Выбрать главу

Радзівіл меў іншыя клопаты — Ганне Ганзага пасля яе шлюбнай авантуры з герцагам дэ Гізам захацелася выйсці замуж, пра што яна абвясціла князю адразу ж, як толькі той вырашыў узнавіць свае заляцанні.

— Толькі я не магу выйсці замуж за пратэстанта, — адразу папярэдзіла жанчына, прыняўшы здзіўленае маўчанне літоўскага прынца за шчаслівую разгубленасць. — Толькі за каталіка.

Багуслаў пра жаніцьбу яшчэ нават не думаў, затое добра памятаў нараканні кузэна Януша на шлюб з каталічкай і дагэтуль любіў Беатрысу. Навязлівасць маркізы зусім адбіла ў яго ахвоту жаніцца.

— Я евангеліст, мадам, — паведаміў ён ёй з самай журботнай усмешкай, якую толькі змог выціснуць з сябе. — І здраджваць сваёй веры не жадаю!

Пра гэты выпадак Багуслаў распавёў толькі пану Пуцяту, які ўмеў маўчаць, і вельмі здзівіўся, калі падчас наведвання каралеўскага палаца да яго падышоў Мазарыні і расплывістымі намёкамі паспрабаваў выведаць, ці не хацеў бы Радзівіл ажаніцца з францужанкай. Падумаўшы, што гаворка ідзе пра Ганну Ганзага, князь упэўнена паўтарыў тое, што ўжо казаў прынцэсе: «Я пратэстант, ваша правялебнасць, і мая будучая жонка павінна быць той жа веры, што і я».

На тонкіх вуснах сеньёра Джуліа заззяла асляпляльная ўсмешка.

— Хіба мала ў Францыі чароўных гугенотак? — праспяваў ён прыемным барытонам з лёгкім італьянскім акцэнтам.

Нечаканая прапанова так прыгаломшыла Радзівіла, што ён не адразу падабраў словы для адмовы.

— Супраць шлюбу я нічога не маю, — асцярожна сказаў ён. — Але мая будучая жонка павінна быць не проста высакароднага, а высокага паходжання, і да таго ж прыгажуняй.

Сказаўшы так, Багуслаў чакаў, што кардынал адразу ж адступіцца. Але Мазарыні, яшчэ раз бліснуўшы зубамі, адышоў, паабяцаўшы падумаць. Радзівіл так здзівіўся зацікаўленасці міністра яго асабістым жыццём, што нават не змог прыкрыць свае дэкларацыі жартам. Дома князь яшчэ доўга смяяўся з такой зацікаўленасці Касцёла асабістым жыццём пратэстанта, але пан Пуцята, да меркавання якога Багуслаў меў звычку прыслухоўвацца, нечакана падтрымаў кардынала. Рацыя пана Самуэля была зразумелая — выхавацель быў гатовы зрабіць усё, абы князь вярнуўся дадому і забяспечыў працяг роду нараджэннем спадкаемца…

А скора жаніць літоўскага прынца ўзялася сама Ганна Аўстрыйская. Французская каралева любіла таварыства Радзівіла, які дасканала валодаў мастацтвам свецкай гутаркі і кампліменту, да таго ж быў прыгажуном!

— Кардынал Мазарыні сказаў мне, прынц, што вы ўжо думаеце пра шлюб, — заявіла каралева падчас адной з прагулак палацавым паркам, дзе іх з князем суправаджалі прыдворныя дамы.

Трохі збянтэжаны, Радзівіл усё ж паўтарыў яе вялікасці тое, што ўжо казаў кардыналу.

— А што вы, прынц, скажаце пра герцагіню дэ Раган? — каралева хітра павяла вокам у бок незнаёмай Багуславу прыгожай дзяўчыны ў жоўта-чырвонай сукенцы, якая пра нешта размаўляла з Марыяй Луізай Ганзага.

Маргарыта дэ Раган, адзіная дачка знакамітага правадыра гугенотаў герцага Анры дэ Рагана, была самай багатай нявестай Францыі пасля «вялікай мадэмуазэль» — дачкі прынца Гастона Арлеанскага. А яшчэ яна была сапраўднай прыгажуняй, якой наперабой захапляліся шматлікія прыхільнікі, а сярод іх і прынцы дэ Суасон, дэ Немур і Саксен-Веймар.

І хоць жорсткая панна з незразумелых прычын наадрэз адмаўляла ўсім жаніхам, колькасць ахвотных павесці яе пад вянец усё ўзрастала. І сёння каля Маргарыты круціўся рой прыдворных кавалераў, ад якіх яна няветліва адмахвалася, нібы ад навязлівых мух.

Багуслаў, вядома, заўважаў дзіўныя паводзіны герцагіні. Але яе зграбная постаць, прыгожы тварык, тонкі носік, мяккія чорныя вочы, пяшчотная ўсмешка, якая адкрывала прагнаму воку вялікую рэдкасць таго часу — роўны радок снежна-белых зубоў, залацістыя завіткі густых валасоў, што па тагачаснай модзе свабодна спадалі на плечы, — спадабаліся князю. Прабавіўшы некалькі вечароў у таварыстве прыгажуні, Багуслаў страціў галаву і гатовы быў прыняць прапанову Ганны Аўстрыйскай, самаўпэўнена мяркуючы, што менавіта яму ўдасца заваяваць гэтую непрыступную крэпасць.