Выбрать главу

— Што з намі будзе? — скардзіліся фламандцы.

Да гэтых размоў прыслухваўся добра ўбраны прыгожы юнак, які ў суправаджэнні слуг спрабаваў дабрацца праз натоўп да дома, дзе кватараваў. Гэта быў Багуслаў Радзівіл, які адправіўся ў Нідэрланды пасля таго, як армія прынца Аранскага, узяўшы Генэп, разышлася па зімовых кватэрах.

— Трэба і мне надзець чорнае, — звярнуўся ён да Стаброўскага, які яго суправаджаў. — Зрэшты, я імперскі прынц, і адна з маіх прабабуль была з дому Габсбургаў.

— Можна, — згадзіўся Самуль. — Толькі не трэба запэўніваць мяне, прасветлы князь, што ты гэта зробіш з павагі да нябожчыка, а не жадаючы яшчэ больш спадабацца чароўнай графіні дэ Кюзанс. Бо чорны аксаміт табе вельмі пасуе, мансеньёр, і ты гэта ведаеш!

— Прыкусі язык, Стаброўскі, — са смехам сказаў Багуслаў. — Клянуся, я пра графіню нават не думаў!

Самуль недаверліва скрывіўся. Яны як раз дайшлі да патрэбнага дома, і Багуслаў, не жадаючы дурной спрэчкі, хутка пакрочыў наперад, пакінуўшы Стаброўскага смяяцца ззаду, маланкай узбег на другі паверх, дзе сутыкнуўся з іншым сваім слугой — Янам Невяроўскім.

Ян чакаў князя і зусім не здзівіўся такой спешцы.

— Яна ўжо тут, — па-змоўніцку прашаптаў юнак, красамоўна паглядзеўшы на зачыненыя дзверы княжацкай спачывальні.

Багуслаў кіўнуў і, кінуўшы шляхціцу плашч і капялюш, зайшоў у пакой, зноў шчыльна прычыніўшы за сабой дзверы. Затым павольна павярнуўся і захоплена паглядзеў на ложак, дзе напаўсядзела-напаўляжала жанчына дзівоснай прыгажосці. Гэта была Беатрыса Кюзанс. Яна, як і ўсе мясцовыя арыстакраты, паспела ўжо надзець жалобу, пра якую князь толькі разважаў. Чорны колер пасаваў прыгажуні, як і Багуславу. Яе белая нібы мармур скура на фоне чорнага атласа здавалася яшчэ бялейшай, вялікія цёмныя вочы — выразнейшымі, а пульхныя вішнёвыя вусны яшчэ больш прывабнымі. Убачыўшы князя, Беатрыса працягнула яму насустрач рукі — ці то вітаючыся, ці то адкрываючы каханку абдымкі. Князь па чарзе пацалаваў яе маленькія далоні і ўжо збіраўся дазволіць сабе больш смелыя пяшчоты, але не паспеў.

— Дарагі, нам трэба пагаварыць, — сказала графіня, забіраючы рукі.

Багуслаў вырашыў не звяртаць увагі на гэтыя капрызы і, прысеўшы каля палюбоўніцы на ложку, гулліва пацягнуўся да залатой зашпілкі, што трымала высокі каўнер яе строгай сукенкі, закрываючы ад старонніх вачэй жаночыя формы.

— Ды чакай жа, — засмяялася яна. — Кажу ж, гэта вельмі важна.

— Што можа быць важней за нас з табой? — сказаў Багуслаў і, расшпіліўшы сукенку, пачаў абсыпаць пацалункамі яе грудзі.

Відаць было, што пяшчоты не былі непрыемныя чароўнай графіні. Абняўшы галаву палюбоўніка, яна наблізіла да сябе яго твар і горача пацалавала. Але калі князь, не адрываючыся ад яе гарачых вуснаў, пацягнуўся да шнуроўкі гарсэта, жанчына рашуча адштурхнула яго ад сябе і ўскочыла на ногі.

— Не цяпер, прашу цябе!

Здзіўлены яе паводзінамі Багуслаў зразумеў, што лепш не спрачацца. Ён разлёгся на ложку, надаўшы твару абражаны выгляд, і стаў чакаць, пакуль чары яго прыгожай знешнасці змякчаць жаночае сэрца. Чакаць давялося нядоўга.

Вырашыўшы, што яе грубасць адштурхнула палюбоўніка, Беатрыса падышла і пяшчотна правяла пальчыкамі па яго нахмураным ілбе.

— Прабач…

— Ніколі не мог зразумець жаночага жадання размаўляць менавіта тады, калі цела і душа найбольш прагнуць кахання, — уздыхнуў Радзівіл. — Што здарылася? — спытаў ён з напускной пакорай, якая заўсёды безадмоўна дзейнічала на прыгожую палову чалавецтва.

Графіня таксама ўздыхнула.

— Табе трэба пакінуць Брусэль, — сказала яна.

На гэты раз абурэнне і крыўда на твары Багуслава былі ўжо непадробнымі.