— Ад Беатрысы! — здзіўлена прашаптаў ён, азірнуўшыся на Невяроўскага, што стаяў за яго спінай і з-за пляча спрабаваў пабачыць, якія навіны атрымаў патрон.
— А ты, мансеньёр, яшчэ скардзіўся на жаночую нявернасць, — усміхнуўся Ян. — Я ж казаў, што графіня любіць цябе… Прынамсі больш, чым прынцэса Ганзага.
— Вернасць тут ні пры чым, — сказаў князь. — Галоўнае, што не забылася.
Ён раскрыў ліст і пачаў прагна чытаць напісаныя акуратным жаночым почыркам радкі.
— А што ў другім лісце? — хутка спытаў Ян, калі Багуслаў некалькі разоў прачытаў пасланне і яго твар набыў той небяспечна-закаханы выгляд, з якім адчайны князь лёгка мог сарвацца з месца і адправіцца за трыдзевяць зямель, каб абняць прыгажуню.
Добра ведаючы палымянае сэрца гаспадара, Невяроўскі вырашыў збіць яго думкі з небяспечнага шляху. Яму амаль удалося, бо Багуслаў, думаючы пра Беатрысу, зламаў пячатку на наступным пасланні.
— Ад Карла Людвіга, — паведаміў ён. — Піша, што прынц Аранскі збірае войскі, каб пачаць аблогу Генэпа… І той нахабнік Тарэнт таксама прыпісаў некалькі слоў. Збіраецца ваяваць і перадае мне вітанні, бо сумняваецца, што калі-небудзь зможа павітаць мяне асабіста… Нягоднік! Не, я дам яму такую магчымасць…
Ад высакародных намераў рызыкнуць уласным жыццём дзеля галандскіх інтарэсаў прынца адмаўлялі ледзь не ўсе яго слугі, да якіх далучыўся і Януш Радзівіл, які наўмысна наведаў кузэна, каб перасцерагчы ад паездкі.
— Ты не можаш думаць толькі пра сябе! — абураўся кейданскі валадар. — Калі, не дай бог, цябе напаткае смерць, яна не толькі прынясе ўсім нам гора, яна аслабіць магутнасць радзівілаўскага дому, калі твае ўладанні немцам адыдуць…
Рашучы погляд сініх вачэй князя Януша скрыжаваўся са сталёвым позіркам брата, якому зусім не спадабалася такое ўмяшанне ў яго справы. Тым не менш, калі першы прыступ гневу прайшоў, Багуслаў прызнаў, што Януш мае рацыю.
— Я буду распараджацца сваім жыццём так, як мне захочацца, — сказаў ён нарэшце. — Каб не падвяргаць небяспецы дабрабыт нашага дому, зраблю цябе спадкаемцам. Калі загіну, хай мае ўладанні атрымае Радзівіл, а не мой зводны брат Франц Герман, якога я ніколі ў жыцці не бачыў… Спадзяюся, цяпер ты адчэпішся?
Януш сапраўды адчапіўся, але, калі ад’язджаў, моцна абняў брата.
— Беражы сябе, — сказаў ён. — Бачыць бог, не тваіх багаццяў я хачу, а каб ты жывым-здаровым дадому вярнуўся…
Пасля капітуляцыі князя Януша слугам таксама прыйшлося змірыцца з непазбежным. З Багуславам у Галандыю зноў адпраўлялася ўся яго моладзь, за выключэннем Цадроўскага, які заставаўся гаспадарыць у радзівілаўскіх уладаннях, а таксама пан Пуцята, які не пажадаў расставацца з князем і зноў пачаў выконваць абавязкі яго маршалка. Саковіч, якога дома трымала сям’я і клопаты ў маёнтку, не хаваў прыкрасці.
— І што ты забыўся ў той Галандыі? — злосна сказаў ён, развітваючыся з князем. — Калі нейкую прыгажуню, дык я табе іх тут сотню-другую знайду… Пане Пуцята, ну хоць ты што-небудзь скажы гадаванцу! — звярнуўся ён да маршалка, якога таксама не цешыла гэтая паездка.
— Не магу, — прызнаўся той, дакорліва зірнуўшы на Радзівіла. — прасветлы князь паабяцаў мяне дома пакінуць, калі буду адгаворваць.
— Сядай ужо ў карэту, пане Самуэль, — загадаў князь і павярнуўся да Саковіча. — Абяцай прыехаць да мяне, Адаме, — папрасіў ён. — Таму што калі мне кагосьці і будзе бракаваць, дык толькі цябе.
Апошні раз абняўшы засмучанага сябра і махнуўшы рукой на развітанне ўсім, хто заставаўся ў Літве, Багуслаў ускочыў у карэту і выправіўся насустрач новым прыгодам.
ЧАСТКА 3
УЛЮБЁНЕЦ ФАРТУНЫ
Раздзел 1
ЯШЧЭ АДЗІН ШЛЮБ РЭЙМСКАГА АРЦЫБІСКУПА
Брусэль — Камбрэ
(лістапад 1641 года)
Брусэль, сталіца іспанскіх Нідэрландаў, павольна апранаўся ў жалобу. Побач з яскравымі штандарамі дома Габсбургаў, што звісалі з гарадской ратушы, з’явіліся чорныя жалобныя палотнішчы. Чорная вопратка жыхароў горада, якія, сабраўшыся на Вялікай плошчы, слухалі меланхалічны перазвон з сабора святога Міхала, пасавала да іх сумных абліччаў. Некаторыя не стрымлівалі слёз.
Такія перамены выклікала нечаканая смерць кардынала-інфанта — дона Фердынанда Аўстрыйскага, што кіраваў Нідэрландамі імем свайго брата — іспанскага караля Філіпа IV. Намесніка любілі пры жыцці і аплаквалі пасля смерці як пераможцу ў бітвах пры Нёрдлінгене, Дэісту, Гусі, Генэпе, Лімбургу, Схенку і Корбы і як прывабнага маладога чалавека (нябожчыку было ўсяго трыццаць два гады), які нарадзіўся ў вялікім доме для вялікіх спраў, але так і не паспеў іх завяршыць. Гора фламандцаў было тым больш шчырае, што смерць кардынала-інфанта закранала і іх уласныя жыцці, паглыбляючы няўпэўненасць у будучыні. Галандскі штатгальтар прынц Арэнскі, змагаючыся за незалежнасць Аб’яднаных Правінцый ад іспанскай кароны, адначасова спрабаваў пашырыць сваю ўладу яшчэ і на Нідэрланды, а іспанскі кароль, заняты ўтаймаваннем паўстанняў у Партугаліі і Каталоніі, фактычна кінуў «каштоўную жамчужыну сваёй кароны» на волю фартуны. Але якім бы дрэнным валадаром ні быў іспанскі манарх, каталіцкае насельніцтва Нідэрландаў хацела мець сваім каралём яго, а не пратэстанта Аранскага ці Людовіка Французскага, чыя армія цяпер тузала іх паўднёвыя межы.