Ён працягнуў Радзівілу сшытак, які дзіўным чынам апынуўся ў пана Адама.
— Бачу, ты, шэльма, нядаўна выкупіў гэтыя вэксалі, — шматзначна кіўнуў ашмянскі падкаморы, бегла прагарнуўшы паперы. — Нягледзячы на тое, што былі выдадзеныя чвэрць стагоддзя таму?
— Вядома, шаноўны пане, — Майсеевіч нявінна залыпаў вачыма. — Хіба я мог дапусціць, каб імя яго светласці ганьбілі ў судах ворагі? Тут іх тысяч на шэсцьдзясят… ну, яшчэ працэнты…
— Пра працэнты можаш забыць, — адрэзаў Саковіч, даючы знак Багуславу, каб той не ўмешваўся. — Сумняюся, што ты заплаціў за гэтыя паперкі больш за палову іх кошту.
Майсеевіч з пакутлівым крыкам ускочыў на ногі.
— Добра, — «злітаваўся» Адам. — Яго міласць выкупіць іх у цябе… тысяч за сорак… І зробіць гэта толькі з павагі да светлай памяці княгіні і да твайго розуму, шэльма…
Канец прамовы патануў у крыках яўрэя, які, несучы страты на прыбытковай, як ён лічыў, здзелцы, адчайна лямантаваў аб сваім разарэнні.
Старгаваліся на пяцідзесяці двух тысячах, якія Майсеевіч павінен быў атрымаць за кошт арэнды радзівілаўскага Сяльца. Ён трымаў яго ў руках ужо дзясятак гадоў і меўся трымаць, пакуль не кампенсуе пазыкі. Паколькі гэты маёнтак штогод даваў як найменш дзесяць тысяч чыстага прыбытку і яшчэ трыццаць хітры яўрэй быў вінаваты самому Багуславу, князь мог з палёгкай выдыхнуць — справу з матчынымі вэксалямі можна было лічыць вырашанай. Яшчэ частку даўгоў удалося спісаць, задаволіўшы найніжэйшую просьбу яўрэйскай грамады Слуцка і Капыля аб наданні дадатковых ільгот па выплаце кірмашовай пошліны і адносна гарантый бяспекі. А пасля таго, як ліхвяр пагадзіўся неадкладна даць яшчэ некалькі тысяч злотых на асабістыя патрэбы князя, Радзівіл адчуў сябе цалкам задаволеным.
Задаволіць Саковіча было значна цяжэй. Падышоўшы да ліхвяра, Адам паклаў цяжкія далоні яму на плечы, каб адчуваць найменшы рух не толькі цела, але і душы, і зазірнуў сваімі злымі вачыма проста ў сэрца.
— Вось скажы мне, Майсеевіч, — працягнуў ён. — Якія землі князя заклаў Сасноўскі, калі ў апошні раз цябе наведваў?
У шаноўнага яўрэя аж калені затрэсліся. Радзівіл, які да гэтага часу перачытваў рахункі, здзіўлена падняў галаву.
— Пра што ты кажаш, Адам? — спытаў ён. — На заклад маёнткаў патрэбен мой дазвол і подпіс на закладной, а я ні таго, ні іншага аканому не даваў.
— Значыць, ён неяк справіўся сам, — заўважыў ашмянскі падкаморы. — І Майсеевіч нам зараз раскажа, як пану Яну гэта ўдалося. Праўда, пане?
Адам усміхаўся, але Майсеевіч добра ведаў цану гэтай усмешкі, таму і дрыжаў, як асінавы ліст, а яго маленькія вострыя вочкі бегалі, як спалоханыя мышы ў пастцы. Хацеў бы ўцячы, але пранізлівы погляд Саковіча быццам прыкаваў яго да месца.
— Праўдзівы божа… нічога не ведаў, — запінаючыся, прамармытаў ліхвяр. — Пан Сасноўскі прадставіў мне закладную, падпісаную яго княжацкай міласцю, і я яе прыняў, зверыўшы подпіс.
У кутку пакоя пачуўся нейкі падазроны шоргат. Адам зірнуў туды, але Майсеевіч заступіў дарогу.
— Шчуры, — растлумачыў ён. — Зусім абнахабелі, праклятыя…
— Давай сюды гэты дазвол, — загадаў Багуслаў, і шчаслівы яўрэй, вырваўшыся з ціскоў Саковіча, вавёркай кінуўся да куфра, дзе хутка адшукаў патрэбны дакумент.
Зірнуўшы на закладную, князь заскрыгатаў зубамі ад злосці.
— Сасноўскі выкарыстаў мой подпіс на мембране, які для перапіскі прасіў, — растлумачыў ён Саковічу, які цярпліва чакаў, склаўшы рукі на грудзях. — Ну, гэта так яму не мінецца!
Пасля выкрыцця ўжо не было сэнсу злоўжываць гасціннасцю гаспадара. Развітаўшыся, госці рушылі прэч. Майсеевіч, гучна просячы прабачэння ў князя за недагляд, накіраваўся следам…
Вывеўшы наведнікаў, ліхвяр вярнуўся. Зладзеявата азірнуўшыся, падышоў да вялікай скрыні, якая стаяла ў куце, і падняў века. Крэкчучы і ўздыхаючы, адтуль вылез мужчына і гучна чхнуў, наглытаўшыся пылу. Гэта быў Ян Сасноўскі.
— Мы, здаецца, дамаўляліся, Майсеевіч, што ты «забудзешся» пра тую закладную! — прыкрыкнуў ён на скурчанага ад страху яўрэя. — Што, убачыў Саковіча і ў штаны наклаў ад страху?
— Пан Саковіч — жахлівы чалавек, шаноўны пане, — важна адказаў Лазар, успомніўшы аб сваёй годнасці. — І не такога баязліўца, як я, напалохае… Але і ты, пане Ян, кляўся, што пра закладную ніхто, акрамя нас з табой, ведаць не будзе? Адкуль жа пан падкаморы пра яе даведаўся?
Аканом азадачана пачухаў рабаватай далонню патыліцу, але амаль адразу ляпнуў сябе па лобе.