Выбрать главу

— Ды табе што з таго? — не разумеў Ян. — Хай робіць што хоча.

— Князя нашага зусім пад сябе падгроб, — працягваў Самуль. — Мне пан Кахлеўскі сказаў, што Багуслаў хоча Саковіча галоўным аканомам у сваіх маёнтках зрабіць.

— Ды і нам жа нейкая пасада перападзе, — суцяшаў яго Невяроўскі, хоць, вядома, зусім не ўзрадаваўся такой навіне. — Калі зноў не прыйдзецца з яго княжацкай міласцю па Еўропе ганяць, пакуль у чужых краях галаву не складзём.

— Што мне пасада, калі я, яе атрымаўшы, перад тым сатаной павінен буду даваць справаздачу!..

Такія размовы працягваліся з дня ў дзень, да таго злапомнага вечара, калі Багуслаў прыдумаў запрасіць у госці некалькіх шаноўных паноў. Сярод іх быў і менскі ваявода, з чыёй жонкай Адам якраз круціў амуры. Ваяводзіна — вяртлявая бялявая рагатушка — таксама была тут. Убачыўшы палюбоўніка, што супраць сваёй звычкі з’явіўся на баль з жонкай, пачырванела і трохі пасмутнела. І было чаго! Зняўшы жалобу, якую насіла па нейкім нябожчыку-сваяку, пані Марыяна стала яшчэ прыгажэйшай. Пышны ўбор, што каштаваў маёнтка, падкрэсліваў не толькі яе хараство, але і высокае паходжанне, якое Тышкевічаўна ахвотна праяўляла грэблівым стаўленнем да ўсіх, акрамя мужа. Нават Невяроўскі рот раскрыў, як яе ўбачыў, а небарака Стаброўскі зусім аслупянеў. І яшчэ б доўга стаяў, як дурань, пасярод залы, загароджваючы праход іншым гасцям, калі б Ян адчувальным штурхалём не вярнуў яго да памяці. Пан Саковіч быў у добрым настроі і раздаваў направа і налева такія жарты, што госці аж жываты рвалі ад смеху. Нават прысутнасць вяльможных Тышкевічаў, з якімі меў не вельмі добрыя адносіны і з-за якіх, напэўна, узяў з сабой жонку, не магла азмрочыць яго настрою. Ян не любіў Адама, але міжволі залюбаваўся гэтай прыгожай парай, дзе муж і жонка дзівосна пасавалі адно аднаму. Гэта падкрэслівалі нават аднолькавыя адценні іх зялёнага адзення — любімага колеру пана Саковіча. Павіталіся з Багуславам, які, жадаючы бачыць Адама побач, і на гэты раз пасадзіў мужа і жонку злева ад сябе, надаўшы ганаровае правае месца кіеўскаму ваяводу Юрыю Тышкевічу. Іншыя Тышкевічы — родны брат пані Марыяны літоўскі крайчы Казімір, яе сваякі — мінскі земскі суддзя Філон і літоўскі скарбнік Ян Антоні, а таксама Крыштаф Завіша, муж яе сястры Катарыны, — селі адзін пры адным крыху далей. Невяроўскі са Стаброўскім апынуліся аж на другім баку стала побач з паважным радзівілаўскім слугой Пятром Кахлеўскім і панам Сасноўскім. Нягледзячы на добрае таварыства, размова ішла млява. Самуль больш глядзеў на пані Марыяну, чым гаварыў, а думкі пана Сасноўскага блукалі вакол пасады галоўнага аканома. Пацікавіўшыся ў Кахлеўскага, ці праўдзівыя чуткі, што прызначаны будзе Саковіч, і, атрымаўшы сцвярджальны адказ, ён пажаўцеў і завяў, страціўшы ахвоту да жартаў.

Калі пачаліся танцы, Стаброўскі, якому выпітае за вечар віно надало нахабства, запрасіў пані Саковічаву, у абыход яе мужа, у якога варта было б спытаць дазволу. Марыяна паглядзела на мужа, але заўважыўшы, што занятаму размовай з Радзівілам Адаму не да яе, пакрыўджана пагадзілася. Пасля першага танца быў і другі, і трэці… Хмельная сумесь віна і кахання дала ў галаву Самулю, і ён не заўважаў, што яго паводзіны ўжо даўно перайшлі мяжу прыстойнасці. Бачыў толькі сваю багіню, на якую звярталі захопленыя погляды ці не ўсе прысутныя мужчыны, і радаваўся таму, што такая прыгажуня адорвае сваёй увагай менавіта яго — непрыкметнага рабаватага курдупеля. Не разумеў, што магчымых сапернікаў утрымлівае ад заляцанняў зусім не яго несамавітая асоба, а толькі страх перад вострай шабляй пана Саковіча. І не звяртаў увагі на тое, што, ахвотна прымаючы яго заляцанні, пані Марыяна кідае вострыя погляды ў бок мужа, які ўпарта не звяртаў на яе ўвагі.

У рэшце рэшт Багуслава паклікалі з-за стала нейкія неадкладныя справы, і Саковіч, застаўшыся сам-насам з жончынымі сваякамі, пачаў ляніва азірацца навокал. Заўважыўшы Стаброўскага, які, адкінуўшы сорам, прыкіпеў да Марыяны, Адам павольна падышоў.

— Ідзі выпі, шаноўны пане, — з вусцішнай ветласцю параіў ён. — А я патанцую з жонкай.

Ён працягнуў руку Марыяне, якая шчасліва ўсміхнулася. Тоўстыя вусны Самуля пакрыўджана задрыжалі.

— Ты б з ёй у пасцелі танцаваў, — насмешліва параіў ён і, п’я-на ікнуўшы, дадаў: — А калі ночы са шлёндрамі праводзіш, дык не здзіўляйся, што нехта хоча хаця б днём каля тваёй жанчыны пабыць.

Марыяна страпянулася і так паглядзела на мужа, што, калі б гэты погляд меў сілу, ад Саковіча засталася б жменька попелу. Той, аднак, захоўваў спакой. Толькі чорныя вочы небяспечна бліснулі.