Выбрать главу

— Асцярожней, прынц. Такая ўвага можа не спадабацца графіні дэ Кюзанс. Я чуў, што Карл Латарынгскі нарэшце перастаў называць законным іх шлюб і прагнаў ад сябе палюбоўніцу. Не з тваёй дапамогай?

Багуслаў аж анямеў. Ён не меў звычкі выхваляцца любоўнымі перамогамі і пагарджаў кавалерамі, якія, не думаючы пра гонар сваіх жанчын, гучна пляткарылі пра свае амуры. Пакуль князь спрабаваў зразумець, адкуль Тарэнт даведаўся падрабязнасці, нахабнік працягваў балбатаць.

— Скажы, яна сапраўды такая прыгажуня, як пра яе кажуць?

— Цябе гэта не тычыцца, — працадзіў Радзівіл і імгненна пашкадаваў аб сваёй шчырасці, бо прынцэса Лізавета выхапіла руку з яго рукі.

Бялілы на яе твары расцякліся ад спёкі і гневу і нагадвалі васковую маску, якую кладуць на твар італьянскія камедыянты падчас сваіх прадстаўленняў. Да стала Лізавета пайшла сама.

Прынцэса Генрыета, холадна адмовіўшыся ад рукі Тарэнта, пабегла супакойваць сястру.

Тарэнт успрыняў свой афронт з філасофскім спакоем.

— Не пашанцавала нам з табой, дружа, — сказаў ён Багуславу, чый твар пералівалася ўсімі колерамі вясёлкі. — Але нічога: як адмовіць адна, то прылашчыць іншая.

Дагнаўшы каралеву Лізавету, Тарэнт фамільярна падхапіў яе пад левую руку, на правай ужо павіс д’Эпінэ.

Радзівіл трохі затрымаўся, каб перавесці дыханне. І калі ён, супакоіўшыся, прыйшоў у сталовую, то сутыкнуўся з новай непрыемнасцю. Злева ад каралевы Лізаветы размясціўся д’Эпінэ, пацясніўшы прынца Георга Вільгельма, якому давялося карыстацца месцам ля самай маладой з прынцэс — Сафіі, а ў ганаровым крэсле справа, якое заўсёды належала Багуславу, цяпер сядзеў прынц Тарэнт і нешта ціха шаптаў на вуха каралеве. Радзівіл падышоў да яго і гучна кашлянуў.

— Ты сядзіш на маім месцы, — сказаў, калі прынц звярнуў на яго ўвагу.

Француз паглядзеў на яго, на Лізавету, у канец стала, дзе пуставалі крэслы, — і сказаў з забойчай ветлівасцю, якая на самой справе была вытанчаным здзекам:

— Не дуры, Радзівіл. Вунь там яшчэ ёсць многа вольных месцаў — сядай, дзе хочаш.

Хтосьці з прысутных фыркнуў ад смеху. Багуслаў зразумеў, што, калі не дасягне свайго, будзе выглядаць папросту смешна. Ён ухапіўся абедзвюма рукамі за высокую спінку крэсла і так тузануў яго на сябе, што Тарэнт, які паспеў ускочыць на ногі, толькі цудам не загрымеў уніз.

— Як шкада, — холадна працадзіў князь. — Сам бачыш, што не табе тут сядзець.

— Панове, панове! — убачыўшы, што француз сціснуў кулакі, каралева Лізавета ўмяшалася ў сварку. — Не трэба сварыцца з-за такой драбязы. Д’Эпінэ, сябар мой, — звярнулася яна да фаварыта, — калі ласка, саступі крэсла прынцу Радзівілу.

Фаварыт выканаў просьбу яе вялікасці, але сеў у канцы стала гэтак жа неахвотна, як Багуслаў сеў злева ад каралевы.

— Я б з задавальненнем павучыў ветлівасці гэтага нахабнага паляка, — звярнуўся ён да Шомберга, які сядзеў побач. — Я, вядома, не мог не выканаць загаду каралевы, але Радзівіл мог бы і адмовіцца заняць маё месца.

— Лепш не чапай, — параіў той. — Я бачыў «гэтага нахабнага паляка» ў баі і сам ваяваў пад яго камандай каля Венло. Нас было можа з пяцьсот, іспанцы мелі з дзве тысячы пяхоты і яшчэ дзвесце рэйтараў; наскочылі яны на нас знянацку, і перш чым наш камандзір рэйнграф паспеў сцяміць, што рабіць, ён сам трапіў у палон. Дзякуй богу, Радзівіл узяў камандаванне на сябе. Мы тады перамаглі: чатыры харугвы ўзялі і тры сотні палонных.

— Там я сваю кулю і атрымаў, — падхапіў прынц Георг Вільгельм, які пачуў размову, — але гэта драбніца. Вунь графу Вальдэку тры разы ў калена трапілі, хоць бы нагу ўдалося выратаваць.

З гэтымі словамі ён падняў уверх келіх віна, гукнуўшы: «За Радзівіла!»

Багуслаў выпіў віна і ўсміхнуўся, але потым зноў спахмурнеў, заўважыўшы кіслую ўсмешку на вуснах Тарэнта.

«З гэтым пара пакончыць», — сказаў ён сабе.

Адразу пасля вячэры да нахабнага француза падышоў Шомберг і, адвёўшы яго ўбок, сказаў:

— Я павінен засведчыць вашай светласці, што герцаг Радзівіл як прынц Свяшчэннай Рымскай імперыі мае неаспрэчнае права першынства ва ўсіх свецкіх цырымоніях, і сёння вы абразілі не толькі самога герцага, але і ўсіх яго вялікіх продкаў. Такія паводзіны высакародны кавалер не можа пакінуць без адказу.