Выбрать главу

Нядобразычліўцы Радзівіла ўмела распальвалі Жыгімонтаву непрыязнасць, абвінавачваючы князя ў спробах пасадзіць на польскі трон то французскага прынца Гастона Арлеанскага, то шведскага караля Густава Адольфа. Адбіваючыся ад паклёпаў, князь Крыштаф упарта шукаў дружбы з каралеўскім дваром, хоць як адзін з самых багатых магнатаў Рэчы Паспалітай мог абысціся без каралеўскае міласці. Заўважыўшы, што пляменнік не выказаў радасці ад наведвання палаца, ён падбадзёрліва ўсміхнуўся, хвалюючыся, каб той выпадкова не разгубіўся ад бляску каралеўскага двара:

— Не бойся.

— Чаго я маю баяцца? — не зразумеў Богусь. — Я бачыў караля яшчэ два гады таму, калі мы з маці наведвалі Варшаву па дарозе ў Літву. Кароль, жадаючы зрабіць ёй прыемнасць, прапанаваў мне ў яго застацца, але я на гэта адказаў, што не хачу.

Успомніўшы нябожчыцу княгіню, ён яшчэ больш нахмурыўся, а дзядзька, не жадаючы верадзіць яшчэ свежую рану пляменніка, пакінуў гэтую размову.

Назаўтра ўсе Радзівілы паспяшаліся ў каралеўскі палац. Князёўна Катарына была трохі напалоханая, але гэтая нервовая бледнасць вельмі пасавала яе ганарліваму прыгожаму абліччу і раскошным залаціста-рудым валасам. Княжыч адчуваў сябе ў каралеўскім палацы гэтак жа вольна, як і ў дзядзькавым доме. У Вялікую залу зайшоў спакойна, не звяртаючы ўвагі на шэпт прыдворных за спінай, а, апынуўшыся перад тронам, са змрочнай цікавасцю зірнуў у вочы каралю.

Жыгімонт быў ужо старым і хворым чалавекам. Яго жыццё падыходзіла да канца, ад чаго вялікую палёгку адчувалі ўсе дысідэнты і патрыёты. Гэты Ваза, заняўшы каралеўскі пасад, уцягнуў Рэч Паспалітую ў шэраг войнаў, жадаючы любой цаной захаваць за сабой шведскую карону і нават зрабіцца маскоўскім царом. Але на шчасце і для шведаў, і для маскавітаў, рэлігійныя перакананні перашкодзілі манарху скарыстацца наступствамі перамог. Заваяваўшы тытулы, ён не дасягнуў запаветнай абсалютнай улады нават ва ўласнай дзяржаве.

Цяпер стары воўк стомлена адкінуўся на спінку трона і, склаўшы рукі на грудзях, зацікаўлена разглядаў сына свайго найбольшага ворага. Багуслаў вельмі вырас з часу іх апошняй сустрэчы. Затым кароль пакасіўся на князя Крыштафа.

— Мы рады бачыць і цябе, князь, і тваю дачку, і пляменніка, — ласкава сказаў Жыгімонт, аднак яго халодны позірк ясна даваў зразумець, што літоўскаму гетману не варта мець ніякіх ілюзій.

Каранаваны фанатык бачыў у ім не таленавітага военачальніка, а ерэтыка, якому месца ў пекле, а не ў каралеўскіх пакоях.

Князь Крыштаф нізка пакланіўся. Катарына дрыготкімі пальцамі ўзялася за край сукенкі і цырымонна прысела. Багуслаў нават галавы не нахіліў, стаяў роўна і ўважліва разглядаў караля. Але чары яго прыгажосці ўжо падзейнічалі на Жыгімонта і растапілі лёд яго душы.

— Якое прыгожае дзіця! — літасціва ўсміхнуўся ён і зрабіў знак Багуславу, каб падышоў бліжэй.

Але каралеўская ўсмешка адразу ж знікла, калі «прыгожае дзіця», смела падышоўшы да трону, падало каралю руку для прывітання.

— Хто ж так вітае караля, пляменніку? — падбег збялелы ад неспадзяванкі князь Крыштаф. — Падай у ногі яго вялікасці і…

— Што? — аж скалануўся хлопец, але тут жа апанаваў сябе і дадаў ужо спакайней: — Чаму я павінен гэта рабіць? У рэшце рэшт, кароль такі ж чалавек, як і я.

У зале настала такая цішыня, што чуваць было, як дзесьці гудзе яшчэ сонная вясновая муха. Жыгімонт нахмурыўся, і, заўважыўшы, што ўсе погляды ў зале звернутыя на яго, прымусіў сябе зарагатаць.

— Дайце яму спакой, — звярнуўся ён да князя крыштафа, які, не чакаючы такога нахабства ад пляменніка, яго рэзка адчытваў, і да маршалка каралеўскага двара, які ўслых абураўся такой непачцівасцю. — Ракашанін!

На гэтым аўдыенцыя і скончылася. Вядома, потым князь Крыштаф яшчэ доўга папракаў пляменніка за неразважлівыя паводзіны, хоць і добра разумеў іх прычыны. Але цяпер не час быў для выхаваўчай гутаркі. Развітаўшыся з Жыгімонтам, гетман міла загаварыў з яго сынамі — каралевічамі Уладзіславам і Янам Казімірам, якія падышлі прывітацца.

Мяккія словы Уладзіслава вельмі адрозніваліся ад бацькавых сечаных фраз, а што тычыцца Яна Казіміра, дык яго посны твар крыху памякчэў, калі ён убачыў князёўну Катарыну. Пакуль старэйшы брат гутарыў з князем-гетманам, ён ласкава загаварыў з дзяўчынай. Відаць было, што яе прыгажосць кранула каралевіча, і Катарына, заўважыўшы гэта, зусім акрыяла і пачала размаўляць з прынцам так смела, як можа дазволіць сабе толькі прыгожая дзяўчына ды яшчэ і радзівілаўскага роду.

Багуслаў заўважыў, што і Уладзіслаў зацікаўлена глядзіць у бок князёўны, спрабуючы пачуць, пра што яна шчабеча з братам. Скончыўшы размову з гетманам, ён падышоў да Радзівілаўны і папрасіў у яе прабачэння за халодны каралеўскі прыём.