У Саковіча і мову адняло ад такога напору. Сасноўскі быў разумным, уплывовым і небяспечным праціўнікам, пакутамі сумлення ніколі не пераймаўся, а ворага бачыў наскрозь.
— Ну чаго ты так завёўся, пане Яне, — прымірэнча сказаў ён. — Варожасць лёгка можа знішчыць нас абодвух, але нікому не прынясе карысці і пажытку. Думаю, лепш скончыць справу мірам.
Сасноўскі, пачуўшы гэта, з палёгкай уздыхнуў і прыгладзіў здаравеннай мядзведжай пяцярнёй змоклыя ад хвалявання валасы.
— Я заўсёды паважаў цябе, пане падкаморы, як разумнага чалавека, — прагудзеў ён. — Даю слова, што на якую б пасаду князь цябе ні прызначыў, у твае справы носа сунуць не буду… У рэшце рэшт, пасада галоўнага аканома — гэта не сенатарская годнасць, якая падыдзе нам абодвум так жа добра, як тытул князя — Радзівілу.
Пасля гэтых слоў заставалася толькі выпіць міравую. Абодва шляхціцы так і зрабілі: Сасноўскі — з настроем пераможцы, а Саковіч — з філасофскім спакоем чалавека, які здольны зрабіць высновы з мінулых памылак, каб у будучыні перамагчы.
Абдумаўшы як след сваё становішча, Саковіч вырашыў неадкладна ехаць да князя і, памірыўшыся з ім, атрымаць і пасаду, і ранейшую прыхільнасць. З тым ён і прыбыў у Гаагу і, як цяпер пабачыў, не памыліўся ў разліках.
…Калі Радзівіл з Саковічам і змрочным як дажджавая хмара Невяроўскім падышлі да дома, дзе кватараваў Багуслаў, яны яшчэ звонку пачулі звон зброі і гучныя крыкі княжацкай моладзі, якая без гаспадара забаўлялася як магла. Наперадзе, вядома, быў Стаброўскі, які, сціскаючы ў левай руцэ куфаль піва, а ў правай — рапіру, якую наставіў на бяззбройнага Цадроўскага, крычаў:
— Я цябе зараз на яе, як на ражон, пасаджу!
Разгублены Ян азіраўся, шукаючы падтрымкі ў прыяцеляў ці хаця б у суседзяў, якія здалёк назіралі за небяспечнай забавай, але заўважаў толькі вясёлую абыякавасць. Ён першы ўбачыў Саковіча і быў так уражаны яго з’яўленнем, што, забыўшыся пра рапіру Стаброўскага, рушыў насустрач і ледзь не накалоўся грудзьмі на аголенае лязо. Апярэджваючы Багуслава, які ўжо адкрыў рот, каб спыніць гэтую выхадку, Адам падышоў да Самуля, які стаяў да яго спінай, і з усёй сілы ляпнуў па плячы. Хлопец абурана азірнуўся і аж прысеў, убачыўшы перад сабой жудасныя вочы ашмянскага нягодніка.
— Ты… як ты тут… адкуль? — прамармытаў юнак, і, спалохана зірнуўшы на Багуслава, хутка дадаў: — Мы, мансеньёр, вырашылі трохі размяць рукі…
— Лепш разамніце ногі, — злосна параіў яму Радзівіл. — Прэч з маіх вачэй!
Калі прысаромлены Самуль знік у доме, Цадроўскі, які ўжо паспеў крыху апомніцца ад сваёй ганьбы і нечаканага з’яўлення Саковіча, падышоў да яго.
— Дык… усё ў парадку, пане падкаморы? — нясмела спытаў ён, павёўшы вокам туды, дзе толькі што стаяў Багуслаў.
— А ты сумняваўся? — падміргнуў яму Адам.
— Я? Не… я… ніколі… — няўпэўнена прамармытаў Ян. — Дык Сасноўскі больш не аканом? — дадаў ён, таму што баяўся самаўпэўненага здаравяка, пад кіраўніцтвам якога павінен быў служыць, вярнуўшыся ў Літву.
Адам закусіў вусы з прыкрасці і, пераканаўшыся, што іх не падслухаюць, паклаў руку на плячо шляхціца.
— Вось з гэтым нам з табой, Яне, яшчэ трэба будзе папрацаваць. Што скажаш?
— Я? — Ян ліхаманкава спрабаваў знайсці словы, каб адмовіцца ад такога гонару, але, не знайшоўшы іх, адказаў: — Я гатовы. Вось толькі, — ён пакрыўджана паглядзеў на Стаброўскага, які пасля атрыманага ад князя прачуханца з трывогай назіраў за ворагам з акна, — маю выклікаць яго на паядынак.
— Разумею, — кіўнуў Адам. — А чаму ж да гэтага часу не выклікаў?
— Баяўся, — адкрыта прызнаўся юнак. — Ён лепш за мяне фехтуе… Але, мабыць, лепш смерць, чым увесь час такая ганьба…
Саковіч усміхнуўся.
— Нешта ты, Яне, апошнім часам вельмі асмялеў, — адзначыў ён. — Іншым разам я б цябе за гэта пахваліў, але не сёння, бо ты мне жывым патрэбны… Пра гэтага чарвяка, — ён спадылба паглядзеў на Самуля, — забудзься. То дробязі…
— Не для мяне, — упарта натапырыўся Цадроўскі.
Стаброўскі, убачыўшы гэта, прыгразіў яму кулаком. Адам паглядзеў на іх абодвух і ўздыхнуў.
— Шкада, што прайшлі ўжо тыя часы, калі гарэзлівых хлапчукоў можна было адцягаць за вушы… Забудзься, — з націскам паўтарыў ён Цадроўскаму. — Я сам гэта ўлагоджу — раз і назаўсёды. — І, зазірнуўшы ў недаверліва-радасныя вочы юнака, дадаў: — 3 сённяшняга дня лічы, што ты ў мяне на службе. Гэта значыць, твае клопаты — цяпер і мае. Мой кашалёк, хоць і не такі вялікі, як у нашага князя, але таксама для цябе адкрыты — за адданасць я сваіх людзей узнагароджваю шчодра…