Ян гучна глынуў сліну, якая раптам ператварылася ў вялізны камень ад жудасных слоў, якімі пан падкаморы завяршыў сваю прамову:
— А вось за здраду — караю. Не па законе, па справядлівасці.
І ціха засмяяўся, глянуўшы ў мярцвяна-бледны ад страху твар Цадроўскага.
— Не бойся, Яне, — сказаў амаль ласкава. — Я ўпэўнены, што мы з табой заўсёды будзем добрымі сябрамі. Праўда?
Ян з цяжкасцю кіўнуў, а потым нягнуткімі пальцамі паціснуў працягнутую руку. Калі яго нешта і пацешыла, дык аблічча Стаброўскага — такое ж спалоханае, як яго ўласнае. Вялікімі і круглымі, як срэбныя гузікі камзола вачыма Самуль назіраў за такой нечуванай з боку ашмянскага падкаморага праявай таварыскасці. І, хоць не мог пачуць ніводнага слова гэтай размовы, не сумняваўся, што там гаварылася і пра яго.
Гэта ўсё яму вельмі не падабалася.
І нездарма! Пасля размовы з Саковічам Стаброўскі стаў незвычайна ціхі, толькі кідаў у бок Цадроўскага злосныя погляды, але ўжо яго не чапаў.
З прыездам пана падкаморага спакойнае жыццё княжацкага почату скончылася. Адам жыў у Радзівіла на правах сябра, а не слугі, і, як чалавек заможны, мог дазволіць сабе не зазіраць да княжага кашалька для задавальнення ўласных жаданняў. Ён часта суправаджаў Багуслава падчас свецкіх візітаў, палявання і рыцарскіх турніраў, дзе хутка атрымаў славу небяспечнага праціўніка. Ён свабодна адчуваў сябе ў любым таварыстве, і мясцовая арыстакратыя, якой яго прадставілі як барона Зембінскага, без лішніх пытанняў прыняла грознага літвіна ў сваё кола і хутка ўзненавідзела нахабнага зайду лютай нянавісцю. Не толькі з-за яго поспеху ў жанчын, хоць тых сапраўды пачынала ліхаманіць, калі пан Адам кідаў на іх асаблівы погляд вострых вачэй. Найвялікшым ліхам быў злы язык Саковіча, які прымудраўся знаходзіць гаспадару ворагаў нават там, дзе Радзівіл меў сяброў. Але Адам гэтым не пераймаўся — добрая шабля, якую ён насіў на баку замест звычайнай у гэтых краях рапіры, была найлепшым аргументам у любой спрэчцы. Часта які-небудзь слуга, несучы Радзівілу запрашэнне ад свайго гаспадара на абед, танцы або паляванне, перадаваў на словах просьбу «толькі без барона». І Багуслаў, праклінаючы ў думках нораў прыяцеля, ехаў у госці адзін, даючы Саковічу магчымасць забаўляць сябе так, як сам здолее. Забаўляцца пан Адам умеў, вось толькі дабром яго забавы сканчаліся рэдка…
З Гаагі Радзівіл са сваім початам часова пераехаў у Утрэхт на запрашэнне пфальцскага курфюрста. Гэтых гасцей ціхі спакойны горад запомніў надоўга…
У адзін з асабліва цяжкіх ранкаў, якія наступаюць пасля асабліва бурных начэй, радзівілаўскія шляхціцы прачнуліся, трымаючыся за галовы, якія трашчалі ад выпітага напярэдадні віна.
— Яне, сябар, дапамажы, — жаласна паклікаў Стаброўскі сумленнага Цадроўскага, які пазбягаў удзелу ў іх забаўках. — Прынясі піва, будзь добры… Я паміраю.
— Вось прыедзе князь, дык і дапаможа… паміраць! — адазваўся той, але піва прынёс, і шляхціцы прагна выпілі яго, вырываючы куфаль адзін у аднаго.
Хмельны туман, што баламуціў іх галовы, крыху развеяўся, і языкі развязаліся. А пагаварыць было пра што.
— Панове, што будзем рабіць? — спытаў Кожкіль пасля таго, як прыяцелі вохкаючы, уздыхаючы і перабіваючы адзін аднаго, нарэшце ўспомнілі падзеі мінулага вечара. — Справу наўрад ці ўдасца замяць, а яшчэ і Саковіч, і Кажэўскі арыштаваныя. І як гэта ты, Самуль, пакінуў таварышаў у бядзе?
— Які ты разумны, сябра, — агрызнуўся той. — Тады схапілі б і мяне разам з імі. Ці нашым ад гэтага лягчэй было б?
— Усё так… але…
— Я што, нянька ім? — абурыўся Стаброўскі. — Саковіч сам падняў бучу, хай цяпер на сябе і крыўдуе… Ды чаго вы так на мяне глядзіце? Іду ў заклад, што князь свайго любімца выцягне, а нам віну на скуры прапіша…
Таварыства паапускала галовы.
— Ты маеш рацыю, Самуль, — уздыхнуў Ферх. — Вось Невяроўскі малайчына, адчуў, што смажаным запахла, адразу ж дадому панёсся. Пра Цадроўскага не варта і казаць!
— Ён у нас паслухмяны хлопчык, — фыркнуў Стаброўскі. — І за парог не высунецца, каб яго міласць не засмучаць. Чаго спахмурнеў, баязлівец? Ці няпраўду кажу?
Ён люта штурхнуў Яна кулаком у бок.