіл. — Прэч з маіх вачэй.
Аканом, нізка кланяючыся, падаўся да дзвярэй і знік за імі раней, чым Багуслаў, якога вельмі парадавалі нечаканыя грошы, змог па-сапраўднаму ўзлавацца.
— Дзякуй табе, Адаме, — сказаў князь, калі за зладзюгам зачыніліся дзверы. — За грошы, за спектакль і асабліва за добрую навуку. Прыйдзецца паразганяць і астатніх аканомаў, бо калі ўжо рыба пачала гніць, няма сэнсу адразаць толькі галаву.
— Не спяшайся, мон прэнс, — параіў яму Саковіч. — Мне тут адна птушачка наспявала, што княгіня Катарына паабяцала духоўніку замяніць мужавых слуг-кальвіністаў каталікамі, каб дрэнна не ўплывалі на князя, таму хутка зможаш выбіраць, каго, дзе і на якую пасаду паставіць.
— Здаецца, стрыечны брат зусім розум страціў, калі дазваляе жонцы верхаводзіць, — уздыхнуў Багуслаў. — Сябра, што я табе вінен за гэтыя клопаты?
— Хіба паляванне і добрую вячэру, — усміхнуўся Адам. — Сваю ўзнагароду я ўжо атрымаў у таго разбойніка… Дарэчы, каго ты хочаш цяпер галоўным аканомам паставіць?
Багуслаў, які ўжо задумваўся над гэтым пытаннем, яшчэ раз у думках перабраў усіх сваіх аканомаў.
— Рэчыцкага, — вырашыў ён. — Нябожчык дзядзька яго вельмі паважаў…
Пачуўшы такую навіну, пан падкаморы выйшаў ад князя, кусаючы вусны ад прыкрасці. У дзвярах ён сутыкнуўся з Сасноўскім, які выпадкова закрануў яго плячом.
— Глядзі, куды ідзеш, пакуль вочы маеш, — буркнуў Адам.
— Ты ў нашага князя гумару пазбавіўся або сваркі шукаеш? — таксама не прамаўчаў пан Ян.
— Крый божа, — Саковіч прымусіў сябе ўсміхнуцца. — Чаго-чаго, а ворагаў і без цябе ў мяне досыць… А злуюся, таму што Багуслаў нікчэмнасць Рэчыцкага думае галоўным аканомам зрабіць.
— Ды ты што? — прысвіснуў Сасноўскі, у якога таксама адразу знік настрой.
Пакінуўшы віленскага падстолія пераймацца панскімі капрызамі, Саковіч выйшаў на вуліцу, каб трохі астудзіць гарачую галаву і сабрацца з думкамі. Праз некалькі дзён адлігі зноў цісканулі маразы. Княжацкая моладзь, якая ўсе гэтыя дні сумавала без справы, прыдумала заліць вадой двор і зладзіць там каток — не горш, чым на абледзянелых галандскіх каналах. Адам падышоў бліжэй і, убачыўшы сярод веселуноў Цадроўскага, зрабіў яму знак падысці.
— Слухай, Яне, — сказаў ён, калі юнак наблізіўся. — Здаецца, ты з нашым князем у Галандыю не збіраешся?
— Што я там буду рабіць? — усміхнуўся той. — Я ўжо папрасіў Багуслава даць мне якую-небудзь пасаду ў сваіх уладаннях. Праўда, ён мне яшчэ нічога на гэта не адказаў…
— Дасць, не сумнявайся, — запэўніў яго Саковіч. — Я сам яго папрашу, калі трэба будзе… Калі ж ты застаешся ў Літве, я хачу, каб ты зрабіў мне адну паслугу.
— Гэта якую? — залыпаў вачыма Ян.
— Хачу, каб на ўсіх слуцкіх кірмашах ты на працягу года або нават двух — як складзецца — перапісваў для мяне цэны на некаторыя тавары — на збожжа, на лес, на той інструмент, што купцы сюды з Караляўца вязуць… Пералік я табе пасля перадам. Можаш рабіць гэта сам ці нейкаму негаваркому слугу даручыць. Зробіш для мяне?
— Зраблю, — здзіўлена пагадзіўся Цадроўскі. — А навошта гэта табе трэба, пане падкаморы?
У чорных вачах Саковіча раптам успыхнулі зялёныя агеньчыкі.
— Хто ведае, — летуценна ўсміхнуўся ён. — Раптам спатрэбіцца?
У гаспадарчых клопатах і рэдкіх забавах прайшлі некалькі месяцаў знаходжання Багуслава ў Літве. Акрамя Слуцка, ён наведаў яшчэ некалькі сваіх самых прыбытковых маёнткаў, дзе таксама змяніў упраўляючых. Быў у Варшаве, дзе яго выдатна прынялі кароль Уладзіслаў і каралевіч Ян Казімір. Побыт у польскай сталіцы так развесяліў Радзівіла, што князь ужо стаў радзей згадваць пра вяртанне ў Галандыю. І, можа, зусім бы закінуў гэты намер, калі б аднойчы не атрымаў лісты, перададзеныя павераным з Гданьска. Убачыўшы подпіс на адным з іх, Багуслаў не паверыў вачам.