— Так і было, бо віна там выцеклі цэлыя азёры, — дагаварыў Стаброўскі і жаласна шмаргануў носам. — Міласцівы князь, калі б не гэты пракляты гаспадар, які не ўмее гасцей паважаць, хіба б мы асмеліліся?
— Мы ж не нейкія там разбойнікі, — змрочна кінуў Ховербек, які ў асноўным маўчаў і слухаў.
— Мы шляхта!
— Толькі гонар свой і жыццё абаранялі!
— Маўчаць! — крыкнуў Багуслаў. — Вы з глузду паз’язджалі? Ці гэта вам Рэч Паспалітая, дзе той, у каго шабля на баку, сам сабе пан?
Таварыства толькі з нагі на нагу пераступала і адмоўчвалася. Сваёй віны ніхто не адчуваў, і Радзівілу, які вырас у той вольніцы, дзе бойкі і наезды, хоць і падлягалі судоваму пераследу, але былі звычайнай з’явай, віна яго людзей таксама не здавалася такой вялікай. Аднак лютаваў ён вельмі, разумеючы, што ўсё гэта можа дрэнна скончыцца. Памятаў гісторыю, якая здарылася з братам Янушам, які падчас навучання за мяжой таксама ладна павесяліўся ў лейдэнскім шынку. Радзівілу тады прыйшлося начаваць у турме, адкуль ён выйшаў раніцай дзякуючы высокаму паходжанню. А за крывавую вячэру заплаціў адзін з княжацкіх слуг, якому адсеклі галаву на гарадской плошчы.
Багуславу прыйшлося нямала выдаткаваць, каб улагодзіць справу. І калі Саковіч з Кажэўскім выйшлі з турмы, іх чакала такая «цёплая» сустрэча, на якую яны і заслугоўвалі.
Пасля гэтага выпадку Утрэхт давялося пакінуць і правым, і вінаватым: князь паслаў у Літву Саковіча разам з Цадроўскім, які даўно прасіўся дадому. Са злосці хацеў адправіць і Стаброўскага, але перадумаў, перахапіўшы люты погляд Адама, што з нянавісцю глядзеў на ворага, якому быў абавязаны сваімі непрыемнасцямі. Цадроўскаму даў пасаду ў сваіх уладаннях пад рукой Рэчыцкага і слухаць пратэстаў Яна не захацеў.
— Нашкодзіў — адказвай, — рашуча заявіў Багуслаў, вырашыўшы не пакідаць юнака каля Сасноўскага, каб у Саковіча не было спакусы зноў узяцца за сваё.
Для сябе Радзівіл таксама зрабіў пэўныя высновы.
— Я сам вінаваты, бо дазволіў слугам парушыць этыкет і перайсці мяжу, якая павінна заўсёды заставацца паміж патронам і кліентамі, — сказаў ён сабе. — Добрая ж пагалоска пра Радзівіла па Еўропе пойдзе, калі я сваім слугам рады не дам! Братацца варта толькі з роўняй, а шляхце патураць нельга.
Ненадоўга наведаўшы Гаагу, дзе ён меў размову з прынцам Аранскім, Багуслаў нечакана абвясціў почату, што жадае неадкладна ехаць у Францыю. Дваццаць пятага снежня ён сапраўды з’ехаў у Амстэрдам, дзе ў порце стаялі гатовыя да адплыцця чатыры невялікія гандлёвыя караблі. Усе яны былі цалкам загружаныя збожжам і танным галандскім сукном, і французскі купец Аарон Фора пагадзіўся ўзяць з сабой князя і яго почат толькі за фантастычную суму — 50 гульдэнаў.
— За іх можна было наняць цэлы карабель для ўласных патрэб, а не цясніцца ўсім разам у адной каюце, — бурчаў пан Пуцята, неахвотна адлічваючы грошы. — Ох, і чаму продкі гэтага «француза» не загінулі ў аравійскіх пясках, калі Майсей вывеў іх з Егіпта?..
Мора было неспакойным, а спадарожны вецер хоць і дзьмуў у ветразі, але расхістваў даверху нагружаныя караблі, што і так сядзелі занадта глыбока ў вадзе. Невяроўскі не пераставаў мармытаць праклёны:
— Для такога грузу стары скнара павінен быў наняць па меншай меры шэсць караблёў замест чатырох, і хай мяне пярун ударыць, калі яшчэ і не паспрабуе ашчадзіць на выплаце гандлёвага мыта, паказаўшы партовым фіскалам толькі тую вагу, якую могуць вытрымаць караблі, гэта значыць удвая менш супраць той, якую яны ўжо вытрымліваюць!..
Калі з туманнай далечы з’явіўся скалісты бераг Дзюнкерка, маракі і вандроўнікі разам напружыліся і падабраліся: цяжка было спадзявацца без прыгод абысці грознае пірацкае гняздо. Памятаючы мінулае падарожжа гэтымі водамі, Радзівіл на ўсялякі выпадак скамандаваў слугам зарадзіць мушкеты і сам спраўдзіў, ці лёгка вымаецца з похваў рапіра. Яго шляхціцы зрабілі тое ж. Маракі сталі каля дзвюх невялікіх бартавых гармат: карабель быў гатовы сустрэць ворага. На здзіўленне, удалечыні не было відаць ніводнага падазронага судна. Спакойна прайшоўшы праклятае месца, капітан перахрысціўся на краёчак халоднага зімовага сонца, якое ўпарта хавалася за аблокамі… Да вечара вецер мацнеў, а потым і зусім змяніўся — карабель, які накіроўваўся ў Кале, цяпер несла проста на Дуўр. Вандроўнікі гэтага не ведалі, таму што з усіх сіл спрабавалі заснуць у сваёй каюце — судна так падскоквала на бурных хвалях, што некалькі разоў іх галовы стукаліся аб нізкую столь.