Выбрать главу

У Яна аж калені задрыжалі. Ён добра ведаў Багуслава, якога цяжка было вывесці з раўнавагі, і бачыў, што нягледзячы на ўяўны спакой і роўны колер аблічча, князь вельмі злы на яго.

— Гэта праўда, прасветлы князь, — прызнаў ён, апусціўшы галаву. — Пан Саковіч сапраўды прасіў мяне пра такую паслугу, але з якой мэтай, я не ведаю.

— Вы з панам Саковічам што, зусім розум страцілі? — раўнуў Багуслаў. Ён ужо збіраўся насварыцца на Цадроўскага як след, але новая здагадка яго спыніла. — Ці… можа, Адам і табе пагражаў?

— Не, — сказаў Ян, але так няўпэўнена, што князь не паверыў і некалькімі ўдала падабранымі словамі так аблаяў Саковіча за сваволю, што ў юнака, які таксама пачуваўся вінаватым, аж калені затрэсліся.

Ён яшчэ не бачыў Багуслава ў такім гневе і не стаў на гэты раз папракаць сябе за баязлівасць, таму што быў упэўнены, што і сам ашмянскі падкаморы, калі б зараз быў тут, адчуў бы сябе вельмі няўтульна.

Патроху Радзівіл супакоіўся.

— Скажы, — ужо спакайней сказаў ён. — Адаму ўдалося заўважыць за ўпраўляючым нешта такое, пра што я павінен ведаць?

— Не, — прызнаўся Цадроўскі і, спрабуючы супакоіць нячыстая сумленне, дадаў: — Я перакананы, што пан аканом — сумленны чалавек. Думаю, што і пан Саковіч ужо ў гэтым пераканаўся, і па маім ад’ездзе павінен пакінуць пана Рэчыцкага ў спакоі…

— Маўчы, — загадаў князь. — 3 Саковічам я сам паразмаўляю!.. А калі пан Рэчыцкі, як ты кажаш, чалавек сумленны, я задаволю яго просьбу. Хай займаецца маімі кароннымі маёнткамі, а я ўжо паклапачуся, каб пан Адам яго не чапаў…

— Але… — у Яна ад такога рашэння аж мову адабрала.

Ён хацеў заступіцца за аканома, ды Багуслаў зрабіў знак замаўчаць. Князь не сказаў Цадроўскаму, што існавала яшчэ і іншая, не менш важная прычына, якая змушала ўпраўляючага прасіць пра больш спакойную пасаду. Ёю былі княжацкія даўгі, якія няўхільна раслі з-за радзівілаўскіх праектаў перабудовы ўладанняў і праз раскошнае жыццё за мяжой, якое ўжо не мог стрымаць нават пан Пуцята. Слушныя заўвагі Рэчыцкага не схілялі Багуслава да беражлівасці, а толькі раздражнялі. Таму Радзівіл вырашыў яго звольніць.

Цяпер стаяла пытанне, хто павінен стаць галоўным аканомам. Радзівіл раней хацеў прапанаваць гэтую пасаду Саковічу, але праз Адамава сваволле ўжо не мог пра гэта і думаць. Сам Рэчыцкі рэкамендаваў Сасноўскага, і, падумаўшы, князь вырашыў пагадзіцца.

— Хай пан Ян пакажа, на што здольны, — вырашыў ён. — А я пагляджу, што з гэтага выйдзе. У рэшце рэшт, звольніць яго я заўсёды змагу…

Багуславу зараз было не да гаспадарчых клопатаў — у бліжэйшы час ён збіраўся адбыць у лагер прынца Аранскага, каб узяць удзел у ваеннай кампаніі.

Раздзел 4

СПРАВА ГОНАРУ

Рэнен — Брусэль

(ліпень 1642 года)

У палацы багемскай каралевы Лізаветы Сцюарт рыхтаваліся да прыёму гасцей. Упраўляючы, які кіраваў сціплай хатняй гаспадаркай каранаванай удавы, устаў на досвітку і прайшоў на кухню, дзе ўжо кіпела праца. Гучна ўцягнуўшы носам водар цеста, які ішоў з дзежкі, паварушыў у кошыку свежазлоўленую рыбу, якая яшчэ біла хвастамі, не жадаючы трапляць на святочны стол, моўчкі паназіраў, як кухарка спрактыкавана сячэ галовы шасці куркам, памацаў тушку ягняці, якую кухар збіраўся нацерці соллю, перцам і часнаком перад тым як насадзіць на ражон, і, скрушна ўздыхаючы над такімі выдаткамі, пабрыў да піўніцы прадэгуставаць бургундскае віно, якое ўчора прывёз з Утрэхта разам з харчамі да сённяшняга банкету.

Дом павольна прачынаўся. Забегалі слугі на верхнім паверсе — прачнуліся маладыя прынцэсы і гучным смехам абудзілі маці. А калі падняліся прынцы і іх улюбёнцы — два велізарных догі, і ўсе разам галоснымі размовамі і гучным брэхам пачалі патрабаваць умывацца — апранацца — снедаць, дзень ужо быў у разгары.

Паселі за стол. Снедалі неахвотна, стравамі, якія засталіся пасля вячэры, затое шмат размаўлялі, а смяяліся яшчэ больш, чым звычайна, асабліва дзяўчаты, якія чакалі ў госці шляхетных кавалераў.

— Эліза, ты абавязкова павінна адзець чырвоную французскую сукенку, — весела сказала прынцэса Луіза старэйшай сястры. — Будзе прынц Радзівіл, а чырвонае выдатна пасуе да тваіх цёмных валасоў.