У палацы кузэна, вядома, чакалі высокага госця. Слугі жвава бегалі з кухні ў піўніцу, са склепа ў кухню, накрываючы на стол. У двары стаяла карэта Глябовіча, а трохі далей — гетмана Кішкі (Януш папярэдзіў сваякоў аб прыездзе Багуслава). Саскочыўшы з каня, Радзівіл кінуў повад слугу і накіраваўся ў дом, куды ўжо панёсся палацавы слуга папярэдзіць гаспадара. Завярнуўшы за рог, князь нечакана ўбачыў маленькую дзяўчынку, якая, блытаючыся ў доўгай спадніцы, самотна ішла яму насустрач. Убачыўшы незнаёмца, спынілася і, цікаўна задраўшы галаву, чакала, пакуль той падыдзе да яе.
Багуслаў падышоў і, прысеўшы, далікатна дакрануўся рукой яе доўгіх залацістых валасоў, што выглядалі з-пад сабалінай шапачкі.
— Хто ты, прыгажуня? — мякка спытаў ён, хоць ужо і так зразумеў, хто перад ім.
І не памыліўся.
— Гануся, — дзяўчынка міла ўсміхнулася князю сваімі вялікімі сінімі вачыма.
Ёй спадабаўся прыгожы рыцар.
— Ну, вітаю, дарагая пляменніца, — засмяяўся Багуслаў і, падхапіўшы дзяўчынку на рукі, хацеў быў, гуляючы, падкінуць яе ўверх, але своечасова спахапіўся, што з паненкамі так паводзіцца не варта.
Пяшчотна прыціснуў малую да сябе і, міжволі любуючыся яе чароўным тварам, не ўтрымаўся:
— Якая ж ты прыгожая, анёл мой!
— Ты хто? — пацікавілася князёўна, якая таксама не зводзіла з яго зачараванага позірку.
— Князь Багуслаў. Твой дзядзька.
Гануся яшчэ шырэй расплюшчыла вялікія вочы і напружыла лобік, спрабуючы зразумець, хто перад ёй.
— Дзядзька? — здзіўлена перапытала яна.
— Кліч мяне Багуславам…
— Ну, нарэшце, прыехаў! — грамавы голас кузэна, які з шырока раскрытымі абдымкамі стаяў на парозе, прымусіў князя на час забыцца пра дзяўчынку.
Асцярожна паставіўшы яе на зямлю, Багуслаў кінуўся абдымаць Януша, а затым і Глябовіча, які з’явіўся з-за спіны швагра.
Катарына са старэйшай дачкой Ганнай Марцыбелай чакала Багуслава ў абедзеннай зале. Пасля смерці жонкі брата менавіта яна займалася малой Ганусяй. Сёння прыйшла ў госці не толькі каб пабачыцца са стрыечнікам, але і каб угаварыць Януша аддаць яе частку спадчыны пасля смерці маці. Замужжа і роды дадалі жанчыне самавітасці ды загартавалі і так не просты характар. Яго Катарына адразу і паказала, патрабуючы ў брата неадкладна вырашыць яе пытанне.
— Ды напрамілы бог, Касенька! Клянуся, што крыўдзіць цябе і не думаю, — запэўніў сястру Януш, вінавата азірнуўшыся на Багуслава і на дзядзьку Кішку. — Але пра справы пагаворым у зручнейшы час, сёння ж вітаем дарагога госця.
— І сапраўды, дарагая, гэта можа пачакаць, — падтрымаў князя Глябовіч. — Тым больш у такі дзень.
Катарына не стала пярэчыць, але так паглядзела на мужа, што той адразу змоўк. А Багуслаў глядзеў на кузэна. Януш змяніўся.
Смерць бацькі, маці, жонкі, двух дзяцей і жыццё ў апазіцыі вельмі паўплывала на яго. Забыўшыся на свае французскія звычкі, замяніўшы камзол на кунтуш, ён адпусціў вусы і пастрыг доўгія валасы па шляхецкім звычаі — падгаліўшы патыліцу. Новая прычоска зусім не пасавала князю, і Багуслаў, якога непрыемна ўразілі такія змены, незадаволена зморшчыўся.
— Зусім апусціўся ты пасля смерці жонкі, — незадаволена заўважыў ён. — Ажаніўся б у другі раз, ці што!
— Думаю пра гэта, — спакойна адказаў стрыечнік. — А што да вопраткі, — ён правёў рукой па доўгім шэрагу каштоўных смарагдавых гузікаў, — я змяніў яе не са сваёй ахвоты, а з неабходнасці, калі пачуў, як найяснейшыя паны на сойме, намаўляючы караля не даваць мне булавы, казалі, што бацькоўскіх звычаяў цураюся, што французскае адзенне нашу. І я табе скажу так: калі дзеля булавы трэба апрануць кунтуш, я так і зраблю, бо як ні круці, а гетман павінен быць бліжэй да народа. Ці не праўда, дзядзька?
Пан Кішка, што якраз частаваўся старым угорскім, ухвальна кіўнуў.
— Якія глупствы! — абурыўся Багуслаў. — Гетмана гетманам робіць не вопратка, а воінская доблесць.
Януш толькі ўсміхнуўся.
— З ваўкамі жыць — па-воўчы і выць, дарагі кузэн! Трохі пажывеш у Літве, сам усё зразумееш.
— Думаеш, я дазволю шляхце сабой верхаводзіць? Дрэнна ж ты мяне ведаеш, княжа, — сказаў на гэта Багуслаў і, жадаючы перамяніць тэму, спытаў: — Ды з кім ажаніцца хочаш? Ужо маеш на прыкмеце нейкую прыгажуню? Ці так гэта, пустыя размовы?