Княжацкія шляхціцы, якія баяліся ўмешвацца ў размову, хоць і лавілі кожнае слова, па-падхалімску захіхікалі.
— Ды бог з табой, мансеньёр, — пакрыўдзіўся Ян. — Гэта ты сам, калі на мінулае спатканне з герцагіняй збіраўся, усю тую бутэльку на сябе выліў.
— Хіба? Ну, чорт з тымі духамі. Новыя купіш, толькі не забудзься.
Невяроўскі кіўнуў і сярдзіта паглядзеў на таварышаў, якія сталі непрыкметна выслізгваць з пакоя.
— Спадзяюся, наша будучая княгіня вартая такіх выдаткаў, — ён гулліва дакрануўся да каштоўных карункаў на камзоле князя. — Яшчэ ж заўтра той яўрэй з вуліцы Сэнт-Анарэ ўзоры тканін на агледзіны прынясе. А добрага краўца, як твая міласць загадваў, я ўжо знайшоў.
— Добра, — абыякава кіўнуў Багуслаў, думаючы пра сваё. — А Маргарыта, вядома, прыгажуня… Вось толькі…
— Што?
— Вось толькі не заўважаю я з яе боку тых «pointes de feu d’amour», або іскраў любові, як іх называюць паэты, да маёй яснавяльможнай асобы. Хай мяне пярун, не заўважаю!
— Як? — вылупіў вочы Невяроўскі.
— Сам дзіўлюся. Ніколі са мной такога афронту не было, і спадзяюся, што і не будзе.
Сказаўшы так, Радзівіл пра нешта задумаўся, назіраючы, як павук на столі пляце павуцінне.
— Не тыя ўжо вочы ў пана Пуцяты, — заўважыў ён, паказаўшы Яну на гэтае бязладдзе. — Відаць, старэе, небарака…
Але Невяроўскі хацеў абмяркоўваць Маргарыту дэ Раган, а не вочы пана Пуцяты, праз якія яны з прыяцелямі час ад часу мелі кучу непрыемнасцяў. Таму, асцярожна прысеўшы на ложак побач з князем, ціха спытаў:
— А ты што ж, мансеньёр? Няўжо закахаўся?
— Я? — здзівіўся Багуслаў. — Бог з табой, Яне. Жонку трэба халодным розумам шукаць, а не гарачым сэрцам. Але ўсё адно абраза мне сэрца сушыць… Ну, дзякуй, хоць прэч не гоніць, як іншых кавалераў. Але і толькі. І чым я ёй не дагадзіў?
Князь заклапочана зазірнуў у вялікае люстэрка, што вісела на сцяне. І, не знайшоўшы ніводнага недахопу ні на сваім прыгожым твары, ні ў складным моцным целе, якое выглядала бездакорна ў пашытым па апошняй парыжскай модзе камзоле, што каштаваў цэлы маёнтак. Князь падміргнуў Яну, патрабуючы адказу. Невяроўскі разгублена паціснуў плячыма.
— Можа, шчаслівы сапернік? — асцярожна выказаў меркаванне ён.
— Ужо думаў. І хто? Усіх месье, што за ёй увіваліся, я ўжо разагнаў.
— А нахабнік, з якім ты біўся на дуэлі?
— Прынц Тарэнт? Вярнуўся ў Галандыю. І на яго Маргарыта холадам дыхае…
Багуслаў уздыхнуў і надоўга пра нешта задумаўся. Невяроўскі пакорліва чакаў, ведаючы, што маўчанне нічога добрага не прадвяшчае. Нарэшце аблічча Радзівіла пасвятлела, і ён рашуча ўскочыў на ногі.
— Паехалі, Яне! Сёння Маргарыта мяне прымала, а сама ад гадзінніка вачэй не адводзіла. І адзетая была па-хатняму, таму з візітамі ехаць не збіраецца. Калі ёсць той сапернік на свеце, сёння ён будзе ў яе. Паехалі!
— Дык ноч на вуліцы, — паспрабаваў пратэставаць Ян, але Радзівіл загадаў замаўчаць і прынесці плашч і начышчаныя батфорты…
На вуліцу Сэнт-Антуан яны прыбылі ўжо пасля сігналу тушыць святло, гэта значыць небяспечнай парой, калі добрапрыстойныя грамадзяне мусілі адпачываць у цёплых ложках, а не падстаўляць шыі пад нажы вулічных рабаўнікоў, якімі аж кішэў начны Парыж.
— Ну і цемра, — бурчаў Невяроўскі, недаверліва гледзячы на цёмныя вокны дома. — Сёння тут гасцей няма, а герцагіня ўжо, напэўна, спаць легла.
— Дзе там, — сказаў Багуслаў, паказваючы на ледзьве прыкметнае святло ў акне яе спачывальні. — Або кагосьці прымае, або кагосьці чакае.
Яго конь нецярпліва заіржаў. Князь, супакойваючы, правёў рукой па грыве. Нібы ў адказ, адкрыліся невялікія дзверцы, якія шукальнікі прыгод спачатку і не заўважылі на цёмнай сцяне дома, і жаночы голас ціха спытаў:
— Гэта вы, месье?
— Я, — не разгубіўся Багуслаў, які пазнаў пакаёўку герцагіні. — А яе светласць?
— Чакае вас.
Радзівіл саскочыў з каня, кінуў лейцы прыгаломшанаму Невяроўскаму і, насунуўшы капялюш на твар, падышоў да субрэткі.
— Хадзем, мілая.
Яна паднесла свечку, каб лепш разгледзець госця, але Багуслаў, захінуўшы твар рукой, нібы ад рэзкага святла, паўтарыў:
— Хадзем.
Дзяўчына крыху адышла ўбок, прапускаючы наперад Радзівіла, затым зайшла сама. Ян пачуў, як шчоўкнула зашчапка, яшчэ некаторы час раздаваліся, аддаляючыся, крокі, пакуль не расталі ў поўнай цішыні.
— Чорт пабірай, — сказаў сабе Невяроўскі. — Здаецца, князь стаў яшчэ большым французам, чым самі французы. Ох, хоць бы на дапамогу паклікаў, калі што не так пойдзе.