Выбрать главу

— Здаецца, вы, мансеньёр, не любіце месье Сэн-Мара? — у аксамітных вачах Мазарыні, цёплых, як паўднёвая ноч, успыхнулі вясёлыя іскрынкі.

— Я аддаю перавагу заляцанням да чароўных жанчын, — сказаў на гэта князь. — А пра вартасці месье ле Грана хай мяркуюць іншыя, а не я.

Сеньёр Джуліа ветліва бліснуў здаровымі белымі зубамі і, разбаўляючы размову пікантнымі анекдотамі, якія тады гулялі французскім дваром, непрыкметна зачапіў асобу прынца Аранскага — так умела, што Радзівіл заўважыў яго дыпламатычныя манеўры, ужо калі яны з хітрым італьянцам заўзята абмяркоўвалі найноўшыя хітрыкі еўрапейскай палітыкі і нават крэслілі на ўяўнай еўрапейскай карце новыя межы, да стварэння якіх павінны былі прывесці супольныя перамогі галандска-французскай зброі.

— Здаецца, вашу светласць гасцінна сустрэлі ў Гаазе? — як бы незнарок спытаў Мазарыні, але Багуслаў ужо зразумеў сэнс гэтых роспытаў.

«Калі я не памыляюся, Рышэлье праз гэтага ліса спрабуе высветліць, што я раблю ў Парыжы», — падумаў Радзівіл, злуючыся на сябе за тое, што сваімі заўвагамі мог выклікаць падазрэнні ў шпіянажы.

— І ў Гаазе, і ў Англіі, і нават у Брусэлі, — сказаў ён як мага больш ганарліва, бо таксама ўмеў гуляць у дыпламатычныя гульні. — Прызнаюся, што і на французскую гасціннасць я паскардзіцца не магу.

— Мансеньёр мае на ўвазе свой велізарны поспех у чароўных францужанак? — Мазарыні з усіх сіл стараўся здагадацца, ці сапраўды гэты прыгажунчык, акрамя выдатнай знешнасці, можа пахваліцца яшчэ і розумам. — Здаецца, я ўчора бачыў вас у таварыстве герцагіні Мантуанскай?

Зразумеўшы, што ліслівы італьянец сачыў за ім, Багуслаў з прыкрасцю скамячыў у кулаку карункавую хустку, але працягваў усміхацца гэтак жа асляпляльна, як і сеньёр Джуліа.

— Герцагіні Мантуанскай? — перапытаў ён з выдатна разыгранай легкадумнасцю. — Шчыра кажучы, мяне больш цікавіць яе сястра. Цяпер, калі герцаг дэ Гіз нарэшце прадэманстраваў свету сваю подласць, маю надзею, што змагу схіліць яе сэрца да сябе.

Нядбайна-ветліва крануўшыся рукой моднага капелюша, Радзівіл паспяшаўся далучыцца да пярэстага прыдворнага натоўпу, які на паважнай адлегласці суправаджаў яго вялікасць. Пасля гэтай размовы ў яго не было іншага выбару, як стаць самым адданым прыхільнікам Ганны Ганзага.

х х х

Роля кавалера маркізы Ганзага для самаўпэўненага Радзівіла была вялікім выпрабаваннем: адданая жанчына ўпарта працягвала тытулаваць сябе герцагіняй дэ Гіз і цешылася пакутам, бо перажытыя пачуцці мелі ў яе вачах большую вагу, чым шчаслівая будучыня. Такія паводзіны раздражнялі Багуслава, які любіў вясёлых жанчын і шалёна сумаваў без гарачых абдымкаў Беатрысы Кюзанс. Усё ж, развейваючы тугу ў абдымках уладальніц гучных і не вельмі тытулаў або іх саступлівых камерыстак, якія часта былі прыгажэйшымі за высакародных гаспадынь, Радзівіл упарта працягваў наведваць прынцэсу Ганну і ўжо хутка набыў рэпутацыю яе вернага паладзіна. Такія паводзіны давалі князю магчымасць бываць у парыжскім доме Ганзага, куды часта зазіраў месье Сэн-Мар.

Нішто не ўпрыгожвае жанчыну так, як каханне. Трыццацігадовая герцагіня Мантуанская здавалася (прынамсі сабе) маладзенькай дзяўчынай побач з юным палюбоўнікам. Гэта выклікала злыя насмешкі прынцэсы Ганны, якая добра ведала пра скандальнае жыццё Сэн-Мара, які, акрамя каралеўскай спальні, наведваў дом знакамітай куртызанкі Марыён Дэлорм і працягваў пісаць пяшчотныя лісты прыгожанькай мадэмуазэль дэ Шамро. Але больш за ўсё маркізу такавала нізкае паходжанне ле Грана, якім яна пры любым выпадку калола вочы сястры.

— Анры можа заняць месца Рышэлье, які стаў герцагам з каралеўскай волі, — агрызалася Марыя Луіза. — Трэба толькі пазбавіцца ад першага міністра, каб адкрыць яму шлях уверх.

— А ты пэўная, што ў ле Грана дастаткова розуму, каб кіраваць Францыяй так, як гэта цяпер робіць кардынал? — не маўчала Ганна.

— У мяне — дастаткова, — запэўнівала яе сястра.

Між тым каралеўскі двор рыхтаваўся да працягу вайны з іспанцамі, і ваенная кампанія ў Лангедоку займала гарачыя галовы шляхты больш, чым палітычныя інтрыгі. Прынцэса Марыя была несуцешная — яе каханы, вядома ж, павінен быў суправаджаць караля падчас ваенных дзеянняў.

Напярэдадні ад’езду ле Гран асабіста з’явіўся ў гатэлі Ганзага, каб развітацца з яго жыхарамі. Багуслаў, які ў той вечар таксама быў сярод запрошаных гасцей, заўважыў, што каралеўскі фаварыт надзвычайна ўзбуджаны. Схіліўшыся да рукі прынцэсы Марыі Луізы, юнак потым доўга шаптаў ёй нешта на вуха. Князь, які пільна назіраў за імі абаімі, мог паклясціся, што гаворка ідзе зусім не пра любоўныя афекты, нават нягледзячы на тое, што звычайна бледныя шчокі мантуанскай герцагіні ўжо зраўняліся колерам з пурпурным бантам на карсажы сукенкі. Схапіўшы палюбоўніка за руку, яна пакінула гасцёўню так хутка, што выклікала насмешкі гасцей, якія адразу прыпісалі гэтыя ўцёкі палаючай жарсці. Прынцэса Ганна не хавала абурэння. Яна не вельмі любіла Марыю Луізу, якая яшчэ ў маладосці спрабавала аддаць сясцёр у кляштар, каб не дзяліцца з імі бацькоўскай спадчынай, і цяпер, гледзячы на яе скандальныя паводзіны, падтрымала жарты гасцей вострымі заўвагамі. Радзівіл заўсёды стараўся пазбягаць жаночых звад, таму прадбачліва адышоў да вялікага каміна, які забыліся распаліць слугі. Працягнуў руку, каб узяць трутніцу і запаліць агонь, але тут жа пра яе забыўся, пачуўшы аддаленыя галасы мантуанскай герцагіні і Сэн-Мара, якія пра нешта ўпарта спрачаліся. Князю прыйшлося напружыць слых, каб расчуць асобныя словы, якія паступова складаліся ў сказы.