— Яне, — ціха сказаў юнак. — Ён мяне заб’е.
— А чаго ты чакаў? — ускінуўся Невяроўскі. — Вядома, заб’е!
Не саромеючыся, пачаў лаяць таварыша апошнімі словамі, але абураўся толькі таму, што вельмі перажываў за яго лёс. Стаброўскі не перашкаджаў прыяцелю галасіць, бо бачыў, што, сварачыся ўслых, Ян ліхаманкава шукае выйсце з безнадзейнага становішча.
— Што рабіць, Яне? — ціха ўсхліпнуў ён. — На паядынку я супраць таго сатаны не выдужаю. Уцячы? А куды?
— Ён цябе і з-пад зямлі дастане, — змрочна сказаў той. — Яшчэ і баязліўцам на ўсю Літву аславіць… Сядзі лепш тут. Саковіч у ад’ездзе, а калі і прыедзе, пад дахам у Радзівіла ладзіць паядынак не наважыцца. Ды і князь, дасць бог, паядынка не дапусціць. Я зараз жа паеду да Кахлеўскага і сам яго міласць буду пра гэта прасіць… Толькі, — ён ушчыльную падышоў да таварыша і балюча штурхнуў яго кулаком у жывот. — Ці трэба мне так пра цябе турбавацца, калі ты, выбраўшыся з бяды, зноў возьмешся за старое?
Стаброўскі пакачаў галавой.
— Я… я Саковіча цяпер дзесятай дарогай буду абыходзіць… я яму і слова насуперак не скажу, хоць бы і сам мяне пра гэта прасіў… Божа мой! Я яшчэ не нажыўся на свеце…
Ён апусціў галаву, і цяжкія кроплі слёз упалі адна за адной на каменную падлогу.
— Заставайся тут, — вырашыў Ян і, падышоўшы да куфра з адзежай, пачаў ліхаманкава нацягваць на сябе першае, што трапіла пад руку. — Вядома, князь Багуслаў сам заўзяты дуэлянт, і правілы гонару занадта блізка да сэрца прымае, але тут гаворка пойдзе не пра паядынак, а пра забойства. Гэта французы да першай крыві біцца на дуэлі могуць, а Саковіч калі возьмецца за шаблю, дык не для таго, каб веліччу душы выхваляцца.
Самуль згрыз вусны да крыві, душачы адчай. У рэшце рэшт, Невяроўскі з’ехаў. Цалкам давяраючы таварышу, Стаброўскі трохі супакоіўся, а паколькі ледзь трымаўся на нагах пасля перажытага хвалявання і бяссоннай ночы, то лёг спаць.
Прачнуўся ён апоўдні, і толькі таму, што нехта схапіў яго за кашулю і моцна патрос. Расплюшчыў вочы і адразу заплюшчыў, сутыкнуўшыся позіркам з халодным тварам чалавека, якога менш за ўсё чакаў тут убачыць.
— Я сплю, — супакоіў сябе Самуль і, сабраўшы волю ў кулак, прымусіў сябе прачнуцца.
Але гэта быў не сон — перад ім стаяў Саковіч… не, не ён, гэта сама смерць працягвала кастлявыя рукі да сваёй ахвяры. Шляхціц скурчыўся, таму што на яго раптам павеяла магільным холадам.
— Здароў, Саковіч, — ледзь паварушыў губамі Самуль, бо яго язык быццам прымерз да паднябення пад ледзяным позіркам ашмянскага падкаморага.
Адам скрывіў вусны ў адказ.
— Бывай, Стаброўскі, — амаль ласкава прамовіў ён, паклаўшы руку на рукаяць шаблі…
Невяроўскі заспеў Багуслава ўжо ў Даляцічах — радзівілаўскім маёнтку. Князь з таварыствам заехаў туды падмацавацца на зваротным шляху ад Кахлеўскіх і заадно даць выспятка тутэйшаму аканому, які, на думку князя, дрэнна выконваў свае абавязкі. Бледны як крэйда твар пана Лісоўскага, з якім Ян сутыкнуўся ў двары яго дома, дзе спыніўся Радзівіл, падказаў шляхціцу, што Багуслаў такі спраўдзіў свой намер. Адсунуўшы аканома, што да гэтага часу хапаўся за сэрца, Невяроўскі прайшоў у пакой. Князь быў не адзін. Зірнуўшы на яго суразмоўцу, які сядзеў тварам да дзвярэй, Ян са здзіўленнем пазнаў пана Альхоўскага — таварыша менскага ваяводы, якога ён бачыў на злашчасным абедзе ў Багуслава. Відаць, размова, з князем была занадта сур’ёзнай, таму што шляхціц раздражнёна паглядзеў на Невяроўскага і замоўк. Ян хацеў ужо выйсці, але Радзівіл павярнуў галаву і красамоўным кіўком загадаў сесці побач з сабой.
— Ну што я магу зрабіць? — раздражнёна сказаў ён, пакуль Невяроўскі ўладкоўваўся на лаве. — Гэта ж не Саковіч жадае паядынку з ваяводам, а ваявода хоча біцца з ім.
— Ваша княжацкая міласць! — заламаў рукі пан Альхоўскі. — Ну сам разваж, як можа сенатар заплюшчыць вочы на такое бязладдзе ў сваёй хаце! Ды з яго і халопы пасмяюцца, калі гонар свой не зможа абараніць!
— Ты, шаноўны пане, хочаш, каб я пераканаў пана падкаморага выйсці на паядынак з абражаным мужам і даць яму магчымасць прадзіравіць сябе наскрозь? — Радзівіл весела падміргнуў Яну, запрашаючы павесяліцца разам з ім. — Ну, добра, я ад твайго імя зраблю Адаму такую прапанову, але чамусьці сумняваюся, што ён на яе пагодзіцца…
Напэўна, пасланец ваяводы таксама ў гэтым сумняваўся, бо гучна ўздыхнуў.
— Словам, пане Альхоўскі, — падсумаваў князь. — Ваявода мудра паступіў, калі захварэў, і я б параіў яму хварэць і далей… А што да амураў Саковіча з яго жонкай, дык пан Адам іх адмаўляе.