Выбрать главу

— Дзесяць наперад, — вырашыў ён. — Калі, вядома, хочаш, каб я пазбавіўся спакусы правесці рэвізію тваіх выдатных дзеянняў за час непасільнай службы.

Пан Ян у думках з палёгкай перахрысціўся. «Яшчэ як мінімум год на пасадзе аканома я сабе забяспечыў, — падумаў ён. — Вядома, гэты сатана ад мяне не адчэпіцца і барацьбы за пасаду не пакіне, затое зробіць усё, каб яна іншым не дасталася. А яшчэ, здаецца, я магу спаць спакойна, бо Саковіч наўрад ці быў бы такі лагодны, каб ведаў пра трыста тысяч, якія я прысвоіў…»

— Я перадам грошы твайму аканому, — услых сказаў ён пасля доўгіх фальшывых ваганняў і таргоў.

Пан Адам, вядома, не ведаў, што робіцца ў галаве Сасноўскага, але меў дастаткова розуму, каб амаль пра ўсё здагадацца.

— Ну, трымайся, Богусь, — сказаў ён сабе. — Твой былы аканом быў злодзеем і дурнем. А цяперашні яшчэ горшы, бо ён, безумоўна, злодзей, калі пагадзіўся плаціць мне столькі, колькі сам атрымлівае за год сумленнай службы. Злодзей, але, чорт пабірай, не дурань!

х х х

Пасля ад’езду Невяроўскага Саковіч зноў пачаў бываць на радзівілаўскім двары, дзе адчуваў сябе так свабодна, быццам ніякага Стаброўскага і на свеце не было. Князь нарэшце пакінуў абрыдлы Менск і перабраўся ў Слуцк. Багуслаў меў намер перагледзець гаспадарчыя паперы — на неабходнасць гэтага яму настойліва намякаў Адам — але не паспеў. Кузэн Януш, які нарэшце ўзгадніў з кіеўскім мітрапалітам і малдаўскім гаспадаром усе шлюбныя клопаты, даслаў запрашэнне на вяселле.

Раздзел 12

ДРУГОЕ ВЯСЕЛЛЕ ЯНУША РАДЗІВІЛА

Ясы

(люты 1645 года)

Другога лютага пышны картэж Януша Радзівіла, які налічваў каля дзвюх тысяч чалавек, набліжаўся да Ясаў — сталіцы Малдаўскага гаспадарства. Прыцярушаныя снегам схілы гор удалечыні дыхалі спакоем, які перадаўся і княжацкаму поезду, у якім не было чуваць ні вясельных спеваў, ні музыкаў. Доўгая небяспечная дарога змарыла падарожнікаў. Да малдаўскай мяжы ад польскіх Бродаў князя на выпадак магчымага татарскага нападу, акрамя яго ўласных драгунаў і чатырох сотняў пяхоты, суправаджаў яшчэ і ўзброены эскорт гетмана Канецпольскага, а на землях Малдавіі высокага госця сустрэла войска тамтэйшага гаспадара — перасоўвацца па спустошанай баярскім самакіраваннем краіне было не менш небяспечна, чым па Дзікім полі. Януш ехаў у санях з брадэнбургскім і курляндскім пасламі, якія замянялі на вяселлі сваіх валадароў — курфюрста Фрыдрыха Вільгельма і маладога князя Курляндыі Якуба Кетлера, — а таксама са сваім улюбёнцам панам Янам Мяржынскім, прыхільнасць да якога ўспадкаваў ад бацькі. Шляхціц ужо наведваў Малдавію, каб уручыць ад князя нявесце пярсцёнак і багатыя падарункі ўсёй сям’і гаспадара, і цяпер забаўляў таварыства апавяданнямі пра валашскія звычаі. Акрамя жартаў, гаварылася і пра важныя рэчы, таму калі дыпламатычную гутарку абарваў кінуты кімсьці ком снегу, абураны Януш ускочыў і пачаў азірацца ў пошуках крыўдзіцеля. Наступны камяк збіў з галавы шапку. Толькі тады князь убачыў румянага ад марозу кузэна Багуслава, які, стаміўшыся ад нуднай дарогі, перасеў у сядло, каб трохі пацешыцца.

— Развесяліся, брат! — крыкнуў той, абтрасаючы з рукавіц снежны пыл. — Ты больш падобны да ахвярнага ягняці, якому вось-вось павінны пусціць кроў, чым да шчаслівага жаніха!

— Ты з глузду з’ехаў? — злосна рыкнуў Януш, перакрыкваючы гучны смех брата памерлай жонкі — Пятра Патоцкага, якому выпаў высокі гонар прадстаўляць на вяселлі польскага караля. — Паводзіш сябе, як просталюдзін… Глябовіч, і ты туды ж? — ен дакорліва паглядзеў на швагра, які весела гарцаваў побач з Багуславам і ляпіў наступны сняжок, каб пачаставаць ім аднаго з вяльможных паноў.

— І што з таго, князь? — здзівіўся Юрый. — Не на пахаванне ж едзем, на вяселле!

Шляхта весела засвістала, пагаджаючыся. Дзесьці ззаду радасна ўдарылі музыкі, якія ўсю дарогу маўчалі, бо Катарына Глябовічава скардзілася на невыносны шум. Яе падтрымала Марыяна Саковічава, якую Адам павінен быў узяць з сабой, каб канчаткова залагодзіць сямейную сварку. Жанчыны выдатна паразумеліся — абедзве былі высакароднымі ганарыстымі прыгажунямі, абедзве выйшлі замуж з вялікай любові за мужчын, няроўных сабе, таму мелі аб чым пагаварыць дарогай. Катарына, чые сані ехалі ўслед за братавымі, запатрабавала ў мужа паводзіць сябе годна і адразу паплацілася.

— А ну, падсып жонцы сняжку, Юрый! — смеючыся, прапанаваў Багуслаў. — Хай трохі астыне!