— Калі французскія агенты вартыя сваёй гучнай славы, яны самі разбяруцца, што тут да чаго, — вырашыў князь. — А шпіёнскі занятак не пасуе прынцу Свяшчэннай Рымскай імперыі…
Усё ж цалкам адмежавацца ад змовы Багуславу, нягледзячы на высакародныя намеры, ніяк не ўдавалася. Цяпер, калі кароль з кардыналам і сваім дваром адбылі ў Лангедок, каб вярнуць Францыі іспанскі Русільён, палац у Фантэнбло, дзе засталася каралева з дзецьмі, нібы скінуў з сябе цяжкія кайданы. Балеты, якія французскі кароль лічыў абавязкам даваць кожны год, цяпер танцаваліся ледзь не штотыдзень. І хоць званыя вячэры не маглі пахваліцца асаблівай пышнасцю, а высакародныя танцоркі скардзіліся на недахоп кавалераў, Радзівіл адчуваў сябе тут як рыба ў вадзе. Спадзеючыся ўзяць удзел у летняй кампаніі прынца Аранскага, ён не паехаў у французскую армію і скіраваў свае сілы на канчатковае заваяванне Ганны Ганзага. Пасля таго, як герцаг дэ Гіз пісьмова пакаяўся прынцэсе ў тым, што духоўны сан усё ж не даваў яму права ажаніцца, прыгажуня ўжо не супраціўлялася князю так рашуча, як раней, хоць і выкідваць белы сцяг не спяшалася. Багуславу заставалася гасіць прыкрасць у выслухванні апошніх прыдворных плётак. Ён ужо ведаў, што Мазарыні атрымаў з Рыма кардынальскую шапку, якую яму «за заслугі перад святым пасадам» выпрасіў кардынал Рышэлье. Распавядалі, што, пачуўшы жаданую навіну, новапрызначаны кардынал упаў на калені і, уздымаючы рукі да неба, застыў у дзіўным экстазе, паўтараючы: «Цяпер я багаты! Багаты!» Багуслаў усміхнуўся, заўважыўшы, што з гэтага часу пацёртыя карункі на сутане італьянца замяніліся брыльянтамі памерам з перапялінае яйка. Іншая, важнейшая навіна тычылася замаху на Рышэлье, які рыхтаваў Сэн-Мар і яго сябры. Прынцэса Марыя Луіза, то заліваючыся слязьмі, то скрыгочучы зубамі ад злосці, паведаміла, што ў Ліёне, куды 17 лютага прыбыў каралеўскі картэж, Сэн-Мар змовіўся з дэ Трэвілем, каб той як капітан мушкецёраў дапамог размясціць змоўшчыкаў у пакоях побач з каралеўскімі. Па знаку Сэн-Мара тыя мелі ўварвацца ў кабінет, дзе штодня працавалі кароль са сваім міністрам, і забіць Рышэлье.
Гэтую справу заваліў сам каралеўскі фаварыт. Калі з’явіўся кардынал, ён, так і не дабіўшыся ад Людовіка выразнай згоды на забойства Рышэлье, не змог прымусіць сябе падаць знак сваім сябрам і бясслаўна пакінуў каралеўскія пакоі.
Пераканаўшыся, што ад дурнога юнака не даводзіцца чакаць выбітных дзеянняў, Багуслаў вырашыў пакінуць Парыж — Беатрыса Кюзанс даслала яму ліст са спакуслівай прапановай наведаць яе ў Безансоне, які належаў яе нябожчыку мужу. Пяшчотна развітаўшыся з Ганнай Ганзага, якая да апошняга не магла паверыць у нечаканы ад’езд свайго вернага кавалера, ён адправіўся насустрач каханню.
Раздзел З
ПРЫГОДЫ ЦАДРОЎСКАГА
Вільня — Гданьск — Кіль — Гамбург — Брэмен — Гаага
(люты — чэрвень 1642 года)
Пасля ад’езду Багуслава ў Еўропу Ян Цадроўскі застаўся служыць пад кіраўніцтвам ужандоўскага старосты Рэчыцкага, якога Радзівіл прызначыў сваім галоўным аканомам. Той нават не здагадваўся, што разумны і паслужлівы юнак сачыў за кожным яго крокам па просьбе Саковіча, які вырашыў сам любым спосабам атрымаць гэту пасаду. Вынікі сваіх назіранняў Ян рэгулярна перадаваў ашмянскаму падкамораму, і хоць адчуваў сябе апошнім падонкам, супакойваў сябе тым, што і гэтай бруднай справай так ці інакш, але ўсё ж служыць князю.
Сёння Цадроўскі прыбыў на чарговую сустрэчу з панам Саковічам у Вільню, дзе той некалькі гадоў таму набыў сумнавядомую Кішчынскую камяніцу на Нямецкай вуліцы, слаўную тым, што ў ёй памерлі ліхою смерцю некалькі папярэдніх уласнікаў. Апошні гаспадар аддаў дом за даўгі яўрэю Майсеевічу, але таму не наканавана было доўга радавацца выгаднай здзелцы — прывід, які жыў у гэтым доме ўжо некалькі гадоў і пры жыцці быў прававерным каталіком, не ўзрадаваўся, што дзеліць дом з яўрэем, таму шкодзіў новаму ўласніку як толькі мог. Беднаму гаспадару давялося ператрываць нечаканы пажар, страшнае нашэсце соў, якія атакавалі дом у вераб’іную ноч, а потым яшчэ і вужоў, на якіх ён доўгі час натыкаўся ў самых нечаканых месцах. Чым старанней Майсеевіч змагаўся за сваё законнае права на дом, тым больш лютаваў яго сапраўдны гаспадар. Пакупнікоў на жыллё таксама не знайшлося, хаця няшчасны яўрэй, сціснуўшы зубы, знізіў цану амаль удвая. У рэшце рэшт ён вымушаны быў саступіць дом Саковічу за бесцань. Памятаючы гэтую гісторыю, Ян са страхам пераступіў парог камяніцы. Нягледзячы на дурную славу, дом выглядаў прыгожа і мірна. Цёпла патрэсквалі дровы ў вялікім каміне гасцявой залы, а водары страў, якімі добра вымуштраваныя слугі застаўлялі цяжкі дубовы стол з пазалочанымі ножкамі, прымусілі згаладнелага юнака забыцца пра нячыстую сілу. Папраўдзе кажучы, грозная постаць гаспадара дома палохала разумных людзей больш, чым яго замагільны жыхар.