Выбрать главу

Але хутка князь спахапіўся:

— Трэба з усіх сіл спяшацца ў галандскі лагер — прынц Аранскі будзе апошнім дурнем, калі не пойдзе адразу ж штурмаваць прыгнечаных паразай іспанцаў.

Падарожжа праз пазіцыі іспанскай арміі, якая займалася бясчынствамі і рабаваннямі, князь не баяўся: знаёмства з намеснікам Нідэрландаў, падпісаны ім пашпарт і ўласны гучны тытул мелі нагнаць страху на марадзёраў.

Дона Франсіска дэ Мела Радзівіл дагнаў у форце Марыенбург недалёка ад Філіпвіля, куды іспанскі галоўнакамандуючы адвёў рэшткі разбітай арміі. Там ён сустрэўся з войскамі імперскага генерала Бека, якога лічыў вінаватым у сваёй паразе, бо той не паспяшаўся на дапамогу. Сварку паміж палкаводцамі не стрымала нават прысутнасць Радзівіла.

— Пяць тысяч забітых, столькі ж палонных, — пералічваючы страты, дон Франсіска амаль ірваў на сабе валасы, — дваццаць восем гармат, сто семдзесят сцягоў і шэсцьдзясят штандараў захапілі французы, а яшчэ ўвесь абоз і скарб! І ўсё гэта таму, што ты, мярзотнік, лёг спаць, калі мусіў імчацца да мяне! — надрываўся генерал. — О, Мадонна! Што цяпер скажа кароль?

Дон Франсіска абхапіў галаву рукамі і замаўчаў. Ён прадчуваў, што параза будзе каштаваць яму пасады намесніка Нідэрландаў. Флегматычны Бек даўно прывык да яго эмацыйных выпадаў, з-за чаго на гэты раз недаацаніў небяспеку, палічыўшы заклік Мела да рашучых дзеянняў чарговай істэрыкай.

— Зараз трэба дзейнічаць як належыць мужчыну, а не румзаць як жанчына, — абвясціў ён, ваяўніча закруціўшы пышныя рудаватыя вусы. — Я пакіну ацалелых воінаў ахоўваць Ціонвіль, а сам з генералам Кантэльма адпраўлюся насустрач галандцам. Прынц Аранскі будзе апошнім дурнем, калі не скарыстаецца нашай паразай у сваіх інтарэсах.

Мімаволі паўтарыўшы словы Радзівіла, генерал Бек толькі ўзмацніў рашучасць князя як найхутчэй імчацца ў галандскі лагер. Зрэшты, працягваць падарожжа Багуславу прыйшлося ў таварыстве дона Мела і іспанскіх салдатаў, якія суправаджалі пана намесніка ў сваю сталіцу. Каля Брусэля іх шляхі разышліся — дон Франсіска застаўся ўладжваць справы з харчаваннем для войска, і Радзівіл спакойна паехаў далей…

х х х

Брусэль поўніўся кепскімі і вельмі кепскімі чуткамі. Хтосьці казаў, што французскія войскі ўжо рабуюць нідэрландскія правінцыі і хутка да іх далучыцца яшчэ і галандская армія, галоўнакамандуючы якой нібыта загадаў сваім воінам браць у паход як мага болей вазоў для здабычы. Таму Багуславу, перш чым заехаць у горад, давялося вытрымаць прыдзірлівыя допыты: спачатку — гарадской варты, а затым і прагных да навін гарадскіх ураднікаў. Ад роспытаў не ратавалі ні тытул, ні падпісаны намеснікам пашпарт — людзі ўскладалі ўсю віну за паразу на дона Мела і ўжо не мелі да яго подпісу былой павагі. Яны ўслых выказвалі надзею, што кароль Іспаніі дашле ім лепшага палкаводца. З цяжкасцю вырваўшыся ад цікаўных брусэльцаў, Радзівіл ускочыў у карэту і загадаў ехаць як мага хутчэй, каб не стаць аб’ектам увагі яшчэ і вулічнага натоўпу. Развіць хуткасць на вузкіх вулачках было немагчыма. На запруджаных людзьмі, коньмі і вазамі скрыжаваннях даводзілася доўга чакаць, пакуль чэлядзь разгоніць мінакоў і вызваліць шлях. Таму Багуслаў адаслаў наперад частку коннага почату і пана Пуцяту, каб той падрыхтаваў найлепшыя пакоі ў найлепшай карчме і замовіў вячэру, а сам, зручна разваліўшыся на пустым сядзенні, стаў чакаць канца падарожжа.

Карэта ў чарговы раз спынілася: сустрэчны экіпаж не прыслухаўся да заклікаў княжацкіх слуг, якія ехалі наперадзе, патрабуючы саступіць дарогу імперскаму прынцу. Абураны непавагай да гаспадара фурман выбухнуў гучнай лаянкай, на якую адказала чэлядзь сустрэчнага нахабніка. Убачыўшы, што іх павольна абступае заўсёды ласы да сварак вяльможаў просты люд, Багуслаў выйшаў з карэты, каб навесці парадак. І нават зніякавеў ад нечаканасці, пабачыўшы герб на дзверцах сустрэчнай карэты, а потым і яго ўладальніцу, якая вызірнула ў акно. Гэта была Беатрыса!

Сустрэча зрабіла на былых палюбоўнікаў неабыякое ўражанне: Багуслаў збялеў, а шчокі графіні дэ Кюзанс загарэліся яркай чырванню. Жанчына ачомалася першая.

— Можа, дазволіце мне праехаць, прынц, пакуль нашы фурманы не разарвалі адзін аднаго на кавалкі? — спытала яна, прыкрываючыся веерам, каб схаваць збянтэжанасць.

— Гэта будзе парушэннем этыкету, мадам, — сказаў Радзівіл, які таксама вырашыў паводзіць сябе так, быццам нічога не адбылося. — Як прынц Свяшчэннай Рымскай імперыі я павінен ехаць першы.

Графіня не чакала адпору.

— Вы… вы проста дзікун, мансеньёр, — абурана сказала яна. — Адразу відаць, што прыехалі сюды з дзікіх краёў.