— І трэба ж было нам падацца ў дарогу ў такі час? — бедаваў Стаброўскі, які, як і астатняя княжацкая моладзь, ускладаў віну за раптоўны ад’езд з Галандыі на Саковіча.
Але, атрымаўшы красамоўны штурхель ад Невяроўскага, замоўк.
Паміж шостай і сёмай гадзінамі раніцы, калі падплывалі да белых скал Альбіёна, якіх у змроку, вядома ж, не было відаць, капітан загадаў падысці бліжэй да берага і плыць уздоўж яго, бо неспакойныя марскія хвалі, якія спачатку толькі моцна білі ў борт, пачалі заліваць палубу. Лоцман спрабаваў пратэставаць, даказваючы, што марское дно тут няроўнае і можна наляцець на падводную скалу або мель. Але капітан загадаў маўчаць.
— На маім судне камандую я! — абвясціў ён. — І гэта мая справа клапаціцца пра бяспеку карабля, грузу і падарожнікаў. А ты не пагражай нам водмеллю, а паклапаціся, каб мы на яе не селі.
Гучны штуршок і злавесны трэск прабітага карабельнага дна не даў яму скончыць — судна ўсё ж наляцела на скалу. У пралом паляцела вада, — мора раскрыла ненасытную пашчу, каб праглынуць карабель з людзьмі і грузам.
Багуслаў з таварыствам ледзь выскачылі на палубу. Маракі спусцілі на ваду шлюпкі, але скарыстацца імі паспелі не ўсё. Да таго як карабель пайшоў на дно, князь зняў з плячэй падбіты футрам плашч — і адразу з галавой акунуўся ў ледзяную ваду. Цяжкія батфорты пацягнулі на дно, але Радзівіл сабраў у кулак усю волю і прагу жыцця ды выплыў на паверхню. У вушах свістаў вецер, шалела мора, а ледзяная вада прабірала да костак.
«Я доўга не вытрымаю, — пранеслася ў галаве. — Божа! Ці такой смерці я сабе спадзяваўся?»
Ухапіўшыся за бочку, што праплывала побач, ён паспрабаваў яе асядлаць, але здранцвелыя рукі толькі бяссільна слізганулі па круглых баках. Але не паспеў яшчэ Багуслаў падумаць пра немінучасць канца, як перад яго вачыма з’явілася вясло, і спалоханы хрыплы голас пана Пуцяты, які цяпер гучаў, як найлепшая ў свеце музыка, надрыўна закрычаў:
— Трымайся, князь!
Радзівіл сам не зразумеў, як апынуўся ў адной з лодак. Перад яго вачыма з’явіліся перапалоханыя твары Невяроўскага і Ферха, што нароўні з матросамі ўпарта працавалі вёсламі, і сіняе ад холаду аблічча Стаброўскага, якога таксама выцягнулі з вады.
— Усе ўратаваліся? — драўлянымі вуснамі прашаптаў князь, шукаючы вакол знаёмыя твары. Павярнуўшыся да суседніх лодак, дзе таксама мітусіліся людзі, выцягваючы з вады тапельцаў, крыкнуў: «Гэй, хто там ёсць?»
Яго пачулі. Спачатку паасобку, а потым усё разам замахалі рукамі радзівілаўскія шляхціцы, выкрыкваючы свае імёны.
Павольна нараджаўся новы дзень. У шэрым святле раніцы перад вачыма падарожнікаў адбывалася жудасная трагедыя — тры караблі іх флатыліі пайшлі на дно з усім таварам і людзьмі. Гледзячы, як гіне яго дабро, Фора з адчаю ледзь не кінуўся ў мора, але матросы сілай утрымалі яго ў шлюпцы.
— Скнара, — працадзіў пан Пуцята. — З-за яго скупасці колькі нявінных душ на той свет сышло…
Калі ўзбуджаныя марскія хвалі нарэшце вынеслі пацярпелых на бераг, іх сустрэлі англійскія салдаты. Яны адвялі замерзлых і змучаных людзей у добра знаёмы Радзівілу і Невяроўскаму Дуўрскі замак, дзе іх сустрэў той самы сэр Элмерз. Убачыўшы князя, камендант, якому давялося перажыць нямала непрыемных хвілін падчас яго мінулага прыезду ў Англію, не паверыў сваім вачам.
— Ваша светласць! — ускрыкнуў ён, міжволі ўхапіўшыся за сэрца. — Гэта вы?
— Спадзяюся, вы гэтым разам не запатрабуеце ў нас пашпартоў? — замест князя, стукаючы зубамі ад холаду, спытаў Ян.
Марская прагулка дорага абышлася Радзівілу — усе рэчы патанулі. Але паколькі грошы і каштоўнасці, якія традыцыйна трымаліся пры сабе, былі цэлымі, як і (дзякуй богу!) людзі, трохі прыйшоўшы ў сябе пасля жахлівага здарэння, усе накіраваліся ў Францыю. Падарожнічаць па ахопленай грамадзянскай вайной Англіі нікому не захацелася.
Раздзел 7
МАРГАРЫТА ДЭ РАГАН
Парыж
(студзень — май 1643 года)
Нягледзячы на ўсе здагадкі і дапушчэнні радзівілаўскіх слуг, якія ламалі галовы над прычынай, што прымусіла Багуслава так раптоўна пакінуць Галандыю, праўда пра несвоечасовае падарожжа князя ў Францыю ляжала на паверхні: у Парыжы адбылася падзея, якая непазбежна павінна была адбіцца на палітычным жыцці ўсёй Еўропы, — памёр кардынал Рышэлье. Сэн-Жэрменскі палац, дзе знаходзіўся каралеўскі двор, радасна святкаваў смерць крывавага міністра, амаль не азіраючыся на караля, усе думкі якога былі занятыя ўласнай хваробай, што няўхільна цягнула яго на той свет. Усё ж у Людовіка хапіла мудрасці пакінуць на сваіх месцах усіх прызначаных нябожчыкам кардыналам чыноўнікаў, сярод якіх знайшлося месца і хітраму італьянцу Мазарыні. Радзівіла, які з’явіўся ў Сэн-Жэрмене разам з Ганнай Ганзага, кардынал Джуліа сустрэў як добрага знаёмага і адразу запрасіў на абед, каб пачуць навіны з Гаагі. Больш за ўсё яго правялебнасць цікавіўся пытаннем аб’яднання ўсіх галандскіх правінцый пад уладай прынца Аранскага, што магло б вельмі ўмацаваць гэтую і без таго багатую краіну. Багуславу давялося прыкласці нямала намаганняў, каб адбіць у кардынала ахвоту распытваць яго ў далейшым. Тым не менш хітры італьянец вырашыў пільна сачыць за госцем, у розуме якога не сумняваўся, каб пры першай жа магчымасці прымусіць яго служыць французскім інтарэсам.