— Ты, Стаброўскі, думай, што кажаш, — павольна сказаў ён. — Жанчыны ж рыцарскіх жартаў не разумеюць.
У пакоі наступіла цішыня. Чуваць было, як на вуліцы грызуцца сабакі, якім слугі якраз вынеслі трохі мяса і костак. Спінай адчуўшы насмешлівыя позіркі гасцей, раз’юшаны Адам павярнуўся да Невяроўскага, які прыбег ратаваць таварыша, і, панізіўшы голас, які аж перарываўся ад гневу, загадаў:
— Яне, выведзі адсюль гэтага дурня, бо я…
Усё ж авалодаў сабой і, узяўшы пад руку жонку, у якой ужо стаялі слёзы ў вачах, вярнуўся за стол: танцаваць яму расхацелася.
— Ну, што ты, сэрцайка? — ласкава звярнуўся да яе Адам. — Той дурань з п’яных вачэй ляпнуў немаведама што, зайздросцячы, што жонкай такую прыгажуню маю. Ды калі б я прымаў так блізка да сэрца ўсё, што пра мяне плятуць, павінен быў бы слязьмі ўвесь свет заліць… Ты ж ведаеш, Мар’ясечка, што толькі цябе люблю!
— Ды ты так толькі кажаш, — усхліпнула жанчына. — А сам месяцамі дома не бываеш!
— Хіба я адзін? — страпянуўся Саковіч. — Вось спытай… хаця б і ў пана Кахлеўскага, як часта яны з жонкай спяць у адным ложку?
Кахлеўскі, што пачуў гэтыя словы, нахмурыўся, але, баючыся крывавай сутычкі, палічыў за лепшае падтрымаць небяспечнага буяна.
— Шчырая праўда, мая цудоўная міласцівая пані, — ён прыціснуў руку да сэрца. — Праклятая служба! Дзякую богу, калі атрымліваецца хоць бы раз на месяц завярнуць дадому, каб некалькі дзён пабыць з сям’ёй…
— Але я з сябе віны не здымаю, — Адам удзячна кіўнуў шляхціцу і сумна апусціў пакаянную галаву. — Бо ведаю, што вінаваты. Але ж, седзячы дома, ні добрых пасад, ні багацця не атрымаеш.
Марыяна выцерла слёзы і ўжо мякчэй паглядзела на мужа. Напэўна, Саковічу ўдалося б зусім супакоіць жонку, калі б Невяроўскі, што выцягнуў Стаброўскага ў сенцы, змог там яго затрымаць. Але Самуль вырваўся ад свайго выратавальніка і вярнуўся ў вялікую залу, дзе, убачыўшы, як Адам цалуе жонцы руку, пакрыўджана закрычаў:
— І чаго ты, пан падкаморы, за жонку ўчапіўся, ды яшчэ і на вачах у палюбоўніцы? Яна, бедная, і так з твару змянілася!
Ён няветліва тыцнуў пальцам у бок бледнай як смерць ваяводзінай, якая сапраўды кідала на палюбоўніка поўныя лютасці позіркі.
Некаторыя з прысутных, што ведалі пра гэтую сувязь, гучна засмяяліся. Пакрыўджаны ваявода пачырванеў як вараны рак, а яго жонка, пачуўшы такія абвінавачванні, з гучным крыкам звалілася без прытомнасці. Каля беднай жанчыны замітусіліся княжацкія слугі, спрабуючы прывесці яе ў змыслы.
— Што ты, дурань, кажаш? — раўнуў абураны ваявода, які, вядома, нічога не ведаў пра жончыны амуры. — Яна ж дзіця чакае…
— Не бойся, не ад цябе, — супакоіў яго Самуль і крыкнуў па-над галовамі тых гасцей, што сабраліся каля яго і ўгаворвалі супакоіцца: — Хіба тваёй выбітай адвагі, Саковіч, хапае толькі на тое, каб да замужняй жанчыны цішком лезці, а на вачах у мужа адступаеш?
Ваявода, не памятаючы сябе ад такой абразы, выхапіў шаблю, але на імгненне задумаўся, мяркуючы, супраць каго накіраваць зброю — супраць Адама, што, нягледзячы на гвалт, дэманстратыўна піў піва і захоўваў паказны спакой, альбо супраць Стаброўскага, які і далей малаціў языком. Усё вырашылі Тышкевічы. Іх не трэба было доўга пераконваць у вінаватасці зяця. Яны ўсе як адзін усталі і, гудучы як чмялі нешта пра гонар роду, грознай сцяной рушылі на Саковіча.
— Я яго ўсё ж заб’ю, — нібы да сябе сказаў Адам і, адсунуўшы паўпусты кубак, ускочыў на ногі.
Праз імгненне ў пакоі ажно бліскала ад аголеных шабляў. Тышкевічы разам з пакрыўджаным ваяводам дружна насядалі на Саковіча, які адступіў да сцяны, але не нападаў і, сціснуўшы шаблю ў руцэ, насцярожана пераводзіў погляд з аднаго раз’юшанага твару на другі, аналізуючы сітуацыю. Пакуль працверазелыя ад нечаканасці госці разам з спалоханай Марыянай прасілі вяльможных паноў супакоіцца, на шчасце, вярнуўся Радзівіл. Убачыўшы, што адбываецца, ён кінуўся стрымліваць праціўнікаў, крыкнуўшы слугам, каб пільнавалі каля дзвярэй, разумеючы, што калі сутычка выйдзе за межы дома, спыніць яе ўжо будзе немагчыма. Слугі падышлі бліжэй, рыхтуючыся зачыніць дзверы па першым жа знаку князя, а той стаў паміж ворагамі, прыкрыўшы сабой Саковіча.
— Ну, чым я, панове, перад вамі правініўся, што вы ў маім доме бойку пачынаеце? — Багуслаў паспрабаваў суняць гасцей, і, пачуўшы, што Стаброўскі, нягледзячы на спробы Невяроўскага з Кахлеўскім яго супакоіць, і далей вярзе сп’яну, раззлаваўся не менш за Тышкевічаў.
— Выведзіце яго адсюль! — крыкнуў ён слугам. — Ды хай не трапляе мне на вочы, пакуль не працверазее. А як хмель сыдзе, я яму пакажу, як сваркі пачынаць у маім доме!