— Трэба падзякаваць прынцу Багуславу, які ўвесь час даказвае нам сваю прыязнасць, — сказаў штатгальтар, выслухаўшы навіны. — Я ўжо пра ўсё ведаю ад французскага пасла Цюільера. Будзем спадзявацца, што бог працягне дні Рышэлье і ён надалей будзе трымаць у жалезным кулаку гэтую нікчэмную арыстакратыю, якая ахвотна падпіша прысуд сваёй краіне, абы зваліць ненавіснага міністра.
— Думаю, прынц хутка сам будзе тут, — сказаў Сольмс-Браўнфельс. — Здаецца, хоча выклікаць на паядынак Тарэнта… Напэўна, праз тую дурную сварку на абедзе ў каралевы Лізаветы.
— Ох, маладосць! Сам калісьці такім быў, — уздыхнуў штатгальтар, але на прапанову сваяка папярэдзіць прынца Анры Шарля аб радзівілаўскім намеры адмоўна пахітаў галавой. — Каб Тарэнт са шпагай у руцэ паскакаў насустрач прынцу Багуславу? Не, сябар мой, не варта. Калі прыбудзе Радзівіл, я сам з ім пагавару… Вось дурні хлапчукі! Але, бог дасць, усё будзе добра.
Прынц Аранскі ўсё добра прадумаў, але не разлічыў, што пану Пуцяту нечакана палягчэе, і князь Багуслаў, які, вядома, нічога не сказаў выхавальніку пра паядынак, зараз імчаўся ў лагер, захапіўшы з сабой толькі некалькіх слуг і Невяроўскага са Стаброўскім. Ён ужо шкадаваў, што адкрыўся Сольмс-Браўнфельсу і, баючыся, што той можа сарваць яго сустрэчу з Тарэнтам, вырашыў трымаць сваё вяртанне ў таямніцы.
Таму ўжо на наступны дзень Анры Шарля Трэмуйля, прынца Тарэнта, адшукаў гвардзейскі капітан Дзюшан — заўзяты забіяка і дуэлянт. Прынца запрасілі на абед да французскага пасла Цюільера, і ён быў вельмі незадаволены тым, што яго адрываюць ад смачнай трапезы. Дзюшан увесь ззяў гонарам ад атрыманага даручэння.
— Я выконваю просьбу аднаго польскага прынца, — ганарліва пачаў ён, але, запнуўшыся, з пракляццем дадаў: — Чорт пабяры, забыўся яго імя…
— Я не ведаю іншых польскіх прынцаў, акрамя прынца Радзівіла, — здзіўлена сказаў Трэмуйль, які ўжо забыўся пра ежу і ўважліва слухаў пасланца.
— Сапраўды, — з палёгкай уздыхнуў Дзюшан, які не мог вымавіць цяжкае для яго языка імя князя Багуслава. — Дык вось, прынц прасіў перадаць вашай светласці, што хацеў бы сустрэцца з вамі і з месье д’Эпінэ. І загадаў нагадаць, каб не забылі захапіць з сабой шпагі.
Тарэнт здзіўлена міргнуў.
— Ён што, звар’яцеў? — спытаў ён. — Мы, здаецца, ужо ўсё высветлілі!
— Напэўна, не ўсё, — паціснуў плячыма Дзюшан.
— Ну добра, — Трэмуйль злосна напалову выцягнуў шпагу з похваў, агледзеў, убачыў, што яна цалкам прыдатная для паядынку, і дадаў: — Я гатовы. А што да д’Эпінэ, дык ён у Рэнене застаўся.
— Вельмі шкада, — уздыхнуў Дзюшан. — Але я не люблю сумаваць без справы, таму прашу вашу светласць знайсці мне годнага праціўніка.
Некалькі хвілін Тарэнт задуменна перабіраў пярсцёнкі на пальцах, абдумваючы.
— Што вы скажаце пра Данета? — прапанаваў ён аднаго са сваіх афіцэраў.
— Не, гэта немагчыма, — запярэчыў капітан. — Данет — адзін з маіх самых блізкіх сяброў. Я яго як брата люблю! Знайдзіце каго-небудзь іншага, прынц.
— Тады Бакур? — Тарэнт назваў імя іншага вядомага брэцёра.
— Бэты пасуе, — з палёгкай пагадзіўся Дзюшан. — Клічце сюды Бакура, і мы разам абярэм месца і спосаб паядынку.
Бакур з’явіўся толькі праз тры чвэрці гадзіны, пазяхаючы і праціраючы сонныя вочы, бо ўсю ноч правёў у сядле, аб’язджаючы пасты.
— Стонаццаць дэманаў вам у рабро, — буркнуў ён замест прывітання. — Толькі паядынку мне зараз не хапала! І без таго валюся з ног ад стомы… Сёння не буду біцца, і не прасіце!
— Ведаеце што, месье Дзюшан, — не вытрымаў Тарэнт, у жываце якога ўжо пагрозліва вурчала. — Ці дамаўляйцеся з Бакурам, ці знайдзіце сабе іншага саперніка — мне ўсё адно.
— Вы што, паднялі мяне з ложка, каб зноў адправіць спаць? — здзівіўся Бакур. — Я сказаў, што сёння біцца не буду, а пра заўтра я нічога не казаў.
— Месье Бакур, — урачыста сказаў Трэмуйль. — Я зараз абедаю ў французскага пасла, і, напрамілы бог, дамоўцеся пра ўсё з месье Дзюшанам ад майго імя… Чорт ведае што! — сплюнуў ён сабе пад ногі. — Бэты Радзівіл яшчэ больш шалёны, чым я думаў!
Сказаўшы так, ён пайшоў абедаць, пакінуўшы секундантаў здзіўленымі і трохі збянтэжанымі.
Пасля неабходных цырымоній тыя дамовіліся, што паядынак адбудзецца на наступны дзень за чвэрць лье ад Рэйнберга, куды ў прызначаны час прыбылі Тарэнт з Бакурам. Хутка з’явіліся і іх праціўнікі ў суправаджэнні слуг і Невяроўскага са Стаброўскім.
Тыя выглядалі незвычайна засяроджанымі, сур’ёзнымі і трохі пакрыўджанымі на князя за тое, што не ўзяў іх секундантамі.