— Да мужа?
Памятаючы шлюбную авантуру герцага Гіза, Радзівіл не мог не разумець, што Брусэль — апошняе месца на зямлі, куды варта было ехаць адданай жанчыне. Ферх і пан Пуцята, якія, вядома, таксама былі абазнаныя ў асабістам жыцці прынцэсы, няёмка пераглянуліся.
— Баюся, герцаг выехаў з горада, — нарэшце сказаў князь. — Мы сустрэлі яго карэту каля гарадской брамы. Няўжо ён вам нічога не пісаў? — пацікавіўся ён, спрабуючы зразумець, як далёка могуць сягнуць мяжы чалавечай бессаромнасці.
Ганна пачырванела яшчэ больш.
— Я ўжо даўно не атрымлівала яго лістоў, — адказала яна. — Напэўна, з-за гэтай праклятай вайны… А, можа, проста не жадае кідаць цень на мяне, бо ў Францыі… вы ж, напэўна, ведаеце, мансеньёр, яго чакае эшафот.
Багуслаў кіўнуў.
— Вы адважная жанчына, мадам, — сказаў ён, — калі вырашылі падзяліць лёс выгнанца.
— Я перад богам паклялася, што буду з ім і ў радасці, і ў бядзе, — з выклікам сказала прынцэса.
Пан Пуцята закашляўся ад хвалявання. Мяркуючы, што маршалак можа распусціць язык, князь строга паглядзеў на яго, загадваючы маўчаць. Яму самому вельмі не хацелася ўмешвацца ў гэтую справу, але не ўмешвацца ён таксама не мог.
У вартым жалю камбрэскім шынку, дзе падарожныя спыніліся, чакаючы, калі слугі парамантуюць карэту маркізы, падарожнікам змаглі прапанаваць хіба дах над галавой, яечню з толькі што спечаным хлебам і кубак гарачага віна. Зрэшты, Радзівіл, які меў з сабой дастаткова харчоў, не звяртаў увагі на такія дробязі. Куды больш яго хвалявала размова з Ганнай Ганзага.
— Я б не хацеў быць крумкачом, які прыносіць дрэнныя навіны, і хацеў бы, каб вы даведаліся іх не ад мяне, — нарэшце сказаў князь, калі яны з прынцэсай змаглі адасобіцца. — Але калі ўсё ж вырашыце працягнуць сваю паездку, думаю, вам лепш ведаць, што чакае наперадзе.
Ганна трывожна зірнула на яго.
— Пра што вы, прынц? — спытала яна.
Багуслаў адкашляўся.
— Некалькі тыдняў таму герцаг Гіз «ажаніўся» ў Брусэлі з графіняй Басут. Небарака абвясціла, што ляжа ў яго ложак не палюбоўніцай, а законнай жонкай, — сказаў ён. — Кажу вам гэта, каб зберагчы ад кпінаў, якімі абавязкова прывітае сталіца Фландрыі, калі, вядома, вы вырашыце туды прыехаць.
Пачуўшы гэта, прынцэса, як рыба, некалькі хвілін хапала ротам паветра.
— Вы… вы гэта прыдумалі, — прашаптала яна. — Гэта… гэта няпраўда! Ён не мог такое ўчыніць са мной!
Радзівіл маўчаў, і абурэнне маркізы Ганзага хутка змянілася слязьмі. На плач гаспадыні прыбегла і камерыстка, якая пачала яе супакойваць. Багуслаў, сэрца якога разрывалася ад спагады, адчуў, што ён тут лішні.
— Я прышлю да вас свайго лекара, — сказаў ён, выходзячы.
Заспакаяльная настойка княжацкага медыка сапраўды дапамагла, раніцай прынцэса Ганна здавалася спакойнай і змагла нават праглынуць некалькі кавалкаў халоднай кураціны.
— Вы сапраўды не прыдумалі гэтую гісторыю, прынц? — нарэшце спытала яна, пільна пазіраючы князю ў вочы.
— Хацеў бы прыдумаць, калі ўбачыў, як вы пакутуеце, — сказаў Багуслаў. — Але, на жаль, так яно і ёсць…
— Мярзотнік, — на вачах у Ганны зноў з’явіліся слёзы. — Які ж ён мярзотнік!
— Не буду адмаўляць, — сказаў Радзівіл і, убачыўшы, што жанчына зноў збіраецца расплакацца, хутка сказаў: — Мадам, я разумею ваша гора, але, баюся, павінен працягваць падарожжа. Слугі ўжо адрамантавалі карэту, і вы таксама можаце рухацца.
— І куды ж мне ехаць? — усхліпнула Ганна Ганзага.
Багуслаў узяў яе дрыготкія рукі ў свае.
— Думаю, вам лепш вярнуцца дадому і ўжо адтуль напісаць герцагу Гізу і ўсё высветліць. Думаю, у яго павінна хапіць рэшткаў сумлення хоць неяк растлумачыць вам свой учынак.
Ганна падняла на яго залітыя слязьмі вочы.
— Я вам не веру, — прашаптала яна.
Радзівілу здалося, што ён пачынае вар’яцець. Ён не мог бачыць жаночых слёз, асабліва слёз жанчыны, якую калісьці кахаў і (ён здзіўлена зразумеў) да гэтага часу… можа, і не кахае, але па меншай меры, не застаецца да яе абыякавым, бо першае каханне не забываецца.
— Тады ён напіша, што я мярзотнік і хлус, — усміхнуўся ён. — І ў мяне з’явіцца добрая нагода выклікаць яго на паядынак… Словам, мадам, — ён пастараўся, каб яго голас гучаў як мага больш пераканаўча. — Я еду ў Парыж і бяру вас з сабой.
Князь чакаў супраціву, але Ганна Ганзага і не думала супраціўляцца. Уявіўшы, якая ганьба чакае яе ў Брусэлі, калі ўсё сказанае князем — праўда, яна пагадзілася вярнуцца дадому.
Дарога ў Парыж у таварыстве жанчыны, якая аплаквала сваё няшчасце, ператварылася для Радзівіла на вытанчанае катаванне. Каб звярнуць думкі маркізы на іншае, ён перавёў размову на графа Суасона і французскіх арыстакратаў, якія цяпер хаваліся ў Брусэлі ад гневу Рышэлье. Багуслаў зусім не збіраўся выкарыстаць яе гора, каб атрымаць звесткі, для якіх ён, уласна, і ехаў у Францыю. Але жанчына не маўчала.