Выбрать главу

— Гэта мая бочка! — крыкнуў ён і ахнуў ад болю, бо Петэрсан з усяе сілы наступіў яму на нагу.

Але было позна. Мытнікі, якія ўжо лічылі знаходку сваёй, зусім не ўзрадаваліся з’яўленню гаспадара, каршунамі кінуліся да яго і абступілі цесным паўколам.

— Кантрабандысты! — закрычаў адзін з іх, напэўна, начальнік. — Сказалі, што везлі збожжа ў Амстэрдам, а самі збіраліся тут віном гандляваць!

— У турму іх! — падтрымаў яго хтосьці з мытнікаў. — У кайданы!

Зразумеўшы, што ўратаваць віно ад прагных ютландцаў наўрад ці ўдасца, а з-за супраціву можна трапіць у турму ці нават развітацца з жыццём, Цадроўскі пачаў іх супакойваць.

— Я памыліўся, — як мага больш упэўнена сказаў ён. — Віна на борце не было. Так, напэўна, пірацкае… Штормам змыла бочку ў мора…

Вочкі ютландца прагна бліснулі.

— Значыць, віно нічыё? — спытаў ён для выгляду.

Усе заківалі. Пасля гэтага задаволены нечаканай пажывай мытнік пакаціў бочку, а пацярпелым паказаў, у які бок ісці, каб наняць перавозчыка.

Правёўшы сумным поглядам салодкае віно, якое выплыла на бераг, каб трапіць на стол людзям, абсалютна пазбаўленым тонкага густу да высакародных напояў, Цадроўскі паволі рушыў па панурага Прыжыпкоўскага. Ледзь перастаўляючы ногі, якія гразлі ў пяску, Ян спрабаваў ступаць як мага асцярожней, спадзеючыся, што пяшчотны залаты перазвон не даляціць да вушэй абіралаў. На шчасце, грукат марскіх хваляў заглушыў гэтыя гукі…

У горадзе Яну ўдалося наняць перавозчыка да самага Гамбурга — стомлены прыгодамі юнак амаль не таргаваўся і заплаціў столькі, колькі той запатрабаваў. Разлічыўся, вядома, княжацкім золатам, спадзеючыся, што Багуслаў даруе яму гэтыя выдаткі.

У Гамбург даехалі без прыгодаў, а адтуль паштовай карэтай рушылі ў Брэмен. Гэтыя гарады пранесліся перад стомленымі вачыма падарожнікаў, нібы ў тумане. Але з кожнай міляю, якая набліжала канец падарожжа, Янава сэрца напаўнялася радасцю: ён быў жывы і амаль выканаў няпростае даручэнне.

Затым быў Альдэнбург, амаль родны Гронінген — і нарэшце Амстэрдам! Апошні раз змяніўшы перавозчыка, Цадроўскі даехаў да Утрэхта. Распытаўшы мінакоў, ён лёгка знайшоў дом, дзе кватараваў князь, які нядаўна вярнуўся з Францыі. Задача была выкананая!

х х х

Убачыўшы Цадроўскага, Багуслаў згроб яго ў абдымкі нават нягледзячы на тое, што ад каштоўнага кафтана, які са сваім гаспадаром перажыў такую купу прыгод, пахла, нібы ад сметніка.

— Ты выратаваў мне больш, чым жыццё, Ян, — сказаў ён. — Уратаваў мой гонар, бо з такімі пазыкамі ганебна з’яўляцца ў прыстойным таварыстве.

— І жыццё таксама выратаваў, — дадаў практычны пан Пуцята. — Бо нам, мансеньёр, ужо нават літоўскія купцы перасталі пазычаць грошы! А ўсё з-за Ворстармана, — ён пагразіў пальцам майстру Лукасу, які шырока ўсміхаўся прысутным. Ворстарман, як і раней, быў на радзівілаўскай службе і на мастацкіх аўкцыёнах прымудраўся спусташаць княжацкі кашалёк больш адчувальна, чым жанчыны, ювелір, княжацкі кравец з шаўцом і шыкоўныя абеды для сяброў-арыстакратаў разам узятыя.

Ян з вялікім задавальненнем зняў сярэбраны футляр з вэксалем, што моцна нацёр яму шыю. Працягнуўшы яго Багуславу, нарэшце сцягнуў з плеч абрыдлы кафтан і, падпароўшы падкладку, пачаў даставаць золата і расказваць пра свае прыгоды.

Аповед удалося скончыць, калі апошняя манета пакінула свой тайнік.

— Шкада, шацёр не ўдалося выратаваць, — пры канцы ўздыхнуў Цадроўскі. — І віно таксама.

— Ды чорт з тым віном, — апярэдзіў князя пан Пуцята. — Галоўнае, што сам жывым застаўся.

І нават бурчаць не стаў!

Княжацкую моладзь таксама ўразілі прыгоды сябра, таму хлопцы павіталі яго значна цяплей, чым Ян разлічваў. А Стаброўскі, які да гэтага часу смяяўся з Цадроўскага, што прамяняў іх з князем таварыства на спакойнае жыццё ў Літве, на гэты раз нават не знайшоў для яго нейкай абразы. Дзіўна ды і толькі!..

А на наступны дзень Цадроўскага чакала непрыемнасць.

Пасля таго, як Ян выспаўся і паснедаў, яго паклікаў да сябе Багуслаў. Юнак здзіўлена заўважыў, што ад добрага настрою, якім прамяніўся князь увесь учарашні вечар, не засталося і следу. Доўга здзіўляцца такой перамене яму не прыйшлося — Радзівіл патлумачыў яе сам.

— Пан Прыжыпкоўскі сёння перадаў мне просьбу Рэчыцкага даць яму больш спакойную пасаду, чым пасада галоўнага аканома. Як думаеш, чаму?

— Не магу ведаць, ваша княжацкая міласць, — шчыра здзівіўся Цадроўскі. — Пан староста мне нічога пра гэта не казаў.

— Затое патлумачыў мне сваім лістом і вуснамі пана Прыжыпкоўскага. — Багуслаў гаварыў спакойна, але напружанаму Яну здавалася, што князь амаль крычыць. — Абвясціў, што заўважыў, як ты шпіёніш за ім па загадзе Саковіча, і, падазраючы, што пан ашмянскі падкаморы паклаў вока на яго пасаду, хоча добраахвотна ад яе адмовіцца, каб не мець такога ворага.