Выбрать главу

Радзівіл не ведаў, злавацца яму ці смяяцца.

— Ды адкуль ты ўзяла, што Лізавета мая палюбоўніца? — разгублена спытаў ён.

— Французскі двор пра гэта ўслых кажа! Маркіза Ганзага смяецца, што пакуль вы з Тарэнтам як два сабакі каля старой косткі хадзілі, яе згрыз д’Эпінэ! Ці ж не з-за каралевы Лізаветы ты з Тарэнтам збіраўся біцца на дуэлі, а потым, паслухаўшыся яе ўгавораў, ад рыцарскага гонару адступіўся?

Багуслаў пакінуў дом графіні Кюзанс галодным, так і не задаволіўшы жарсці, якой гарэла яго маладое цела.

Але гэта былі яшчэ кветачкі. У Брусэлі заўсёды хапала французскіх эмігрантаў. Яны сцякалася пад іспанскія сцягі, жадаючы ваяваць супраць свайго караля і яго першага міністра нават на баку варожай арміі, абы адпомсціць за абражаны гонар, і рэгулярна атрымлівалі весці з дому. Сярод іх быў той самы дэ Фантрай, што ездзіў у Мадрыд па даручэнні Сэн-Мара і Гастона Арлеанскага. З’яўленне ў Брусэлі Радзівіла, якога ў Францыі аднагалосна ахрысцілі баязліўцам, выклікала сярод французаў-выгнаннікаў залеву кпінаў, а гордыя іспанскія гранды наогул не разумелі, як пасля такой ганьбы яшчэ можна жыць на свеце.

Некалькі шчырых гутарак з «добразычліўцамі» адкрылі Багуславу вочы на тое, каму ён абавязаны ганебнай славай. Гэтага радзівілаўскі гонар не мог знесці, і абураны князь загадаў сваім людзям неадкладна рыхтавацца да ад’езду.

— Нікчэмны Тарэнт, якому я дараваў крыўду, замест падзякі вырашыў зганьбіць мяне ў вачах усёй Еўропы і каханай жанчыны, — растлумачыў ён сваё рашэнне Яну Невяроўскаму, якога вельмі здзівіла такая паспешнасць. — А цяпер я нягодніку яго ілжывы язык ў горла заб’ю!

— Паядынак? — збялеў Ян.

— Паядынак, — рашуча сказаў Багуслаў. — І на гэты раз мяне ўжо ніхто не спыніць!

Раздзел 5

КАЛІ ВОРАГ — ЖАНЧЫНА

Керкен — Райнберг — Гаага

(ліпень — верасень 1642 года)

Пакуль Радзівіла не было ў лагеры прынца Аранскага, галандскія войскі прасунуліся ад Гелдэрна толькі пад Райнберг, паспяхова громячы іспанцаў, якія адступалі перад сілай пратэстанцкай зброі. Там меўся быць і Тарэнт, на сустрэчу з якім спяшаўся Багуслаў.

Ва ўбогім заездзе каля Керкена князь нечакана сустрэў графа Сольмс-Браўнфельса, які таксама ехаў у лагер і завітаў сюды перакаваць коней. Багуслаў затрымаўся ў гэтым богам забытым месцы з-за пана Пуцяты, якога нечакана зваліла падагра, і не хацеў кідаць бурклівага выхавацеля, пакуль яму не стане лепш.

Пакуль графскія слугі кармілі і паілі коней, Радзівіл меў магчымасць абмеркаваць з Сольмс-Браўнфельсам апошнія французскія навіны, пра якія даведаўся ў Брусэлі.

— Навіны пра змову Арлеанскага з іспанцамі вярнулі Рышэлье з таго свету, — казаў князь, папіваючы добрае іспанскае віно, якое прадбачліва захапіў з сабой у дарогу. — Сябры кардынала ўжо рыхтаваліся да найгоршага, калі той, азнаёміўшыся, — не з вашым лістом, дарагі граф? — падняўся з ложка, каб пайсці да караля і загадаць арыштаваць усіх змоўшчыкаў. Фантрай уцёк у Брусэль, прынц Бастон так спалохаўся, што выдаў Рышэлье ўсіх змоўшчыкаў, а таксама прадыктаваў умовы той самай здзелкі з іспанцамі. Герцагу Бульёнскаму, які таксама быў сярод мяцежнікаў, прыйшлося развітацца з Седанам… Яшчэ арыштаваныя Сэн-Мар і яго прыяцель, здаецца, дэ Ту… Ну, гэтым, я перакананы, нічога не пагражае.

— Як і нашаму сяброўству з Францыяй, мой дарагі прынц! — радасна падхапіў Сольмс-Браўнфельс і, адпіўшы віна, прапанаванага яму князем, задаволена цмокнуў. — М-м-м! Іспанцаў я, вядома, не люблю, але не іх напоі… Я перадам гэтыя звесткі прынцу Аранскаму, — вырашыў ён. — Можа, мансеньёр, вы самі хочаце гэта зрабіць? Толькі папярэджваю, што такія навіны варта паведамляць адразу.

— Паведайце вы, — вырашыў Багуслаў. — Я затрымаюся тут яшчэ на некалькі дзён, бо майму старому слугу зусім дрэнна… А Тарэнт цяпер у лагеры? — на ўсялякі выпадак пацікавіўся ён, калі прыйшоў час развітвацца, хаця і так ведаў адказ.

— У лагеры, — пацвердзіў Сольмс-Браўнфельс і, заўважыўшы задаволеную ўсмешку на вуснах Радзівіла, насцярожана спытаў: — А што ў вас з Тарэнтам, мансеньёр?

Багуслаў холадна ўсміхнуўся.

— Я маю намер зрабіць усё, каб гэты доўгі язык пашкадаваў аб плётках, якія пашырае…

Радзівіл застаўся чакаць адужання пана Пуцяты, а Сольмс-Браўнфельс паехаў далей. На наступны дзень граф ужо прыбыў у Райнберг, дзе меў аўдыенцыю ў прынца Аранскага.