Выбрать главу

— Ты бачыў! — Стаброўскі пераможна паглядзеў на Яна і ад радасці падскочыў.

— Бачыў, бачыў, — Невяроўскі моцна сціснуў руку таварыша. — Ды супакойся, бо яшчэ штаны ад радасці згубіш.

Але доўга радавацца нечаканаму шчасцю Самулю не прыйшлося. З дома выйшлі Радзівіл і пан Саковіч, якіх суправаджаў сагнуты ў тры пагібелі Майсеевіч. Ён бесперапынна кланяўся і за нешта горача дзякаваў. Убачыўшы прыгажуню, Адам пакінуў Багуслава пра нешта дамаўляцца з ліхвяром, закруціў вусы і з асаблівай ўсмешкай, якая бывала на ягоных вуснах толькі пры з’яўленні прыгожай жанчыны, пайшоў проста да яе. Абыякавасць напышлівай пані кудысьці падзелася. Звонка засмяяўшыся на нейкі жарт падкаморага, яна падала Адаму руку, але Саковіч нязмушана абхапіў жанчыну за стан і прыціснуў да сябе.

У Невяроўскага ўжо круцілася на языку нейкая гульня слоў, але хлопец стрымаў сябе, прыгледзеўшыся да няшчаснага твару Стаброўскага. Але Самуль маўчаць не збіраўся.

— Што ён сабе дазваляе? — тузануўся хлопец, міжволі сціснуўшы рукаяць шаблі, якую ўпарта насіў, нягледзячы на тое, што яна не пасавала да яго французскага ўбору. — Ганьбіць на ўсю вуліцу прыстойную ўдаву!

— Можа, не такую ўжо і прыстойную? — з’едліва заўважыў Ян, таму што ў гэты момант жанчына жартаўліва пляснула Саковіча па руцэ, якая ўжо нацэлілася папраўляць прымятае пушыстае футра на яе грудзях, а той у адказ упіўся ёй у вусны гарачым пацалункам.

— Што робіць, нягоднік… — Стаброўскаму, здавалася, не хапіла слоў. — Ну, нічога, мы яшчэ ўбачым, каго яна абярэ!

— Ты звар’яцеў? — Ян глядзеў на прыяцеля, як на цяжкахворага чалавека. — Яна ўжо выбрала!

Самуль павярнуў да таварыша разгарачанае ад гневу аблічча, і жорсткая сварка іх бы не амінула, калі б не Багуслаў, што якраз падышоў.

— Пра што вы спрачаецеся? — пацікавіўся ён.

— Вунь Саковіч зусім сорам страціў і пераследуе паважаных жанчын сярод белага дня, — паскардзіўся Стаброўскі, тыцнуўшы пальцам у бок пана падкаморага і яго прыгажуні.

Радзівіл паглядзеў і здзіўлена свіснуў.

— Якая прыгажуня! Я зараз… Гэй, Адам!

Ён па-сяброўску памахаў Саковічу і паспяшаўся да яго. Невяроўскі ад рогату ўхапіўся за жывот.

— Знайшоў каму паскардзіцца, — адзначыў ён разгубленаму Самулю. — Ох, што зараз будзе…

Відавочна, Саковіч паведаміў жанчыне, хто да іх ідзе, таму што, узяўшыся за край сукенкі, яна сустрэла князя прыдворным рэверансам. Радзівіл, выслухаўшы нейкія Адамавы словы, спачатку разгубіўся, а потым галантна пацалаваў руку прыгажуні, узнагародзіўшы яе кампліментам. Жанчына гулліва апусціла вочы, а Саковіч у гэты час шматзначна паказаў князю кулак. На вялікае Янава здзіўленне, Багуслаў не раззлаваўся, а гучна зарагатаў, пасля чаго яны з Адамам пасадзілі жанчыну ў сані і, махнуўшы фурману, каб ехаў, вярнуліся да почату.

— Цяпер я разумею, каго ў тваім Зембіне мядзведзі сцерагуць! — весяліўся Багуслаў. — Прыгажуня! Неверагодная прыгажуня!

— Яшчэ адно слова, і мядзведзі будуць сцерагчы ў Менску, — змрочна прыгразіў Адам, якому было не да смеху. — Я добра ведаю, Богусь, што азначае гэты бляск у тваіх вачах, і прама табе кажу — нават не думай!

— Гэта мяне Стаброўскі збіў з панталыку, — супакоіў яго Радзівіл і дакорліва павярнуўся да слугі: — І пра што ты думаў, Самуль? Чаго б гэта чалавек не мог да ўласнай жонкі падысці?

Шляхціц нават збялеў.

— Жонка? — здзіўлена перапытаў ён у Невяроўскага і, атрымаўшы сцвярджальны адказ, застагнаў ад адчаю і ярасці.

Яго настрой зусім не палепшыла і тое, што Багуслаў жартам пачаў пераказваць Саковічу іх размову, якая Адама аж ніяк не развесяліла. На яго вуснах крывілася ўсмешка, але погляд заставаўся халодным, а вочы, што на многіх наводзілі жах, некалькі раз агледзелі Стаброўскага з галавы да ног.

Раздзел 10

ВЯЛІКАЕ КАХАННЕ СТАБРОЎСКАГА

Менск

(снежань 1644 года — студзень 1645 года)

Пасля такога адкрыцця Ян быў упэўнены, што Самуль і думаць забудзецца пра Адамаву жонку. Але, да яго вялікага непакою, прыгажосць пані Марыяны так моцна запала таварышу ў душу, што ён не мог думаць ні пра што іншае. А горш за ўсё — прымаў блізка да сэрца яе сямейныя клопаты, бо бурнае жыццё Саковіча, які зусім расперазаўся пасля вострай размовы Радзівіла з Сасноўскім, праходзіла ў яго на вачах.

— Дзе справядлівасць? — гучна наракаў Стаброўскі. — Мае такую прыгажуню-жонку, іншы б за шчасце лічыў хаця б да яе рукі дакрануцца, а сам з непатрэбнымі дзеўкамі ночы праводзіць!