Калі б хлопцы, якія чакалі наверсе, цяпер убачылі твар свайго князя, яны б зразумелі, што ў іх сапраўды ёсць усе падставы дрыжаць. Багуслаў збялеў як крэйда, толькі вочы страшна блішчалі. Хогендэйк задаволена выпрастаўся.
— Паноў Саковіча і Кажэўскага мы арыштавалі, — паведаміў ён, зухавата расправіўшы плечы. — Астатнім удалося ўцячы… Пан Кажэўскі паранены, але лекар, які яго аглядаў, запэўніў, што жыць будзе… Калі б мая воля, я б яму не такога лекара даслаў!
— Я зразумеў вас, шаноўны Хогендэйк, — адгукнуўся князь, у думках паспешліва разважаючы, як уладзіць гэтую непрыемнасць.
Але гарадскі галава не збіраўся ісці на саступкі.
— Я пакорліва прашу вашу светласць выдаць мне астатніх злачынцаў. Яны павінны атрымаць заслужанае пакаранне, — грозна прагуў ён, скрыжаваўшы рукі на грудзях.
— Атрымаюць, не сумняваюся, — холадна адказаў Радзівіл.
— Але…
Князь зрабіў выгляд, што не чуе гэтых пярэчанняў.
— Мэтр, — звярнуўся ён да Гасельбека. — Даю слова, што твае крыўды будуць належным чынам пакрытыя. Пакуль вазьмі гэта…
Устаўшы з ложка, Багуслаў падышоў да вялікай дубовай шафы і, дастаўшы з паліцы мяшок грошай, амаль сілай уклаў яго ў рукі карчмара.
Няшчасны толькі ўсхліпнуў у адказ.
— Прынц, я слуга закона… — пачаў Хогендэйк, але Багуслаў перапыніў яго.
— Я ўжо даў слова, што сам паклапачуся пра закон, бурмістр. Спадзяюся, гэтага дастаткова?
— Мансеньёр, — нахмурыўся той, — са мной тут узброеныя салдаты, таму…
— Што такое? — здзівіўся Радзівіл. — Вы пагражаеце мне, прынцу Свяшчэннай Рымскай імперыі? Я неадкладна паскарджуся на вашы паводзіны прынцу Аранскаму!
Бурмістр быў разумны чалавек, а словы князя гучалі занадта пераканаўча, каб імі можна было грэбаваць. Ён вырашыў адступіцца.
Няпрошаныя госці сышлі, забраўшы з сабой спакой у княжым доме. Багуславу ўжо было не да адпачынку.
— Невяроўскі! Стаброўскі! — крыкнуў ён. — Да мяне!
Маладыя людзі, якія трывожна прыслухоўваліся да галасоў з княжацкай спальні, дружна ўздыхнулі.
— Ну ўсё, — сказаў Стаброўскі. — Пачынаецца…
Ён не дагаварыў, бо на парозе з’явіўся Багуслаў, які не стаў чакаць вінаватых, а сам прыйшоў да іх. Убачыўшы князя, звычайна спакойны твар якога цяпер выпраменьваў ледзяную лютасць, маладыя людзі мімаволі адступілі.
— Што, мярзотнікі? Мірных месцічаў забіваеце, дзевак гвалціце, паўгорада ледзь не спалілі…
— Усё было не так, мансеньёр, — выступіў наперад Стаброўскі і вохнуў, атрымаўшы ад князя адчувальны штурхель пад рабро.
— Казаць будзеш тады, як я загадаю! — закрычаў князь. — Прызнавайцеся, нягоднікі, што ўчора нарабілі! І праўду кажыце, бо языкі паадрываю… Ну? Невяроўскі?
— Твая міласць… — Ян нервова схапіў ротам паветра і, з цяжкасцю вымаўляючы словы, працягнуў. — Што тут скажаш? Саковічу спадабалася дачка карчмара… А ты ведаеш пана Адама… Ды і дзяўчына яму спраўна вачыма страляла… Але як пачалася гэтая справа, я не ведаю, бо дадому пайшоў… На шчасце або на няшчасце.
— Хто там быў? — спытаў Багуслаў, аглядаючы прыціхлае таварыства. — Чаго маўчыце? Усю адвагу ў тым праклятым шынку прапілі?
Стаброўскі, Ферх, Кожкіль і Ховербек, уздыхнуўшы, выступілі наперад. Цадроўскі застаўся на месцы.
— Так… Ян, прэч адсюль, — загадаў яму Багуслаў. — А ты, Стаброўскі, кажы, раз пачаў.
— Няма чаго распавядаць, — буркнуў той. — Выпілі мы добра. Саковіч за дзяўчынай пабег, дачкой карчмара. А я служанку схапіў. І дурная шлёндра падняла такі гвалт, быццам ёй упершыню спадніцу задралі. На яе крык прыбег слуга і шарахнуў мяне доўбняй па галаве. На шляхціца, ірадава душа, руку падняў! Я яго шабляй і прапароў… А потым той стары чорт з’явіўся… Ну і пачалося…
— Шынкар, напэўна, дачку сваю з Саковічам заспеў, бо такія праклёны пасылаў на нашы галовы, вушы вялі! — крыкнуў Кожкіль. — Ну, пан Адам яму і расказаў, што да чаго… На крыкі гэтай галандскай свінні збегліся суседзі, ахова падаспела. Давялося абараняцца…
— Добра ж абараняліся, калі таварышаў апалчэнцам пакінулі, — заўважыў князь.
— Твая міласць… Дык столькі воінаў наскочыла, — апраўдваўся Ферх. — 3 сякерамі і мушкетамі… Кажэўскага адразу ж падстрэлілі і, захапіўшы параненым, кудысьці пацягнулі. Саковіч крыкнуў «Да мяне!» — бо ціснулі яго вельмі, хоць паклаў і ён аднаго ці двух… Ну, я і пабег, але наскочыў на здаравеннага бугая, што размахваў нажом, як ксёндз крапілам. Я яму руку і адрэзаў… Не ўмее зброю трымаць, хай і не бярэцца!
— А як Саковічу шаблю з рук выбілі, ён з паходняй супраць нападнікаў пайшоў. Ад таго, напэўна, шынок і ўспыхнуў, — дадаў Кожкіль.