Выбрать главу
х х х

Пасля размовы са стрыечным братам і двух-трох самых неабходных візітаў Багуслаў, паддаўшыся на ўгаворы Саковіча, адбыў у Менск на сустрэчу з Майсеевічам, і, заадно, на мясцовы соймік, спадзеючыся быць абраным паслом на сойм.

У Менску Радзівілу належаў прасторны драўляны будынак, які суседнічаў з домам Саковіча (той атрымаў будынак у пасаг за жонкай). Такому суседству вельмі ўзрадаваўся сам князь, але не яго моладзь. Асабліва дрыжаў Стаброўскі, які з часу свайго прыезду ў Літву чакаў ад ашмянскага падкаморага якога-небудзь паскудства за ўтрэхцкі дэбош. Але міналі дні, а Саковіч не звяртаў на яго ніякай увагі, і Самуль патроху супакоіўся, вярнуўшы сабе звыклую самаўпэўненасць. Паездцы ў богам забыты Менск ён таксама не ўзрадаваўся: дзелавіты выгляд князя даваў зразумець, што ніякіх забаў паездка не абяцае.

Так яно і выйшла. Адразу ж па прыездзе Багуслаў з Саковічам адправіліся да Майсеевіча, а Стаброўскі з Невяроўскім ад няма чаго рабіць папляліся следам.

— Занадта вялікі гонар для гэтага жыда, — бурчаў Самуль. — Мог бы і сам да князя прыйсці, не рассыпаўся б!

Але Багуслаў, які вырашыў, што сваім прыходам пацешыць самалюбства хітрага ліхвяра і той стане больш падатлівым, думаў інакш і пераканаць сябе ў адваротным не даў. Мужна пераступіў парог бязбожніцкага дома разам з Саковічам, а Стаброўскі з Невяроўскім засталіся чакаць на вуліцы.

Шаноўны яўрэй сустрэў высокіх гасцей на парозе ў атачэнні сваёй вялікай сям’і. Відаць было, што яго на самай справе прыгаломшыў такі гонар. Няспынна кланяўся, мармытаў сабе пад нос захопленыя вітанні і кляўся, што нічым не заслужыў такой увагі з боку яго княжацкай міласці. Зрэшты, так скардзячыся, Майсеевіч добра разумеў, што князь робіць гонар не яму, а хутчэй сваім пазыкам. Таму, калі гаворка зайшла пра грошы, зноў набыў выгляд разважнага спецыяліста.

— Найбольшым ліхам для вашай княжацкай міласці з’яўляюцца нават не пазыкі, — казаў Майсеевіч, працягнуўшы руку над аб’ёмным сувоем даўгавых распісак, да якіх ставіўся з такой жа павагай, як да Торы. — Доўг, забяспечаны будучымі даходамі, — гэта толькі адтэрміноўка выплаты пад умераныя працэнты, якія я, прашу заўважыць, бяру з вашай княжацкай міласці толькі для таго, каб не згалець самому. Доўг становіцца ліхам толькі тады, калі не можа быць забяспечаны прыбыткамі і калі крэдытор, каб не пайсці па свеце з торбай, павінен прасіць падмацаваць пазыку закладам. Але нават гэты заклад…

— …не з’яўляецца бядою, калі даўжнік зможа знайсці сродкі, каб своечасова пагасіць доўг, пакуль яго маёмасць не стала ўласнасцю крэдытора, — нецярпліва скончыў Саковіч. — Завяршай сваю лекцыю, Майсеевіч, калі не хочаш, каб я захроп проста ў гэтым крэсле, як рабіў студэнтам, калі прафесарскія натацыі наганялі на мяне нуду. Ды што там я! Нават найяснейшы князь ужо пазяхае, а ён яшчэ не паспеў адвыкнуць ад дыспутаў, бо зусім нядаўна порткі праціраў ва ўніверсітэтах… Скажы лепш, колькі яго міласць табе вінен, і скончым з гэтым.

Лазар Майсеевіч злосна паглядзеў на пана падкаморага і, падсунуўшы да сябе вялікую падліковую кнігу, разгарнуў яе на патрэбнай старонцы. У Багуслава аж галава кругам пайшла — лічба ледзь не ў дзесяць разоў перавышала той доўг, які агучваў пан Пуцята і які так яго напалохаў. Зрэшты, гэта было не дзіўна, таму што маршалак распараджаўся толькі замежнымі выдаткамі князя, а справамі маёнткаў займаўся аканом.

— Выходзіць, што я табе, Майсеевіч, вінен усе прыбыткі ад маіх уладанняў на два гады наперад? — падлічыўшы, змрочна ўдакладніў Радзівіл.

— Пры добрым ураджаі — за два з паловай, найяснейшы князь, — пакланіўся яўрэй. — І гэта пад сумленнае слова вашай княжацкай міласці, без якога-небудзь закладу.

Слухаючы Майсеевіча, Багуслаў штораз мацней сціскаў у руцэ ўжо пусты сярэбраны келіх, куды гасцінны гаспадар перад тым пляснуў трохі віна. Пачуўшы апошнюю фразу, выпадкова сплюшчыў яго волатаўскай рукой.

— Цяпер я табе, Майсеевіч, вінен яшчэ такую ж пасудзіну, — князь збянтэжана пакруціў сплюшчаны келіх у руцэ.

— Няхай ваша княжацкая міласць гэтым не пераймаецца, — яшчэ раз пакланіўся ліхвяр.

— Яшчэ б ты пераймаўся, — фыркнуў Саковіч, падсоўваючы кнігу да сябе. — 3 такіх працэнтаў!.. Скажы лепш, як гэта пан Сасноўскі ўмудрыўся выбраць у цябе такі крэдыт?

Яўрэй закашляўся, папярхнуўшыся слінай.

— Ну, займаў не толькі пан Сасноўскі, але і папярэднія аканомы, — сказаў, прачысціўшы горла. — Тут яшчэ пазначаны даўгі, якія дасталіся найяснейшаму князю ў спадчыну ад яго памерлай маці.