Выбрать главу

— Ты?! — усклікнуў ён, але, спахапіўшыся, усё ж нахіліў галаву ў цырымонным паклоне.

— Я, — Багуслаў адказаў на прывітанне халодным кіўком. — І чаму ж цябе, Тарэнт, так здзіўляе мая прысутнасць? Ты, здаецца, павінен быў ведаць, што я ў Францыі.

— Я маю больш важныя справы, чым сачыць за табой, — буркнуў Тарэнт. — Хоць і мала знойдзецца ў свеце людзей, з якімі б я сустрэўся менш ахвотна…

— Месіры, перастаньце, — герцагіня дэ Раган як сапраўдная жанчына вырашыла ўмяшацца ў сварку, каб своечасова яе спыніць. — Вы цяпер у мяне дома, а мае госці сабраліся тут, каб слухаць месье Вуацюра!

Але гэта было не так. Цікаўны бляск у вачах прысутных сведчыў пра тое, што яны хочуць працягу сваркі, пра якую можна было б заўтра распавядаць знаёмым, а месье Вуацюр радасна вярнуўся да картачнага століка. Зразумеўшы, што можа стаць усеагульным пасмешышчам, Тарэнт вырашыў адступіцца.

— Ці магу я наведаць вашу светласць заўтра? — спытаў ён у Маргарыты.

Відаць было, што жанчына з усяе сілы спрабуе прыдумаць прычыну для адмовы, але прычына не знаходзіцца.

— Як вам будзе заўгодна, кузэн, — роўным голасам адказала яна.

Пасля гэтага прынцу Трэмуйлю ўжо не было чаго рабіць у гатэлі дэ Раган. Трохі патуляўшыся сярод гасцей, ён сышоў.

Сабраўся дадому і Багуслаў. Перш чым сысці, ён падышоў развітацца з герцагіняй, якая падарыла яму ззяючую ўсмешку.

— Не маглі б вы, мансеньёр, наведаць мяне заўтра? — спытала яна, гулліва перабіраючы жамчужныя каралі на грудзях.

— Вядома, — з радасным здзіўленнем запэўніў яе прынц.

х х х

На наступны дзень пасля абеду Радзівіл ужо быў у гатэлі Раган. Нягледзячы на тое, што вялікі гадзіннік толькі пачаў адзвоньваць час, прыстойны для візітаў, прынц Тарэнт ужо з’явіўся і, мяркуючы па раздражнёным твары цудоўнай герцагіні, паспеў ёй надакучыць. Убачыўшы Багуслава, Маргарыта працягнула яму руку для пацалунку.

— Вы прымушаеце сябе чакаць, мансеньёр, — з дакорам сказала яна. — Здаецца, вашы пачуцці да мяне не такія моцныя, як вы сцвярджаеце.

Радзівілу падалося, што Тарэнт, які ледзь не лопаўся ад злосці, вось-вось кінецца на яго з кулакамі. Але цяпер яму было не да французскага нахабніка — і ні да чаго на свеце. Маргарыта ўсміхалася — яму, а не Тарэнту, — і Багуслаў адчуваў, што гатовы на ўсё дзеля яе ўсмешкі…

З гатэля дэ Раган яны з прынцам Шарлем Анры выйшлі разам. Радзівіл чакаў, што Маргарыта паспрабуе затрымаць аднаго з іх, каб прадухіліць магчымую сварку, і спадзяваўся, што гэтым шчасліўчыкам будзе менавіта ён. Але герцагіня, мабыць, баючыся за сваю рэпутацыю, не стала гэтага рабіць. Багуслаў, не жадаючы новай сваркі, махнуў слугам, каб падагналі карэту, але Шарль Анры схапіў яго за руку.

— Нам трэба пагаварыць, — злосна сказаў ён.

Яны адправіліся ў «Сасновую шышку» — шумнае месца недалёка ад сярэднявечнага абацтва Святой Жэнеўевы. Там якраз вячэрала вясёлая кампанія багатых студэнтаў з Лацінскага квартала, а некалькі гвардзейскіх афіцэраў азартна гулялі ў карты, уголас насміхаючыся з нябожчыка кардынала, які пры жыцці спрабаваў забараніць азартныя гульні ў грамадскіх месцах. Калі селі за стол, Тарэнт замовіў віна і ўласнаручна напоўніў куфлі сабе і князю. Выпіў залпам і, пляснуўшы куфлем па стале, пільна паглядзеў на Багуслава.

— Што ты маеш да маёй каханай кузіны? — спытаў ён, з цяжкасцю стрымліваючы гнеў.

— А ты як думаеш? — падміргнуў яму князь, які не мог пазбавіць сябе задавальнення пакпіць з саперніка.

Да віна ён нават не дакрануўся, разумеючы, што цяпер патрэбная свежая галава і ясны розум. Тарэнт, спрабуючы супакоіцца, выпіў яшчэ.

— Я прасіў бы цябе ад яе адступіцца, — працадзіў ён скрозь моцна сціснутыя зубы.

І просьба прагучала як непрыхаваная пагроза. Радзівіл менавіта так і зразумеў.

— Дык ты просіш ці пагражаеш? — абурыўся ён. — Зрэшты, можаш не адказваць, я табе ўсё роўна скажу, што гэтага не будзе! Тым больш, што ты не падобны да закаханага…

Шарль Анры нервова аблізаў перасохлыя ад хвалявання вусны.

— Ты не разумееш. Менавіта я, сваяк Маргарыты, павінен з ёй ажаніцца…

— Так хочацца дадаць да свайго імя яшчэ тытулы і багацце Батанаў? — Багуслаў ужо адкрыта здзекаваўся. — А табе не здаецца, што ўсе гэтыя графствы Парэ і Лорж, маркізаты Блэн і Лагарнаш і, нарэшце, княства Леон і Субіз, якія цяпер належаць герцагіні, гэтак жа добра далучацца да Радзівіла, як і да Тарэнта? Тым больш, што і цудоўная дама да мяне значна больш прыхільная.