Выбрать главу

Багуслаў засмяяўся, зразумеўшы, што каралева намякае на англійскіх парламентарыяў, якія без стомы абураліся, што іх каралева занадта шмат займаецца палітыкай.

— А я цяпер магу думаць толькі пра сваю чароўную партнёрку, — адказаў ён, панізіўшы голас.

Князь ужо не хваляваўся. Ён быў выдатным танцорам і галантным кавалерам, і хоць невысокі рост Генрыеты Французскай перашкаджаў яму — высокаму і моцнаму мужчыну — у поўнай меры атрымаць асалоду ад танцаў, затое зайздросныя погляды гледачоў прыемна казыталі самалюбства.

Калі танцы скончыліся і танцоры, атрымаўшы заслужаныя апладысменты, растварыліся ў натоўпе гледачоў, Радзівіл цалкам чакана сутыкнуўся з прынцам Тарэнтам, які не стаў пазбягаць яго таварыства, а, выбраўшы зручны момант, падышоў сам і растлумачыў для чаго.

— Я высветліў, хто пашыраў пра мяне хлуслівыя чуткі, якія прывялі да нашага паядынку, — паведаміў ён звыклым невыносна грэблівым голасам. — Калі, вядома, табе гэта цікава.

— Гавары, — сказаў Радзівіл, хоць і быў перакананы, што, каб знайсці вінаватага, Трэмуйлю дастаткова было зірнуць у люстэрка. — Я сапраўды хачу ведаць, хто гэты нягоднік.

— Нягодніца, — паправіў Тарэнт і шматзначна ўтаропіўся ў прынцэсу Лізавету, якая размаўляла з невядомым князю кавалерам.

Багуслаў так здзівіўся, што не адразу знайшоў што сказаць. Нягледзячы на ўсе свае недахопы, нахабны француз быў чалавекам гонару, і здавалася зусім неверагодным, што ён здольны перакласці цяжар сваёй віны на слабыя жаночыя плечы.

— Але чаму? — спытаў Радзівіл, калі знайшоў словы.

— Праз д’Эпінэ, — Тарэнт пашукаў вачыма фаварыта каралевы, які таксама быў сярод гасцей. — Наша мілая прынцэса была перакананая, што калі мы з табой будзем біцца на дуэлі, д’Эпінэ, якога яна люта ненавідзіць, зноў будзе маім секундантам і атрымае добрыя шанцы загінуць. Ёй было ўсё адно, што мы з табой таксама жыццём рызыкавалі, толькі б помста, якой яна так прагне, нарэшце здзейснілася!

Багуславу бракавала слоў. Ён не мог і падумаць, што такія чорныя намеры могуць хавацца за анёльскай знешнасцю.

— Чорт пабірай! — прамармытаў ён. — А я яшчэ калісьці марыў з ёй ажаніцца!

Ён з агідай паглядзеў на прынцэсу Лізавету, якая цяпер здалася яму падобнай да жабы.

— А як ты даведаўся? — спахапіўся ён.

— Распавяла адна чароўная мадэмуазэль, — Тарэнт паслаў прамяністы погляд маладзенькай прынцэсе Луізе Аранскай, якая здалёк пяшчотна яму ўсміхнулася. — А ёй пра гэта сказала Генрыета Багемская… скардзілася на сястру. Калі хочаш, можаш у яе пра ўсё і распытаць. Ад цябе яна нічога не схавае, бо закаханая да вар’яцтва.

Багуслаў азірнуўся на прынцэсу Генрыету. Перахапіўшы яго погляд, дзяўчына шчасліва расчырванелася. Але, нягледзячы на сваю прыгажосць, яна была такой падобнай да сястры, што князь нечакана для сябе адвёў вочы: ён паверыў Тарэнту і без якіх-небудзь роспытаў.

— Да д’ябла, — працадзіў ён праз зубы. — Лепш трымацца ад яе далей… Чорт! Няма горш няшчасця, чым мець сваім ворагам жанчыну. На паядынак яе не выклічаш і нават словам не папракнеш, каб у прыстойным таварыстве не атрымаць рэпутацыю грубага дурня.

— Гэта праўда, — пагадзіўся Тарэнт. — Менавіта таму я прынцэсу Лізавету дзясятай дарогай абыходжу. Баюся, не ўтрымаюся.

Ён паправіў скалечанай рукой карункавы каўнер кашулі. Два пальцы да гэтага часу не згіналіся. Багуслаў адчуў згрызоты сумлення.

— Павінен прызнацца, што, нягледзячы на твой язык, я заўсёды лічыў цябе адважным і высакародным кавалерам.

Гэта прагучала амаль як прабачэнне і Тарэнт менавіта так і зразумеў гэтыя словы. Яго напружаны твар трохі прасвятлеў.

— Кампліментамі ты не адкараскаешся. Хіба добрым абедам.

— Падыходзіць, — засмяяўся князь.

Пасля шчодрага балю Радзівіл з языкатым французам ужо былі амаль сябрамі.

— Ну што ж, — паведаміў Багуслаў Яну Невяроўскаму на наступны дзень, калі змог падняць з падушкі цяжкую пасля прымірэння галаву. — Таварыша я ў яго асобе, вядома, не атрымаў, але ворага пазбавіўся!

Раздзел 6

БАРОН ЗЕМБІНСКІ

Гаага — Утрэхт — Амстэрдам — Дуўр

(кастрычнік — снежань 1642 года)

Пакуль у Гаазе грымелі вясельныя ўрачыстасці, Францыя занурылася ў бездань палітычных жарсцяў. Пра тое, што Сэн-Мара і яго прыяцеля дэ Ту пакаралі смерцю 12 верасня на Пляс дэ Тэро ў Ліёне ў прысутнасці ста дваццаці тысяч гарадскіх буржуа, князь Багуслаў даведаўся з газеты, якую купіў за пару дробных манет у вулічнага хлапчука-прадаўца. Той гандляваў навінамі на рыбным рынку Гаагі — гандлёвай прыстані, куды прышвартоўваліся рыбацкія лодкі і баржы, дзе прадавалі мясцовую стронгу, селядзец са Схевенінгена, ейсельмерскіх вугроў, зеландскіх вустрыц і мідый. Дзіўна, але тут не было чуваць смуроду гнілой рыбы, які звычайна суправаджаў такі гандаль, таму не толькі паважаныя буржуа, але і арыстакраты не міналі гэтае месца падчас сваіх шпацыраў. Радзівіл скамечыў газету і, перагнуўшыся праз драўляныя парэнчы моста, кінуў яе ў канал. Лебедзі і качкі, якія плавалі там, спадзеючыся на корм, кінуліся на яе, але, не знайшоўшы ежы, абурана запстрыкалі дзюбамі і забілі крыламі.