— Здагадаўся! Магу паспрачацца, што гэта работа маладога Цадроўскага, — працадзіў ён праз сціснутыя ад злосці зубы. — У апошні час усё вакол мяне круціўся. Ну, шчанюк!
— А калі пан Цадроўскі даведаўся і пра іншыя нашы здзелкі? — зноў заныў Майсеевіч. — Пра тых трыста тысяч пазыкі, пра якія ты, шаноўны пане, вельмі прасіў мяне не гаварыць князю?
— Цішэй, — прашыпеў Сасноўскі.
Падышоў да акна — паглядзець, ці ніхто не падслухоўвае звонку, — потым да напаўадчыненых дзвярэй і, шчыльна прычыніўшы іх, вярнуўся да ліхвяра, які насцярожана сачыў за ім.
— Слухай мяне ўважліва, Майсеевіч, — сказаў ён. — Калі скажаш што на гэты конт князю, аканомам буду не я, а Саковіч. А гэты сатана табе спакою не дасць, бо ваша жыдоўскае кодла наскрозь бачыць… мусіць, таму, што яго продкі з тваімі за адным сталом мацу елі… Ты, відаць, забыўся, які спектакль ён табе з прывідам зладзіў, каб Кішчынскую камяніцу ў Вільні за бесцань купіць? Соў прыкарміў і два мяхі гадзюк у акно закінуў! Га?
Пан Ян гучна зарагатаў. Тоўстыя губы Майсеевіча абражана затрэсліся — страты ад выхадак пана Саковіча, якім, здавалася, не будзе канца-краю, ужо даўно стаялі яму папярок горла.
— Ну вось, — Сасноўскі пераможна зірнуў на яго. — Трыста тысяч, якія я ў цябе пазычыў, каб князь не заўважыў растраты, ты атрымаеш пазней — з працэнтамі, як і дамаўляліся… За выкарыстаны не па прызначэнні бланкер я таксама, дасць бог, апраўдаюся, — пасады Радзівіл мяне не пазбавіць. Усё будзе добра.
— Пан Адам хоча быць аканомам, а князь Багуслаў пана Адама вельмі любіць, — сказаў на гэта Майсеевіч.
— Любіць… — Пан Ян злосна скрыгатнуў зубамі. — А вось княжацкія ўраднікі, на наша з табой шчасце, Саковіча ненавідзяць. І ў Літве ён многім яснавяльможным панам як костка ў горле… Ты, галоўнае, цяпер памаўчы, а з князем я сам гаварыць буду! Добры пан павінен звяртаць увагу на меркаванне слуг, каб быў мір і спакой у яго ўладаннях.
Майсеевіч недаверліва ўздыхнуў, але пярэчыць не стаў.
Пакуль у доме ліхвяра працягваліся баталіі, Стаброўскі з Невяроўскім адкрыта нудзіліся. Каб пазабаўляць сябе, Самуль пачаў шпурляць снежкі ў мінакоў, а калі тыя з гучнымі праклёнамі азіраліся ў пошуках вінаватага, рабіў выгляд, што гэта не ён. Зрэшты, хутка гэтая хлапечая забава яму надакучыла, ды і марозік пачаў прыпякаць. На шчасце, дом шаноўнага яўрэя стаяў проста на рынкавай плошчы, дзе заўсёды было поўна народу і можна было сагрэць душу віном і пацешыцца цікавым відовішчам. Сёння публіку забаўляў вучоны мядзведзь, які танцаваў на задніх лапах пад цыганскі бубен. Нацешыўшыся прадстаўленнем і сагрэўшыся ў бліжэйшым шынку, сябры паспяшаліся назад, каб не прапусціць Радзівіла. Князя яшчэ не было, а каля дома Майсеевіча стаялі багатыя сані, каля якіх хадзіла надзвычай прыгожая жанчына. Стаброўскі разявіў рот.
— Якая прыгажуня! — захоплена сказаў ён. — Каралева!
Жанчына сапраўды была вельмі прыгожая. Высокая, зграбная, з вялікімі персямі, павабную круглявасць якіх не хавала нават зімовая вопратка. Яе чорныя як ноч бліскучыя валасы былі заплеценыя ў тоўстыя косы, што з-пад футравай шапкі чорнай лісы нібы змеі абвівалі выразны круглы твар. З-пад доўгіх пухнатых павек горда глядзелі на свет рашучыя чорныя вочы, поўныя вішнёвыя вусны вабілі да пацалунку. Была ў жалобе, але змрочны ўбор пасаваў ёй не горш за святочнае ўбранне, падкрэсліваючы высакародную белізну скуры і прыродную прыгажосць. Але ад яе паважнай паставы веяла такім холадам, што Ян, які любіў вясёлых рагатушак, толькі паціснуў плячыма.
— Ганарлівая, як пава, — сказаў ён. — Яшчэ замужам у дадатак.
— Удава, — сказаў Стаброўскі, намякаючы на жалобную вопратку жанчыны, і, паглядзеўшы на яе легкадумны крой, упэўнена дадаў: — Але да гэтага часу хоча выйсці замуж.
— Усё адно такая прыгажуня не для нашага брата, — цягнуў сваё Невяроўскі. — Ды сам паглядзі: ніхто, акрамя цябе, на яе не вытарашчваецца!
Але гэта было не так. Усе мужчыны, якіх справы занеслі раніцай на рынкавую плошчу, аж шыі скручвалі, каб лепш разглядзець такую пані, а адзін з радзівілаўскіх аканомаў — пан Румскі, што ўжо размяняў шосты дзясятак, — убачыўшы яе, выпусціў з рук нейкія паперы і цяпер, нецярпліва стукаючы палкай па застыглым бруку, прыспешваў слуг, каб іх сабралі. Сам не мог сагнуцца праз хворую паясніцу. Прыгажуня, вядома ж, заўважыла, якое зрабіла ўражанне. Яна прыняла ўсе праявы ўвагі з каралеўскай абыякавасцю, хоць было відаць, што такая ўвага прыемная яе жаночаму самалюбству. Заўважыўшы захоплены позірк Самуля, ледзь прыкметна яму ўсміхнулася, але тут жа адвяла вочы.