Выбрать главу

У ліку апошніх задум герцагіні дэ Шэўрэз быў мяцеж пад кіраўніцтвам графа Суасона, якому лёгка ўдалося разграміць пасланае супраць яго французскае войска. Але нечаканая смерць пераможца, якой адразу скарыстаўся Рышэлье, прымусіла ўсіх змоўшчыкаў ратавацца ўцёкамі — вядома ж, у гасцінны Брусэль.

Такія былі наступствы інтрыгі, на якую Радзівіл звярнуў увагу яшчэ падчас мінулай паездкі ў Нідэрланды. Новае ж наведванне Брусэля пераканала яго, што самае цікавае толькі пачынаецца. Тут услых пляткарылі аб шлюбе кардынала-інфанта са старэйшай дачкой Гастона Арлеанскага і пра тое, што гэты шлюб павінен пакласці канец франка-іспанскай вайне. Не маўчала і Беатрыса Кюзанс. З яе слоў Радзівіл зразумеў, што несуцішная Шаўрэта ўцягнула Карла Латарынгскага ў змову графа Суасона, за што ён у чарговы раз паплаціўся сваім герцагствам — яго занялі французскія войскі.

— Баюся, што я так і не дачакаюся спакойнага жыцця, — скардзілася Беатрыса. — Шарль сцвярджае, што барацьба працягваецца, бо змову супраць Рышэлье цяпер падтрымліваюць уплывовыя прыдворныя французскага караля, а таксама Англія, Савоя і Іспанія.

Супаставіўшы гэтыя чуткі са сваімі здагадкамі, Багуслаў западозрыў, што гаворка ідзе ўжо не пра чарговы мяцеж французскай арыстакратыі супраць першага міністра, а пра магчымы міжнародны альянс, скіраваны на адрыў Францыі ад пратэстанцкіх саюзнікаў і прыцягненне яе да Габсбургскай кааліцыі. Свае назіранні ён выказаў у лісце да жонкі прынца Аранскага, якая займалася палітычнымі справамі больш, чым яе ваяўнічы муж, і цяпер чакаў адказу.

— Мяне, вядома, гэта не тычыцца, — растлумачыў князь сваё ўмяшанне пану Пуцяту, які яшчэ заставаўся яго першым дарадцам. — Але Францыя — саюзнік пратэстанцкага лагера ў гэтай вайне, і калі мяцежнікі раптам перамогуць і замірацца з Іспаніяй, мае адзінаверцы замест прыяцеля на поле бою атрымаюць яшчэ аднаго ворага. Як евангелік я павінен гэтаму перашкодзіць.

Пан Пуцята падтрымаў выхаванца. Паслаўшы з лістом у Галандыю Ферха, Радзівіл стаў нецярпліва чакаць адказу. Смерць дона Фердынанда таксама не пазбавіла яго былых падазрэнняў: князь прадбачыў, што змоўшчыкі з-за гэтага не адмовяцца ад сваіх планаў, толькі цяпер будуць перамаўляцца не з брусэльскім дваром, а непасрэдна з Мадрыдам.

Чакаючы адказу з Гаагі, Радзівіл ад нудоты пачаў прыглядацца да французскіх мяцежнікаў, якія знаходзіліся ў Брусэлі. Першым трапіўся яму ў вочы прынц дэ Гіз — той самы рэймскі арцыбіскуп, які ў свой час перашкодзіў Багуславу дамагчыся кахання Ганны Ганзага. Цудоўны вобраз ганарлівай прынцэсы, які ў яго сэрцы засланіла прыгажосць Беатрысы Кюзанс, часам яшчэ з’яўляўся перад вачыма князя — ужо не з-за кахання, а хутчэй з жалю па няспраўджаных марах. Асуджаны ў Францыі да смяротнага пакарання, месье Рэймс, як яго называлі французы, вядома, страціў арцыбіскупства разам з прыбыткамі ад яго, але захаваў царкоўны сан, да якога, зрэшты, не адчуваў ніякай цягі.

Насіў свецкія ўборы і шпагу, вольны час праводзіў на вясёлых імпрэзах ці з легкадумнымі жанчынамі і, здавалася, зусім не ўспамінаў тую, якую ў Францыі называў жонкай.

Праз два дні пасля смерці кардынала-інфанта Брусэль ускалыхнула навіна: месье дэ Рэймс зноў «ажаніўся»! І зноў таемна — з маладой удавой графа Басута — Анарэяй дэ Бергес. Вядома, такія навіны схаваць немагчыма, хутка пра «шлюб» стала вядома нават тым, хто не хацеў нічога ведаць. Багуслаў даведаўся пра яго ў доме дона Францыска дэ Мэла. Зайшоў развітацца і атрымаць абяцаны пашпарт, ды прыняў блізка да сэрца навіны пра новае сямейнае шчасце дзіўнага прэлата.

— Ну і нягоднік! — гучна сказаў прынц. — Спадзяюся, у гэтай герцагіні дэ Гіз знойдуцца сваякі, здольныя трымаць шпагу, якія б змаглі патлумачыць арцыбіскупу, што такое шляхецкі гонар.

На гэтыя словы падняўся невысокі лысаваты мужчына, якога дон Францыска прадставіў Багуславу як новага графа Басута. Яго непрыгожы маршчыністы твар аж гарэў гневам.

— Я прашу яго светласць растлумачыць, што ён мае на ўвазе, — працадзіў ён, варожа гледзячы на Радзівіла. — Зрэшты, тут гаворка ідзе пра гонар маёй сям’і. Даводжу да ведама мансеньёра, што герцаг дэ Гіз сцвярджае, быццам не прымаў абяцанняў бясшлюбнасці і мае права ўступаць у шлюб, якое яму даў…

— …сам Папа, — закончыў Радзівіл. — Я гэтыя размовы чуў яшчэ ў Парыжы і калі дазваляю сабе цяпер выказваць сумневы ў законнасці яго шлюбу, дык толькі таму, што дакладна ведаю: месье дэ Гіз ужо мае жонку ў Францыі, і вельмі сумняваюся, каб Папа дазволіў яму ажаніцца другі раз.