Выбрать главу

— Не чапай яго, — буркнуў Кожкіль. — Хіба мала ўчарашніх клопатаў?

— Ды што там, — махнуў той рукой. — Радзівіл і так душу вытрасе за ўчарашні жарт, дык адзін раз за два пойдзе… Ідзі сюды, маё куранятка, — драпежна ўсміхнуўся ён Цадроўскаму. — Я цябе зараз ашчыпаю… Ну, чаго азіраешся? Саковіча шукаеш? А няма яго, галубок, у турме сядзіць… І заступіцца за цябе няма каму.

— Самуль, перастань! — крыкнуў Невяроўскі, што пільнаваў каля акна. — І вы, дурні, ціха сядзіце, можа, абыдзецца… Князь прыехаў!

Цадроўскага, на якога таварыства ўжо даўно тачыла зубы, выратаваў прыезд Багуслава. Стомлены пасля бяссоннай ночы князь адразу ж пайшоў спаць, і таварыства з палёгкай уздыхнула. Аднак, ненадоўга. Іх спакой парушыў прыход бурмістра Хогендэйка, які з’явіўся ў суправаджэнні гарадскога патруля і запатрабаваў спаткання з Радзівілам. Як ні тлумачылі спалоханыя хлопцы недасведчанаму чалавеку, што яго светласць зараз лепш не турбаваць, той стаяў на сваім. У рэшце рэшт Цадроўскі пайшоў будзіць Багуслава, а прыціхлыя шляхціцы засталіся чакаць немінучай навальніцы.

Князь прыняў бурмістра ў ложку, пазяхаючы і праціраючы нявыспаныя вочы. Ворстарман ужо заняў сваё месца ля княжацкага ложа і пачаў перакладаць:

— Прашу прабачэння, за мой выгляд, — праз сілу усміхнуўся Радзівіл паважанаму госцю, — аднак, па праўдзе кажучы, я гасцей не чакаў…

— Мансеньёр, — Хогендэйк малітоўна склаў рукі ў нямым маленні. — Я б ніколі не адважыўся патурбаваць вашу княжацкую светласць, аднак справа вельмі важная.

Багуслаў нядрэнна разбіраўся ў людзях і добра разумеў, што, нягледзячы на ўяўную пакорлівасць, гарадскі галава не зрушыцца з месца, пакуль не атрымае тое, па што прыйшоў.

— Сядайце, паважаны бурмістр, і скажыце, чым я магу вам дапамагчы, — як мага мякчэй сказаў ён.

Хогендэйк без лішніх цырымоній сеў у крэсла і загаварыў.

— Такая прыкрая аказія… Нават не ведаю, з чаго пачаць… Сёння раніцай да мяне прыйшоў Гасельбек — уладальнік карчмы «Шалёны бык» і паважаны месціч. Ён чакае на вуліцы. Калі ваша светласць не пярэчыць, я паклічу яго. Хоць я і бурмістр, аднак гэтая справа датычыць толькі яго і вашай светласці, а я б не хацеў падавацца прадузятым.

— Клічце сюды гэтага паважанага месціча, — дазволіў Багуслаў, жадаючы як мага хутчэй пазбавіцца ад няпрошанага госця.

«Паважаны месціч» аказаўся нізенькім чалавечкам — чырванашчокім, русым, з круглявым брушкам і лагодным тварам, які цяпер нервова торгаўся ад роспачы.

— Я Гасельбек, гаспадар «Шалёнага быка», мансеньёр, — з дапамогай Ворстармана прадставіўся ён дрыготкім голасам. — Хоць мой сціплы шынок зараз правільней называць «Смажаным быком», бо сёння ноччу ад яго ледзь не засталіся адны галавешкі…

— Спачуваю табе, аднак пры чым тут я? — здзівіўся Багуслаў.

— Ну, што вы, мансеньёр, — пляснуў рукамі гаспадар. — Не вы, а вашыя спадарожнікі, несумненна, адважныя і вясёлыя рыцары… такія вясёлыя, што сёння ноччу вырашылі засмажыць майго «Быка», ну, і мяне разам з ім.

— Так, — нахмурыўся князь. — І чаму ж ты вырашыў, што твае госці былі маімі людзьмі?

— Злітуйцеся, ваша светласць, — гаспадар прыціснуў руку да сэрца. — Ды хто ж ва ўсім Утрэхце не ведае пана Саковіча і дваран вашай светласці? І каму, як не мне, іх ведаць, гэтыя высакародныя рыцары, асабліва пан Саковіч, часта ўшаноўвалі сваёй прысутнасцю мой сціплы шынок. Барону так прыйшлося да душы маё піва…

— Піва, — услед за Ворстарманам рэхам адазваўся Багуслаў, ужо здагадаўшыся, якое менавіта піва так спадабалася Адаму.

Гаспадар упаў на калені.

— Ох, ваша светласць, не смейцеся з мяне, я быў сляпым і глухім дурнем, не заўважаў, што пан Саковіч паклаў вока на маю дачку. Аднак, монсеньёр, я няшчасны дурань, бо каго б яшчэ Госпад так жорстка пакараў за слепату? Тыя паны згвалцілі маю дачку і служанку, паранілі слугу, што спрабаваў іх бараніць. Я сам ледзьве ўцёк, гукаючы на дапамогу… Калі прыбегла ахова, мая бедная карчма ўжо палала… О, Госпадзе! За якія грахі ты так цяжка караеш мяне?!

Ён закрыў далонямі твар. Багуслаў моўчкі назіраў, як плечы мужчыны трасуцца ад стрыманых рыданняў, і адчуваў, як стукае ў скронях насычаная лютасцю кроў.

— Калі б варта трохі замарудзілася, агонь перакінуўся б на суседнія будынкі, — падаў голас Хогендэйк. — Двое салдат загінулі ў сутычцы з гэтымі разбойнікамі. Яшчэ трое параненыя, а майстру Петарсану адрэзалі руку…

— Майму суседу, — дадаў няшчасны гаспадар.

— …і вельмі паважанаму месцічу, — працягнуў бурмістр. — Такога дэбошу даўно ў Утрэхце не было!