Выбрать главу
х х х

Невяроўскі прасядзеў пад вартай некалькі дзён, упарта не жадаючы адрачыся ад намераў біцца з Саковічам. Затым прыбылі сваякі Стаброўскага, якія хацелі забраць яго цела, і Радзівіл павінен быў адпусціць Яна развітацца з таварышам. Князь быў злы і раздражнёны, бо перад гэтым тлумачыў забітаму горам бацьку Самуля, што здарылася з яго сынам.

— Яне, паедзеш са Стаброўскімі і будзеш прадстаўляць маю асобу на пахаванні, — загадаў ён, хаваючы вочы, бо місію цяжка было назваць прыемнай. — І без глупстваў, прашу цябе, — дадаў, панізіўшы голас. — Не хацелася б мне яшчэ і цябе ў вечны шлях праводзіць.

Невяроўскі ў адказ буркнуў нешта незразумелае. Ён выглядаў Саковіча, але Адам у развітальных урачыстасцях, вядома, не ўдзельнічаў і пасля паядынку наогул не трапляў князю на вочы. Збіраўся адбыць у Зембін, пра што паведаміў Багуславу Ян Цадроўскі — адзіны, хто бачыўся з ашмянскім падкаморым пасля трагічнай падзеі. Радзівіл адчуваў сябе здраджаным.

— Вось што Саковіч за чалавек такі! — паскардзіўся ён пану Пуцяту. — Павінен разумець, што я, адступіўшыся ад свайго абяцання, не так яго, як сябе караю, бо не маю кім замяніць таго ліса Сасноўскага.

Пан Пуцята, якога прызначэнне ашмянскага падкаморага галоўным аканомам зусім не цешыла, цалкам падтрымліваў князя. Але Багуслаў не адчуваў патрэбы ні ў падтрымцы, ні ў суцяшэнні. Ён наўмысна адпраўляў Невяроўскага далей, каб трохі астудзіць яго ваяўнічы запал і вярнуць да свайго двара Адама, без якога не мог і не хацеў абыходзіцца ў гэтых бедных на забавы краях. Развітаўшыся са Стаброўскім, Радзівіл замкнуўся ў сябе ў пакоях, абдумваючы шляхі прымірэння ворагаў і шчыра спадзеючыся, што яго сяброўства з Саковічам пераважыць абразу за страчаную пасаду. У гэтыя разважанні час ад часу ўрываўся нейкі шум звонку. Багуслаў імкнуўся не звяртаць на яго ўвагі, перакананы, што гэта сям’я Стаброўскіх, аплакваючы смерць Самуля, не стамлялася пагражаць забойцу. Але ад гучных слоў, якімі часта сыпала шляхта, звычайна было далёка да справы. Радзівіл не збіраўся сваім умяшаннем правакаваць ворагаў на высвятленне адносін. Толькі калі шум на вуліцы ўзмацніўся так, што яго немагчыма было ігнараваць, Багуслаў падышоў да акна. Расчыніўшы яго, з прыкрасцю ўбачыў натоўп, які сабраўся перад ганкам. Пазнаўшы Ферха і Цадроўскага, што намагаліся прымусіць слуг маўчаць, але самі гучна смяяліся, князь зрабіў сябрам знак падняцца да яго.

— З якой нагоды гэты соймік? — незадаволена спытаў, калі абодва з’явіліся ў яго спальні.

Рыхард хацеў быў адказаць, але зашыпеў ад болю, таму што Цадроўскі наступіў яму на нагу падбітым жалезам абцасам.

— Здарылася тое, што павінна было, міласцівы князь, — спакойна сказаў Ян, пакуль сябар, танцуючы на адной назе, спрабаваў сабрацца з думкамі. — Невяроўскі выклікаў на паядынак пана Саковіча.

Багуслаў адчуў, што зямля захісталася пад яго нагамі і цяжкі камень падышоў да горла.

— Як? — ускрыкнуў ён. — Я ж загадаў табе, Рыхард, не зводзіць з яго вачэй!

— Ды я і не зводзіў, — растлумачыў, хваравіта моршчачыся, шляхціц. (Цадроўскі не разлічыў сілы.) — Там, мансеньёр, такая камедыя выйшла… Як труну з целам няшчаснага Самуля ўжо паклалі на воз і мелі рухацца, на бяду са свайго дома выехаў Саковіч — не ведаю, куды ён там сабраўся. Стары Стаброўскі, убачыўшы забойцу сына, вядома, сустрэў яго адборнымі праклёнамі, і Невяроўскі маўчаць не стаў. Слова за слова — выцягнуў рапіру і, перш, чым мы паспелі яму перашкодзіць, кінуўся на пана Адама…

— …Не даўшы яму ў сваю абарону і слова сказаць, — хутка ўставіў Цадроўскі. — Вядома, пану падкамораму прыйшлося бараніцца… Ой!

Ян запнуўся, таму што прыяцель вярнуў яму доўг, з усіх сіл наступіўшы на нагу.

— Словам, міласцівы князь, выйшаў не паядынак, а камедыя, — працягнуў Ферх, помсліва ўсміхнуўшыся. — Саковіч адным спрытным ударам выбіў у Невяроўскага з рук рапіру, а калі той працягваў пагражаць, зусім ашалеў. Загадаў Яну падняць зброю і біцца. Я крычаў, што гэта не па правілах, калі шабля супраць рапіры, але мяне, вядома, ніхто не слухаў… Невяроўскі падняў, але, абараняючыся, выпусціў зноў. Саковіч зноў загадаў яму падняць рапіру і зноў выбіў яе з Янавых рук…

— Ды ці скончыш ты нарэшце, мучыцель? — крыкнуў Багуслаў. — Дзе Ян? Што здарылася з Невяроўскім?

— Ды што з ім магло здарыцца? — здзівіўся Ферх. — Залізвае недзе свой сорам, бо Саковіч на гэты раз падняў яго зброю сам і загадаў нашаму няўдачніку ісці прэч. А паколькі свой язык пан падкаморы на прывязі не трымаў, то пасля такой ганьбы Яну хоць добраахвотна ў пятлю лезь!