Багуслаў усміхнуўся.
— Я прыбыў сюды з Францыі, вашай радзімы, дарагая графіня, дзе прыдворны этыкет свята шануюць… Але прапаную зараз не прыпадабняцца да чэрні, якая ўсе пытанні вырашае крыкам, а ўлагодзіць наша спрэчку адзіным магчымым спосабам.
— Гэта якім?
— Мой фурман зможа прапусціць наперад вашу карэту, толькі калі я буду сядзець у ёй.
— Ні за што!
— Як заўгодна, — Багуслаў зрабіў выгляд, што сыходзіць. — Але клянуся, што інакш мой фурман і з месца не кранецца.
— Ну вы і нахабнік, прынц!
Убачыўшы, што гнеў на твары Беатрысы змяніўся ўсмешкай, князь падышоў да яе, даслаў проста ў сэрца асляпляльны погляд і замёр у чаканні, схіліўшы галаву набок. Чары падзейнічалі, і, усё яшчэ смеючыся, жанчына адчыніла дзверцы карэты.
— Толькі я еду дадому, — папярэдзіла яна.
— Спадзяюся, я таксама, — сказаў Радзівіл, заскокваючы ўсярэдзіну…
…Нечаканае прымірэнне з Беатрысай адклала ваяўнічыя намеры Радзівіла на няпэўны час. Спрыялі гэтаму і весткі з ваеннага лагера — флегматычны генерал Бек так жыва прамаршыраваў насустрач галандскай арміі, што прымусіў прынца Аранскага застацца на сваіх пазіцыях. Тут, у Брусэлі, нарэшце дагналі князя і кепскія навіны з дома: лісты ад Януша з жалобнай рамкай паведамлялі аб тым, што ў родах адышла да бога княгіня Катарына, яе нованароджаны сын, а затым і цётка Ганна. Палітычныя навіны таксама былі невясёлымі. Сенатары высмеялі чарговую спробу Януша атрымаць гетманскую булаву і пасаду жамойцкага старосты, якая павінна была забяспечыць князю месца ў сенаце, успомніўшы яго юнацкія намеры «павыкідаць палякаў з вокнаў». Радзівіл ізноў апынуўся ў апазіцыі і маліў Багуслава хутчэй вяртацца ў Літву, каб сумеснымі намаганнямі пазбавіцца ворагаў іх дому.
Калі князь Януш пералікам сваіх крыўдаў і шкадаванняў хацеў абудзіць гнеў у гордым сэрца кузэна, гэта яму бясспрэчна ўдалося. Вось толькі наступствы ён прадказаць не змог.
— Я не хачу жыць у краіне, дзе прынцы павінны даваць справаздачу перад шляхецкімі галадранцамі, — заявіў Багуслаў пану Пуцяту, які ўслед за Янушам паспрабаваў наставіць «немца» на праўдзівы шлях. — Таму і застаюся тут.
Радзівіл хітраваў. Каханне да Беатрысы ў нейкі момант узяло верх нават над славалюбствам, так што спалоханы пан Пуцята, баючыся, што Багуслаў можа ажаніцца з жанчынай такой скандальнай рэпутацыі, пачаў настойваць на вяртанні ў Галандыю. Вядома, наўпрост выступаць супраць графіні маршалак баяўся, таму абгрунтаваў гэтую паездку фінансавымі клопатамі. Маўляў, каб іх уладзіць, патрэбная асабістая прысутнасць князя на перамовах з банкірамі.
На жаль, супраць выступіла сама мадам дэ Кюзанс, не жадаючы расставацца з каханым мужчынам. Адпраўляцца ў Гаагу разам з Багуславам яна таксама не захацела: Нідэрланды і Злучаныя Правінцыі былі такімі ж непрымірымымі ворагамі, як каталіцкая царква і Рэфармацыя. І графіня, пакінуўшы Брусэль цяпер, калі пытанне захопу яго войскамі прынца Аранскага здавалася толькі справай часу, магла больш туды не вярнуцца. Да таго ж, яе палымяны палюбоўнік быў шчодрым на каханне і скупым на шлюбныя абяцанні, якіх Беатрыса ўжо стамілася чакаць. Але, не губляючы надзеі зацягнуць Радзівіла пад вянец, мудрая жанчына не жадала з’яўляцца ў свеце як яго каханка, спадзеючыся аднойчы ўвайсці туды законнай жонкай.
— Чаму б табе сапраўды са мной не ажаніцца? — аднойчы спытала яна, калі разамлелы ад кахання князь, як ёй здавалася, быў гатовы на ўсё. — Я б магла нарадзіць табе выдатных дзяцей у законным шлюбе і не дрыжаць, што наша блізкасць прывядзе да нараджэння незаконнанароджанага.
Багуслаў глыбока ўздыхнуў. Ён падсвядома чакаў гэтай размовы, наўмысна ігнаруючы намёкі каханкі на сумесную будучыню.
Вось і цяпер паспрабаваў зрабіць выгляд, што нічога не пачуў, пацягнуўшыся вуснамі да яе аголенага пляча, але жанчына рашуча яго адхіліла.
— Што скажаш, мілы? — настойліва спытала яна. — Калі пажэнімся, можам пасяліцца ў палацы майго нябожчыка мужа — думаю, упраўляючаму рана ці позна ўдасца адсудзіць яго ў маёй свякрухі. У рэшце рэшт, калі хочаш, можам жыць хоць у Гаазе, хоць у тваёй дзікай краіне — мне ўсё адно.
— Не такой ужо і дзікай, — усміхнуўся князь. — Хоць табе там наўрад ці спадабаецца… Да таго ж ты — каталічка, а я пратэстант. Ты мяняць веру не хочаш, і я гэтага рабіць не буду. Навошта нам смяшыць неба такім шлюбам?
— Нябёсы няхай сабе смяюцца, толькі б мы з табой слёз не лілі, — адрэзала графіня. — А жаніцьбай каталічкі і пратэстанта Рым ужо не здзівіш.