Выбрать главу

Яго ўпэўненасць ва ўласных словах і рашучы погляд трохі астудзілі запал графа. Холадна пакланіўшыся Радзівілу і ўсім прысутным, Басут пакінуў дом дона Францыска, мармычучы праклёны на адрас дэ Гіза і абяцаючы абавязкова ўсё высветліць. Багуслаў таксама не стаў затрымлівацца — атрымаўшы дарожны пашпарт, ён паспяшаўся да сябе таму, што меў важныя справы — з Галандыі вярнуўся Ферх і прывёз ліст ад прынцэсы Аранскай. Звесткі з Гаагі прымусілі князя паскорыць ад’езд у Францыю.

— Мадам Амалія просіць мяне паехаць да французскага двара і высветліць, хто тыя людзі з каралеўскага атачэння, якія падтрымліваюць інтрыгі мадам дэ Шэўрэз і чаго яны хочуць, — растлумачыў ён сваё рашэнне пану Пуцяту.

Яшчэ некалькі дзён прайшло ў падрыхтоўцы да падарожжа, візітах да знаёмых і горка-салодкім развітанні з графіняй Кюзанс, якая не стрымлівала слёз.

Нарэшце можна было рушыць. Таго самага ранку, калі княжацкі поезд з дзвюх карэт для князя і яго шляхціцаў, а таксама ўзброенай чэлядзі, якая суправаджала іх верхам, выехаў праз паўднёвую гарадскую браму, яму давялося сутыкнуцца з нейкім нервовым падарожнікам, які, вызірнуўшы ў акно карэты, гучна панукаў свайго фурмана ехаць хутчэй. Прыбыўшы да брамы амаль адначасова з нахабнікам, Багуслаў ужо збіраўся расказаць яму, што думае пра такую грубасць, але ўбачыўшы на дзвярах карэты яскравы герб з трыма латарынгскімі арламі, толькі засмяяўся. Гэта вясёлы арцыбіскуп рэймскі спешна ўцякаў з горада, пакінуўшы новай «жонцы» не імя, а хіба салодкія ўспаміны пра некалькі начэй, праведзеных разам…

х х х

Дарога Радзівіла ў Францыю пралягала праз знішчаны вайной край, які цалкам спустошылі французская і іспанская арміі. Дэзерціры, якія трапляліся па дарозе, хціва касіліся на багаты поезд, і толькі ўзброеная да зубоў чэлядзь стрымлівала іх прагу ўзбагачэння. Халодная восеньская імжа размыла і так разбіты шлях, і карэты, правальваючыся ў бруд, ледзь сунуліся. Добра, што хоць неяк ехалі.

На пад’ездзе да французскага мястэчка Камбрэ Багуслаў заўважыў перавернутую дагары карэту, да якой слугі спрабавалі прычапіць кола, і двух змоклых жанчын, якія дрыжалі на халодным ветры, чакаючы сканчэння работ. Убачыўшы падарожнікаў, адзін слуга выскачыў на дарогу, загарадзіўшы праезд.

Багуслаў тузануў за вяроўку званка, даючы фурману знак спыніцца.

— Ян, даведайся, што адбылося і чым я магу дапамагчы, — загадаў князь Невяроўскаму.

Вярнуўся ён хутка, з дзіўным выразам твару, і адразу затарахцеў, ледзь стрымліваючы смех:

— Гэта экіпаж маркізы Ганзага, мансеньёр! Яна просіць дапамогі і дазволу дабрацца з вамі да бліжэйшага дома, дзе можна хоць бы абсохнуць, сагрэцца і пачакаць, пакуль слугі парамантуюць яе карэту.

— Маркіза Ганзага? — здзіўлена перапытаў Багуслаў.

Ян кіўнуў, не хаваючы ўсмешкі. Князь таксама ў думках здзівіўся выбрыкам лёсу, але ўголас сказаў:

— Што ж, Ян, скажы мадам маркізе, што прынц Радзівіл запрашае яе да сябе ў карэту.

— Дык у нас жа няма месца, — умяшаўся ў размову Стаброўскі.

— Калі ты вылезеш, будзе, — падміргнуў князь. — Ты, Ян, я бачу, ужо перапэцкаўся як свіння, і таксама паедзеш верхам. І пакінь тут трохі чэлядзі на дапамогу слугам прынцэсы.

— Так заўсёды, — уздыхнуў Невяроўскі і пайшоў да жанчын, якія нецярпліва чакалі адказу.

Стаброўскі падаўся следам, а пан Пуцята і Ферх, не чакаючы загаду, селі каля Багуслава, пакінуўшы сядзенне насупраць пустым. Князь вызірнуў і ўхвальна ўсміхнуўся, заўважыўшы, што Ян і Самуль здагадаліся ўзяць абедзвюх жанчын на рукі, каб тыя не забрудзілі ножак у дарожным балоце.

Прынцэса Ганна села ў карэту і прыбрала з залітага дажджом ці слязьмі твару капюшон плашча. Яна дрыжала ад холаду, але яе шчокі чамусьці гарэлі ружовым румянцам. Багуслаў дапамог ёй зняць наскрозь прамоклы плашч і надзець свой, сухі, а затым працягнуў ужо паўпустую пляшку з віном.

— Зрабіце глыток, мадам, — прапанаваў ён, калі яна адмоўна пакруціла галавой. — Цяпер не да цырымоній.

Прынцэса паслухалася, а потым працягнула пляшку служанцы, якая хуталася ў плашч Ферха.

— Сам бог паслаў вас сюды, мансеньёр, — шчыра сказала яна.

Князь усміхнуўся і загадаў фурману рухацца. Ганна ўжо трохі ачомалася пасля нечаканай прыгоды, хоць усё яшчэ трэслася.

— Што вы тут робіце, прынц? — спытала яна. — «Французская газета» пісала, што вы былі ў арміі прынца Аранскага.

— Зараз, як бачыце, еду ў Парыж, — усміхнуўся Багуслаў. — А вы?

Ганна пачырванела.

— Да мужа, у Брусэль, — прызналася яна.