Выбрать главу

— Пан падкаморы выявіў нечуваную высакароднасць, бо Невяроўскаму жыццё падарыў, — сказаў Цадроўскі. — А мог бы і забіць!

— Ды такая міласэрнасць горшая за смерць! — абурыўся Рыхард. — 3 нашага Яна цяпер і дзеці смяюцца: палова Менска бачыла яго ганьбу, а тым, што не бачылі, раскажуць. Нават не ведаю, як цяпер ты, міласцівы князь, будзеш трымаць яго на службе.

— Даволі! — Багуслаў злосна ўдарыў кулаком па стале. Слугі змоўклі, і князь працягнуў ужо спакайней. — Калі Невяроўскі хацеў выставіць сябе на пасмешышча, яму, несумненна, гэта ўдалося. Што хацеў, тое і атрымаў, хай спажывае! А каго трымаць у сябе на службе, вырашаю я сам і ніхто іншы… Дзе Ян? — спытаў ён зусім сціхлага Ферха.

Невяроўскага Радзівіл знайшоў на стайні. Мяркуючы па прыгнечаным выглядзе сябра, той быў гатовы хоць лезці ў пятлю, хоць тапіцца, і калі затрымаўся на белым свеце, дык толькі каб выбраць спосаб, якім з яго сысці. Князя ён прывітаў такім няшчасным поглядам, што Багуслаў, які збіраўся даць слугу добрую прачуханку, перадумаў.

— Я, здаецца, загадаў табе ехаць да Стаброўскіх, — незадаволена сказаў ён. — Чаму ты да гэтага часу тут?

Невяроўскі толькі ўздыхнуў.

— І навошта табе такі няўклюда, як я, міласцівы князь? — ціха спытаў ён. — Ганьбіць тваё добрае імя?

Каб вытрасці з галавы таварыша благія думкі, Радзівіл схапіў яго за плечы і моцна таргануў.

— Ды ачніся ты нарэшце, Яне! — загадаў ён. — Хопіць румзаць як дзеўка!.. Што было, тое было. Пра Саковіча забудзься — гэта Стаброўскі з ім варагаваць захацеў і за сваё глупства жыццём расплаціўся. Табе на той свет няма чаго спяшацца. А калі нейкага «добразычліўца» развесяліць твая слава, дай яму як след кулаком у морду, каб зубы яшчэ доўга збіраў, — гэта я табе дазваляю.

Ян недаверліва паглядзеў на яго і збянтэжана ўсміхнуўся. Багуслаў з палёгкай уздыхнуў, зразумеўшы, што найгоршае мінула.

— Ну, усё, — сказаў ён, паляпаўшы таварыша па плячы. — Едзь!

х х х

Нечаканая сутычка з Невяроўскім прымусіла Саковіча адкласці вяртанне ў Зембін. Яшчэ яму давялося перажыць некалькі непрыемных хвілін у таварыстве старога Стаброўскага, але той, як і прадказваў князь, хоць і гучна пагражаў пану падкамораму ўсімі зямнымі і нябеснымі карамі, да справы не перайшоў. Куды больш непрыемнай выдалася сустрэча з Янам Сасноўскім, чый трыумфальны выгляд увасабляў балючую паразу Саковіча ў барацьбе за пасады.

— Не думаў, што ты так любіў Стаброўскага, што аж прыкіпеў да яго ля магілы, — холадна заўважыў пан падкаморы ў адказ на заяву аканома, што з’язджае, каб узяць удзел у пахавальных урачыстасцях.

— Ты мяне дзівіш, шаноўны пане, — адказаў Сасноўскі, які насалоджваўся паразай саперніка. — Прызнаюся, я быў несправядлівы да нябожчыка, калі лічыў яго ні на што не здатным утрыманцам. Цяпер добра разумею, што сваёй пасадай я менавіта яму маю быць удзячным.

Гэта быў удар не ў брыво, а ў вока, і Саковіч менавіта так яго і ўспрыняў, бяссільна заскрыгатаў зубамі. Пан Ян засмяяўся, задаволены сабой.

— Дарэчы, — сказаў ён, — перадай Цадроўскаму, які, здаецца, не так князю, як табе служыць, каб трымаўся ад мяне далей. Мне цяжка будзе пазбыцца спакусы ўчапіцца яму ў горла.

Ён пагрозліва хруснуў шурпатымі пальцамі перад носам у Адама, дэманструючы іх сілу.

— Зрабі ласку, — паморшчыўся ў адказ Саковіч. — Багуслаў мне смерці Стаброўскага не прабачыў, хоць і не надта любіў нябожчыка, а вось Цадроўскага ён любіць і паважае. Таму пасля тваіх пагроз я, мабыць, параю Яну далажыць пра іх князю. А тады і паглядзім, ці доўга ты будзеш панскі хлеб есці.

Сасноўскі быў дастаткова разумным чалавекам, каб уявіць сваю невясёлую будучыню без княжацкай ласкі.

— Што табе з таго, пане падкаморы? — буркнуў ён. — Радзівіл можа прагнаць мяне са службы, але табе ўсё роўна ўпраўляючым не быць.

— Не быць, — лёгка пагадзіўся Саковіч. — Але я магу загладзіць сваю віну перад панам Рэчыцкім, дапамогшы вярнуць яму пасаду, якую ён страціў маімі стараннямі. Заадно і сваё сумленне супакою… Дык што скажаш, пане Яне? — падміргнуў ён прыгаломшанаму такім дэмаршам Сасноўскаму. — Ці не рана пачаў святкаваць перамогу?

Аканом ужо зразумеў, што рана, і яго трыумфальная ўсмешка кудысьці знікла. Ён доўга разгублена маўчаў, а потым глыбока ўздыхнуў, прызнаючы паразу.

— Я буду плаціць табе пяць тысяч за кожны год свайго знаходжання на пасадзе, — падумаўшы, прапанаваў ён. — Думаю, пан Рэчыцкі такім шчодрым не будзе. Што скажаш?

Саковіч з павагай паглядзеў на саперніка. Пачынаючы размову, ён і не думаў пра грошы, але такой прапановай грэх было не скарыстацца.