Выбрать главу

Прывітанне ворагаў, вядома, не вылучалася сардэчнасцю.

— Ты прадбачлівы, — паморшчыўся Тарэнт, абмераўшы пагардлівым позіркам Радзівіла і яго почат. — Будзе каму аднесці тваё цела на могілкі!

— Не для сябе, для цябе стараюся, — адрэзаў Багуслаў.

Нягледзячы на грэблівае стаўленне да языкастага ворага, князь выпраменьваў ледзяны спакой. Падышоўшы да Бакура, ён працягнуў яму сваю шпагу. Тарэнт, крыва ўсміхаючыся, падаў сваю Дзюшану.

— Здаецца, усё ў парадку, — сказаў той, агледзеўшы зброю, — вострая, не мае на сабе слядоў яду, якім часам змазваюць лязо людзі без гонару і сумлення.

Хацеў вярнуць яе гаспадару, але Бакур яго спыніў.

— Трэба памераць, ці аднолькавыя.

Вымералі і высветлілі, што шпага Радзівіла на цэлыя паўстапы даўжэйшая, чым шпага яго праціўніка.

— Так не пасуе! — запратэставаў Бакур. — Трэба, каб усё было справядліва.

— Як гэта — справядліва? — абурыўся Стаброўскі, які, вядома, не мог утрымацца ў такі вырашальны момант. — Ты яшчэ скажы, што мансеньёр Радзівіл ледзь не на галаву вышэйшы за прынца Тарэнта. Што ж яму цяпер — яшчэ і галаву адсекчы?

Зарагаталі ўсе — і дуэлянты, і іх слугі. Бакур далей упіраўся.

— Ніхто не перашкаджаў прынцу Тарэнту выбраць сабе доўгую зброю, — даводзіў Дзюшан. — А калі ўзяў менавіта гэтую, хай наракае на сябе.

Каб спыніць спрэчку, Багуслаў забраў сваю шпагу ў Бакура і працягнуў яе Тарэнту.

— Вазьмі. І скончым з гэтым.

— І не падумаю, — абурыўся сапернік. — Калі фартуна мне ўсміхнецца, я не хачу, каб нехта папракаў, што я атрымаў перамогу таму, што біўся даўжэйшай шпагай.

Спрэчка ўспыхнула з новай сілай. Бакур прапанаваў паслаць слугу ў горад па дзве шпагі аднолькавай даўжыні. Дзюшан, які лічыў справай гонару не згаджацца з праціўнікам, прапанаваў кінуць жэрабя. Усе радасна пагадзіліся, і капітан падняў з зямлі дзве сухія саломінкі.

— Хто выцягне кароткую, кароткай і б’ецца, — паведаміў ён.

Дуэлянты па камандзе ўзяліся, вынялі саломінкі — і кожны застаўся пры сваёй зброі. Бакур усё роўна быў незадаволены.

— Гэта супраць правілаў, — даводзіў ён.

Багуслаў глыбока ўздыхнуў.

— Да д’ябла вашы французскія цырымоніі, — сказаў ён. — Слухай, Тарэнт, — звярнуўся ён да праціўніка, які быў ужо гатовы кінуцца са шпагай на свайго надакучлівага секунданта. — Мой настаўнік фехтавання калісьці казаў, што даўжыня шпагі дае пэўную перавагу толькі ў пешым баі, а не ў конным.

— Я таксама такое памятаю, — пацвердзіў той і раздражнёна паглядзеў на Бакура. — А вы што на гэта скажаце, месье законнік?

Падумаўшы, Бакур аўтарытэтна пацвердзіў, што прынц Радзівіл мае рацыю. Вырашылі біцца верхам, па-кавалерыйску, ужо не звяртаючы ніякай увагі на аматара цырымоній, які нешта мармытаў пра жэрабя адносна коней і чатырох бакоў свету, спехам знялі камзолы, застаўшыся ў адных кашулях, ускочылі на коней і раз’ехаліся ў розныя бакі.

— З богам! — крыкнуў Стаброўскі Багуславу, а Ян моўчкі перахрысціў яго ўслед.

Секунданты, якія аж забыліся пра ўласны паядынак, дружна скамандавалі з’язджацца. Праціўнікі, разагнаўшы коней, нарэшце сышліся ў крывавым баі, скрыжаваўшы рапіры так, што паляцелі іскры.

— Гэта бой дык бой! — задаволена цмокнуў Гакур.

Паглядзець сапраўды было на што. Навучаныя коні ваяўніча ржалі, а праціўнікі, заціснуўшы ногі ў страмёнах, біліся, як львы, нападаючы і парыруючы ўдары, спрабуючы намацаць слабое месца ў абароне саперніка, каб адным дакладным ударам атрымаць перамогу.

— Бі яго, бі, бі, — нібы малітву шаптаў Ян, да болю сціснуўшы пальцы і не адрываючы погляду ад чорнага каня і моцнай фігуры князя ў белай кашулі, які цяпер абараняўся.

— Чорт! Чаму ён не нападае? — амаль крычаў Стаброўскі і ажно падскочыўшы ад нецярпення, закрычаў: «Бі-і-і!»

Здаецца, яго пачулі. Шпага Тарэнта небяспечна прасвістала каля левага бока князя, але Багуслаў адхіліўся, і выпад не дасягнуў мэты, толькі распароў кашулю.

— Ага! — радасна крыкнуў Тарэнт, падумаўшы, што трапіў ворагу ў бок, але адразу ж страшэнна закрычаў ад пякучага болю.

Радзівіл ударыў яго па правай руцэ, рассекшы яе да косткі.

З пашкоджаных сасудаў пырснула гарачая кроў. Выпусціўшы шпагу, Тарэнт з гучным крыкам адкінуўся на круп каня, бяссільны што-небудзь зрабіць.

Стаброўскі і Невяроўскі кінуліся абдымаць адзін аднаго, а потым з усіх сіл пабеглі да месца сутычкі, куды ўжо набліжаліся і Бакур з Дзюшанам…