Выбрать главу

— Ты мяне праганяеш? — здзівіўся ён.

Беатрыса ўсміхнулася.

— Ты ж бачыш, як я цябе кахаю, — пяшчотна сказала яна, але, спахапіўшыся, працягнула рашуча. — Так, па праўдзе кажучы, мой дарагі, сама твая прысутнасць у горадзе кідае ганебны цень на маю і без таго дрэнную рэпутацыю. Карл Латарынгскі так часта пытаецца пра цябе, што, напэўна, ужо нешта западозрыў. Але я прашу цябе паехаць не з-за яго.

Радзівіл прыўзняўся на локці і ўважліва ўзіраўся ў твар Беатрысы, спрабуючы перахапіць яе погляд. Але марна, бо графіня, схаваўшы вочы за доўгімі вейкамі, шчасліва пазбегла маўклівага допыту.

— Кажуць, што дон Фердынанд памёр ад яду, — нарэшце сказала яна.

Багуслаў засмяяўся.

— Якое глупства! — адказаў ён з маладой легкадумнасцю. — Калі я на мінулым тыдні гаварыў з лекарам, той упэўнена сцвярджаў, што прычынай хваробы яго высокасці стала даўняя язва страўніка, якая пачала турбаваць кардынала-інфанта яшчэ ў ваенным лагеры. Але гэта і не дзіва, — усміхнуўся прынц. — Павер мне, мой цудоўны анёл, што не кожнаму страўніку будуць да смаку салдацкія харчы.

— Гэта ўсё так, але людзі напалоханыя, — Беатрыса нарэшце зірнула на яго. — Хто цяпер павядзе іх у бой? Хто спыніць галандцаў і французаў? Хто, у рэшце рэшт, стане новым намеснікам Нідэрландаў? Пакуль фламандцы не атрымаюць адказы на гэтыя пытанні, яны будуць верыць ва ўсё, што заўгодна і хутка пачнуць шукаць ворагаў унутры сваёй краіны хоць бы таму, што са знешнім ворагам справіцца не могуць.

— Ты — мудры палітык, каханая, — засмяяўся князь.

— Ну вось! А ты, мой дарагі прынц, прыбыў сюды проста з-пад Генэпа, дзе ваяваў на баку галандцаў, і не хаваеш сваіх сяброўскіх адносінаў з прынцам Аранскім. Да таго ж ты пратэстант! Здагадваешся, хто можа стаць першай ахвярай гэтых плётак?

— Хто заўгодна, але не прынц Свяшчэннай Рымскай імперыі, — Багуслаў рашуча прыцягнуў Беатрысу да сябе, нягледзячы на яе слабы і няўпэўнены супраціў. — Дарэчы, у Генэпе мне паваяваць так і не давялося: прынц Аранскі паспяшаўся ўзяць замак, не чакаючы майго прыезду. Гэта было вельмі няветліва з яго боку… Ды і чуткі аб атручанні кардынала-інфанта — поўнае глупства, нават калі Аліварэс наўмысна распускае іх, каб запаленае помстай войска само ірвалася ў бой. Ідзі сюды, мая дарагая, — пяшчотна сказаў ён, не слухаючы пратэстаў напалоханай жанчыны. — У нас з табой не так шмат часу, каб можна было марнаваць яго на бессэнсоўныя спрэчкі.

х х х

Усё ж праз некалькі дзён Багуслаў пераканаўся, што Беатрыса мела рацыю: знаёмыя іспанскія гранды глядзелі на яго з кепска прыхаваным падазрэннем. У рэшце рэшт дон Францыска дэ Мэла, былы віцэ-кароль Сіцыліі, які, па чутках, павінен быў стаць наступным намеснікам Нідэрландаў, па-сяброўску намякнуў, каб Радзівіл на нейкі час паехаў з Брусэля, хоць агучыў іншую прычыну свайго ўмяшання.

— Карл Латарынгскі проста ў лютасці, калі чуе ваша імя, прынц, — сказаў ён. — Асабліва побач з імем той, якую ён упарта называе жонкай.

— Карлу Латарынгскаму ніхто не перашкаджае выказаць сваю незадаволенасць мне ў твар, — сказаў на гэта князь. — Што да мадам Беатрысы, дык герцаг мае на яе такое ж права, як і я сам… прынамсі пакуль жывая яго законная жонка.

— І я пра тое, — засмяяўся дон Францыска. — Я бачыў вас, прынц, са шпагай у руцэ, таму і кажу вам адкрыта, што Карл Латарынгскі мне патрэбен жывым і здаровым. Пакуль ён служыць Іспаніі, ёсць надзея, што яго герцагства пяройдзе пад пратэктарат Мадрыда, а не да караля Людовіка XIII, які хоча пакінуць яго за сабой. Самі разумееце, што адабраць Латарынгію ў жывога гаспадара французам будзе значна цяжэй, чым у нябожчыка…

І, убачыўшы, што Радзівіла яго заклікі не пераканалі, шматзначна дадаў:

— Калі прыслухаецеся да маёй думкі, мансеньёр, я падпішу вам дарожны пашпарт, з якім ваша светласць зможа калі заўгодна зноў наведаць Брусэль.

Жадаў Багуслаў гэтага ці не, але павінен быў прыняць прапанову, таму што зусім не хацеў, каб Іспанскія Нідэрланды закрылі перад ім межы. Але з’язджаць не спяшаўся, таму што чакаў Яна Рыхарда Ферха, якога паслаў у Гаагу да жонкі прынца Аранскага Амаліі з важным даручэннем. Справа была ў тым, што пры жыцці дон Фердынанд меў звычай заступацца за французскіх эмігрантаў, якія хаваліся ў Брусэлі ад гневу Людовіка XIII, і падтрымліваў цесныя сувязі з вядомай інтрыганкай — герцагіняй дэ Шэўрэз. Гэтая жанчына нават за мяжой прымудралася арганізоўваць змовы французскай арыстакратыі супраць свайго караля і яго першага міністра кардынала Рышэлье. Гэта, вядома, было на руку іспанцам, бо адцягвала на сябе частку баяздольных французскіх войскаў, што павінны былі душыць паўстанні ўнутры краіны.