— Усё не так дрэнна, пане Самуэль, — сказаў ён, калі сабраўся з думкамі. — Пазыкі я змагу пагасіць, атрымаўшы грошы з Літвы. У рэшце рэшт, Сасноўскі іх спраўна мне пастаўляе…
— Пастаўляе толькі таму, што добра памятае аб адстаўцы Рэчыцкага, якую той атрымаў, калі ўздумаў калоць вашай міласці вочы даўгавымі распіскамі, — адрэзаў пан Пуцята. — І робіць гэта не толькі запісваючы ліхвярам прыбыткі з будучых гадоў, але і ўжо зараз разлічваючыся з імі закладам вашых маёнткаў!
На Багуслававым ілбе раптам выступіў халодны пот.
— Адкуль ты гэта ведаеш? — глуха спытаў ён.
— Пан Саковіч напісаў, — пан Пуцята сказаў гэтае імя так, быццам і сам здзівіўся, што павінен прыкрывацца дзеяннямі чалавека, якога заўсёды лічыў памочнікам д’ябла. — Ён у добрых адносінах з Майсеевічам, які, між іншым, таксама б’е трывогу, каб не дапусціць разарэння вашай княжацкай міласці, — у рэшце рэшт, гэта не ў яго інтарэсах.
Згадка пра Саковіча, імя якога пан Пуцята дагэтуль не мог спакойна нават чуць, зрабіла на Радзівіла неверагоднае ўражанне. Пан Самуэль, зразумеўшы, што яму ўжо губляць няма чаго, скончыў размову эфектным выпадам.
— Да таго ж бяда не ходзіць адна — пан Максімовіч з дапамогай Сапегаў збіраецца рэквізаваць Копысь на радасць усім ворагам дому Радзівілаў. І дасягне свайго, бо князь Януш варагуе з дваром і абараніць вашы інтарэсы не зможа. І чаму ён павінен быў гэта рабіць, калі вашу княжацкую міласць не хвалюе лёс уласных уладанняў?
Гэтых слоў ужо не магла стрываць абражаная радзвілаўская годнасць. Багуслаў добра памятаў свой выступ на сойме, калі яшчэ дзіцём адбіў спробы літоўскага гетмана Сапегі прыбраць да рук яго ўладанні, і цяпер тым больш не збіраўся адступаць.
— Досыць, пане Самуэль, — заявіў ён. — Мы вяртаемся дадому.
Нягледзячы на рашэнне Радзівіла хутчэй адправіцца ў дарогу, ад’езд давялося адкласці. Без выплаты даўгоў, пра якія казаў пан Пуцята, не магло быць і гаворкі пра выезд з Галандыі. Да таго ж Ворстарман, працягваючы выконваць абавязкі радзівілаўскага мастацкага агента, змог парадаваць свайго патрона пакупкай некалькіх дзясяткаў палотнаў выдатных майстроў жывапісу, за якія таксама трэба было плаціць. Багуслаў яшчэ некалькі месяцаў чакаў грошы з Літвы, каб разлічыцца з абавязкамі, і з чыстым сумленнем адправіцца на радзіму.
Раздзел 9
МЫШЫНАЯ ВАЛТУЗНЯ
Кёнігсберг — Вільня — Менск
(лістапад — снежань 1644 года)
Калі Багуслаў прыбыў у Літву, стаяла позняя восень. Яшчэ ў Кёнігсбергу князя сустрэў Саковіч — ён спецыяльна адолеў такі шлях, каб бесперашкодна паскардзіцца на Сасноўскага.
— Баюся, мон прэнс, што гэты прайдзісвет хутка пусціць цябе з торбай па свеце, — казаў Адам. — Раю табе неадкладна пагаварыць з Майсеевічам, які, на шчасце, скупіў большасць тваіх вэксаляў, каб яны не распаўзліся паміж сапернікамі. Вядома, гэты скнара іх дарма не аддасць, але празмерную цану таксама патрабаваць не будзе, бо яго бяспека і дабрабыт ад біржанскіх Радзівілаў залежаць.
Багуслаў хацеў паслухацца прыяцеля, але пакуль не меў вольнага часу ні на Сасноўскага, ні тым больш на Майсеевіча. Даведаўшыся пра прыезд князя, літоўскія паны пачалі слаць яму вітальныя лісты, настойліва запрашаючы ў госці. Ад большасці запрашэнняў Багуслаў шчасліва адкараскаўся адпіскамі, але абысці ўвагай кузэна Януша, Юрыя Глябовіча, князя Альбрэхта і гетмана Кішку не мог і не хацеў, маючы патрэбу ў падтрымцы сваякоў на судзе адносна Копысі.
На шчасце, у гэты час усе неабходныя князю людзі жылі ў Вільні. Таму, даслаўшы ліст Сасноўскаму з грозным для любога аканома патрабаваннем неадкладна прыбыць з падліковымі кнітамі, Багуслаў адправіўся ў літоўскую сталіцу. За час яго адсутнасці горад амаль не змяніўся, у тым ліку і палац, які пуставаў ужо амаль пяць гадоў — ад першага падарожжа гаспадара ў чужыя краі. Прайшоўшыся старымі заламі, якія памяталі лёгкую паходку каралевы Барбары і яго ўласнае дзяцінства, князь паназіраў за працай слуг. Тыя ліхаманкава расстаўлялі дастаўленую са Слуцка мэблю і прыкрывалі патрэсканыя сцены старадаўнімі габеленамі, якія ўжо даўно выйшлі з моды.
— Нічога не змянілася, — з усмешкай паведаміў ён пану Пуцяту, які таптаўся ззаду. — Ну нічагуткі!
Але, параўнаўшы дзіцячы партрэт, які да гэтага часу вісеў на сцяне спальні, са сваім адлюстраваннем, Багуслаў зразумеў, што час усё ж не стаіць на месцы, — змяніўся перш за ўсё ён сам! Зрэшты, марнаваць час на філасофскія матэрыі князь не мог, і ўжо праз гадзіну пасля прыезду з невялікім початам адправіўся ў госці да Януша.