Выбрать главу

— Але пан Стаброўскі зусім не жартаваў, калі шпурнуў пану падкамораму ў твар такія абвінавачванні, — запратэставаў шляхціц.

— Слова Стаброўскага супраць слова Саковіча… — Багуслаў гулліва развёў рукамі, намякаючы на вагі юстыцыі, шалі якой у рэшце рэшт замёрлі на аднолькавым узроўні. — Я б параіў ваяводу верыць таму, у каго шабля спрытнейшая.

Здаецца, пан Альхоўскі думаў гэтак жа, бо ўстаў і пачаў развітвацца. Калі за ім зачыніліся дзверы, князь адкінуўся на разьблёную спінку крэсла і бязгучна засмяяўся. Потым паглядзеў на Яна, твар якога нагадваў пасмяротную маску, і, успомніўшы, што не браў яго ў гэтую паездку, пацікавіўся, што той тут забыў.

Уздыхнуўшы, Невяроўскі пачаў свой аповед. Слухаючы, князь не стрымліваў эмоцый, і калі юнак нарэшце змоўк, стаў шэрым як дажджавая хмара.

— А што б ты, Яне, зрабіў на месцы Саковіча? — нарэшце спытаў Багуслаў з тым жа забойчым спакоем, з якім звычайна сам выходзіў на паядынак.

— Я?

Шляхціц падскочыў, пакрыўджаны, таму што князь выказаў здагадку, што ён мог бы калі-небудзь апынуцца на месцы Адама, але адказаць так і не змог, і разгублена змоўк. Радзівіл таксама маўчаў, перабіраючы пярсцёнкі на пальцах.

— Не ўмешваюся, — нарэшце сказаў ён. — Саковіч мяжу законнасці не пяройдзе, а Стаброўскі для абароны мае шаблю. Хай іх бог рассудзіць… У рэшце рэшт… — уздыхнуўшы, дадаў ён, убачыўшы, што Невяроўскі імкнецца нешта сказаць. — Ні ты, ні я тут ужо нічога не зробім: Адам яшчэ ўчора ці найпазней сёння павінен вярнуцца ў Менск…

Раздзел 11

БЛАГІ МІР ЛЕПШЫ ЗА ДОБРУЮ ВАЙНУ

Менск

(студзень 1645 года)

Скрозь салёны туман, што засцілаў вочы, Невяроўскі глядзеў на заліты крывёй твар Стаброўскага, галава якога чамусьці ляжала асобна ад цела. Заўважыў вантробы, што вываліліся на зямлю з распоратага жывата, і, заціснуўшы рот, бо да горла ўжо падступала, адвярнуўся. Хтосьці са слуг падышоў бліжэй і прыкрыў скрываўленыя парэшткі таго, хто пры жыцці зваўся Самуль Стаброўскі, пакрывалам…

Багуслаў не бачыў цела. Даведаўшыся пра паядынак яшчэ дарогай у Менск ад пана Сасноўскага, які выехаў яму насустрач, ён развярнуўся і панёсся проста да дома Саковіча. Злы як шэршань, князь віхурай уляцеў у пакой, які служыў спальняй гаспадарам дома, і здзіўлена спыніўся на парозе.

Каля абкладзенай кафлямі печы, дзе ярка палаў агонь, у вялікіх драўляных начоўках задаволена плёскаўся Саковіч. Яго жонка стаяла побач і, паліваючы вадой з вялікай конаўкі мужаву галаву, пяшчотна лашчыла яго валасы. Яе брат — літоўскі крайчы Казімір Тышкевіч — стаяў каля акна і гучна рагатаў з нейкага жарту Адама, а ўздоўж сцяны выцягнуліся слугі, трымаючы напагатове хто ручнікі, хто чыстую кашулю. Убачыўшы Радзівіла, Тышкевіч перастаў рагатаць і выступіў наперад.

— Гэта быў сумленны паядынак, — заявіў ён, не даўшы князю і рота раскрыць. — Я сам таму сведка, і калі справа дойдзе да суда, я і ўвесь мой род будзем бараніць на ім інтарэсы нашага зяця. І калі б не Адам адправіў на той свет вырадка, які ўзвёў на яго страшны паклёп, каб дамагчыся ўзаемнасці ў яго жонкі, а потым яшчэ і ледзь не згвалціў маю сястру, я б сам… уласнай рукой…

Ён з усіх сіл ударыў рукой паветра, паказваючы, што б зрабіў з няшчасным Стаброўскім, калі б таму раптам пашанцавала ў сённяшнім паядынку.

— Дзякуй, браце, — падаў голас Саковіч, які ўжо пакінуў купель і, узяўшы ручнік у пакаёвага, пачаў абцірацца.

Багуслаў слізгануў позіркам па яго голым целе, на якім не было ніводнай драпіны, і спыніўся на залітай крывёю Стаброўскага вопратцы, што ляжала на падлозе. Адам, прасачыўшы за ім, цяжка ўздыхнуў.

— Гэта рана ці позна павінна было адбыцца, мон прэнс, — сказаў ён. — Да гэтага часу я Стаброўскаму ўсе выхадкі дараваў. Калі ён яшчэ ў леты не ўвайшоў, стрымліваў сябе тым, што калі дзіця заб’ю, то сабе не гонар, а ганьбу атрымаю. Потым, калі хлопец падрос, гаварыў сабе, што калі з дурнем звяжуся, то сам дурнем буду. Нават калі цярпення бракавала, усё ж трываў, каб не засмучаць тваю міласць… Але сёння нават майму анёльскаму цярпенню прыйшоў канец. І ты б на маім месцы зрабіў бы таксама!

— Я? — аж перасмыкнуўся Багуслаў. — Я ўсім сваім сапернікам жыццё дараваў, хоць і не ўпэўнены, ці былі б яны да мяне такімі паблажлівымі…

Саковіч спачувальна паглядзеў на яго.

— Добрае ў цябе сэрца, мон прэнс, — сказаў ён так, нібы звяртаўся да цяжка хворага чалавека. — А я нічога не раблю напалову, прывык усе справы даводзіць да канца…

Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але не паспеў, бо, бразнуўшы дзвярыма, у пакой забег Невяроўскі, сціскаючы ў руцэ аголеную рапіру. Растрапанае адзенне, раскудлачаныя валасы і яшчэ не высахлыя слёзы сведчылі, што смерць сябра ўразіла Яна ў самае сэрца.